viasna on patreon

Праваабаронцаў у Беларусі цкуюць як дысыдэнтаў у СССР

2008 2008-08-05T17:59:30+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёньня ў Менску прэзэнтавалі Справаздачу Абсэрваторыі па абароне правоў праваабаронцаў. “Абсэрваторыя” — супольная інфармацыйная праграма, якую каардынуюць Усясьветная арганізацыя супраць катаваньняў і Міжнародная фэдэрацыя за правы чалавека. Справаздача за 2007 год вызначаецца тым, што пры аналізе сытуацый кожнай з краін акрэсьлены палітычны кантэкст парушэньняў правоў праваабаронцаў. У прэзэнтацыі справаздачы ў Менску ўзяла ўдзел сябра рады Ўсясьветнай арганізацыі супраць катаваньняў Цінацін Хідашэлі. Яна лічыць, што галоўная роля гэткіх справаздачаў — інфармаваць грамадзкасьць: “Калі рэжым на месцы, то натуральна, што калі нехта нешта напісаў, дасьледаваў, выкрыў, гэта нічога ня значыць для рэжыму — бо рэжым лепш за іншых ведае, калі ён і што парушае. Але ўсё гэта мае значэньне для тых, хто працуе ў гэтай сфэры. Калі ўсе гэтыя выпадкі даходзяць да Страсбурскага суду, то гэта мае вельмі вялікае значэньне”. У разьдзеле, прысьвечаным беларускай сытуацыі, адзначаецца працяг рэпрэсіяў супраць тых, хто змагаецца за дэмакратыю і правы чалавека. Незарэгістраваны праваахоўны цэнтар “Вясна” зафіксаваў 617 выпадкаў затрыманьня такіх людзей з далейшым судовым перасьледам. Часьцей за ўсё затрымлівалі на мітынгах і дэманстрацыях. Сытуацыя з праваабарончымі арганізацыямі ў Беларусі пагаршаецца – зазначаецца ў справаздачы. Асноўная праблема — немагчымасьць зарэгістравацца. Яшчэ ў 2003 годзе была зьліквідаваная большасьць праваабарончыя арганізацыі. На сёньняшні дзень легальны статус маюць толькі Беларускі Хэльсынскі камітэт і Беларуская асацыяцыя журналістаў, кажа юрыст Валянцін Стэфановіч: “У 2003 годзе ўлады выціснулі праваабарончыя арганізацыі за межы легальнай дзейнасьці. Гэта пацягнула за сабой ня толькі страту легальнай працы, але і выцісканьне з публічнага жыцьця, бо існуе забарона для СМІ асьвятляць дзейнасьць незарэгістраваных арганізацый. Апроч таго, для праваабарончых арганізацый была вельмі істотнай магчымасьць афіцыйна зьвяртацца ў дзяржаўныя ўстановы ад імя няўрадавай арганізацыі па тлумачэньні адносна нейкіх пытаньняў, якія закранаюць правы грамадзянаў”. На думку праваабаронцы Алеся Бяляцкага, дзеяньні ўладаў у дачыненьні да праваабаронцаў сёньня нагадваюць савецкае цкаваньне дысыдэнтаў. З аднаго боку, няма нармальных умоваў працы. З другога, у дзяржаўных СМІ — хваля тэлесюжэтаў і друкаваных матэрыялаў, якія дыскрэдытуюць дзейнасьць праваабаронцаў. З трэцяга — здараюцца спробы псыхалягічнага ўзьдзеяньня. Прыкладам, пасьлядоўныя затрыманьні пры перасячэньні мяжы краіны, каб скласьці пратакол на незразумелых падставах. Прыклады пералічвае Алесь Бяляцкі: “На падставе даручэньня старэйшага зьмены”, “на падставе службовай інфармацыі”, “на падставе артыкулу 293 Мытнага кодэксу”, “на падставе даручэньня праваахоўных органаў”, “на падставе даручэньня памежных войскаў”. Фантазія працуе... Відавочна, што памежнікі разам з ДАІшнікамі, разам з вайсковымі сіламі, якія працуюць з моладзьдзю, уцягваюцца ў сумесны перасьлед іншадумцаў”. Найбольш распаўсюджаныя абвінавачаньні ў бок беларускіх праваабаронцаў, адзначаецца ў Справаздачы, — гэта “хуліганства”, “брыдкаслоўе ў грамадзкім месцы” і “зьнявага дзяржаўнага служачага”. Паводле адпаведных артыкулаў Адміністратыўнага кодэксу гэта цягне за сабой штрафы ці арышты на тэрмін да 15 сутак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства