У Беларусі спрабуюць легалізавацца "нацыянал-бальшавікі"
"Нацболы" спрабуюць легалізавацца ў Беларусі. Днямі ў Мінску прайшоў устаноўчы сход новай рэспубліканскай грамадскай арганізацыі "Новая бальшавіцкая платформа". Яна мусіць стаць легальным прыкрыццём для "нацыянал-бальшавікоў" у нашай краіне.
Паведамляецца, што на з'ездзе прысутнічалі каля 70 дэлегатаў з усіх абласцей Беларусі. Былі прынятыя праграмныя дакументы, зацверджаны кіраўнічыя органы. У бліжэйшы час у Мінюст будуць пададзеныя дакументы на рэгістрацыю грамадскага аб'яднання.
Нагадаем, "нацболы", філіял расійскай паўлегальнай партыі, адзначыліся ў Беларусі шэрагам акцый, накіраваных супраць нацыянальных партый і арганізацый, недзяржаўных выданняў. Яны пэцкаюць фарбай дзверы і сцены офісаў, дыпламатычных прадстаўніцтваў, распаўсюджваюць улёткі з абразамі і пагрозамі, пры гэтым не маюць праблемаў з боку ўладаў.