Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытанні папраўкі ў закон "Аб правах дзіцяці"
10 чэрвеня Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прыняла ў другім чытанні змяненні і дапаўненні ў закон "Аб правах дзіцяці".
Як паведаміў старшыня камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям'і і моладзі Алег Вялічка, дакумент прыводзіць дзейнае заканадаўства ў адпаведнасць з Кодэксам аб шлюбе і сям'і, законамі "Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таскама асобаў з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў", "Аб адукацыі", а таксама з Канвенцыяй ААН аб правах дзіцяці, да якой далучылася Беларусь.
У праекце закона канкрэтызаваны сферы яго прымянення, удакладнены нормы, якія рэгламентуюць кампетэнцыю органаў і арганізацый, што забяспечваюць абарону правоў і законных інтарэсаў дзяцей.
У прыватнасці, удакладнены крытэрыі аднясення асобаў да катэгорыі дзяцей. Да іх адносяцца ўсе асобы, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту, незалежна ад набыцця грамадзянскай дзеяздольнасці. Праектам таксама ўзмоцнены паўнамоцтвы камісій па справах непаўналетніх, дэталёва прапісаны функцыі дзяржаўных органаў, якія займаюцца абаронай правоў дзяцей.
Дакумент прадугледжвае, што бацькі павінны ў поўным аб'ёме кампенсаваць расходы на ўтрыманне іх дзяцей, а таксама дакладна рэгламентуе парадак выяўлення і ўладкавання дзяцей з праблемных сем'яў. Згодна з законапраектам, першачарговае права на ўсынаўленне маюць сваякі дзіцяці, затым — грамадзяне Беларусі, грамадзяне, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны, і замежныя грамадзяне.