Апазіцыйныя актывісты будуць мацаваць абароназдольнасьць краіны
Актывіста з Мазыра Паўла Наздру тэрмінова выклікалі ў мясцовы ваенкамат. Учора ўвечары Павал выйшаў з пад’езду свайго дома а 19.45. Да яго падышоў чалавек у цывільным і уручыў позву ў ваенкамат. Сёньня а 9 раніцы Павал мусіць зьявіцца ў ваенкамат. 17 сутак ён правядзе на зборах. Павал Наздра паведаміў “Радыё Свабода”, што ад 1997 году ня меў ніякіх стасункаў з ваенкаматам. Яго ніколі раней не забіралі на зборы.
“Я выйшаў з хаты, да мяне падышоў мужчына і паведаміў, што ён з ваенкамату. Ён уручыў мне пад подпіс позву, каб я ў сераду а 9 раніцы быў у ваенкамаце. Паведаміў, што мяне забіраюць на 17 дзён на вайсковыя зборы. Казаў, што я буду служыць тут у Мазыры ў вайсковай частцы”, - распавёў Павал.
Юнак прыгадаў, што раней міліцыянты неаднаразова пільнавалі яго каля пад’езду дома напярэдадні буйных вулічных акцый апазыцыі, каб актывіст ня мог патрапіць у сталіцу. Некалькі разоў яго затрымлівалі і нават здымалі з цягніка. Павал мяркуе, што 17 сутак, якія ён правядзе на вайсковых зборах, будуць своеасаблівай ізаляцыяй кшталту адбыцьця адміністрацыйнага арышту.
“Я мяркую, што ўсё гэта зьвязана з выбарамі, таму што хутка распачнецца кампанія па выбарах. Я буду ўдзельнічаць у якасьці назіральніка і буду зьбіраць подпісы як удзельнік у акруговай выбарчай камісіі. Я ўваходжу ў сьпіс як адзіны кандыдат у акруговай выбарчай камісіі і буду зьбіраць подпісы як сябра акруговай выбарчай камісіі. Потым я буду ўдзельнічаць таксама і ў участковай выбарчай камісіі.
Павінны афіцыйна абвесьціць 24-га ці 25-га пачатак выбарчай кампаніі і ад гэтага моманту пачынаецца збор подпісаў. Як раз на гэты тэрмін і прыпадаюць мае зборы”, тлумачыць дэмаркатычны актывіст.
Яшчэ адзін мазырскі актывіст моладзевага дэмакратычнага руху Мікола Жукоўскі ў аўторак таксама атрымаў позву ў ваенкамат. Мікола вучыцца завочна і цяпер здае сэсію. Але, нягледзячы на гэта, ён мусіць у сераду раніцай быць у ваенкамаце, дзе яго чакаюць, каб накіраваць на вайсковыя зборы.