Тэлевядоўца Юры Пракопаў прасіў прабачэньня
Журналіст першага канала тэлебачаньня Юры Пракопаў ў тэлефоннай размове з адвакаткай Верай Страмкоўскай папрасіў у яе прабачэньня за агалошаньне недакладных зьвестак.
Гэта адбылося сёньня пасьля таго, як Вера Страмкоўская паабяцала падаць на журналіста скаргу ў пракуратуру ці заяву ў суд, калі ён не абвергне заяву, што адвакат Вера Страмкоўская нібыта атрымлівала грант у амбасадзе ЗША.
«Мая заява мела вынік. Спачатку ён адмовіўся даваць абвяржэньне, але потым сам патэлефанаваў і папрасіў прабачэньня. Сказаў, што яны пераправерылі дадзеныя і пераканаліся, што насамрэч ніякіх грантаў я не атрымлівала. Цікава, што перашкаджала яму праверыць гэта да перадачы? У выніку Пракопаў паабяцаў абвергнуць зьвесткі і ў тэлеэфіры. Пагляджу, як ён гэта зробіць. Калі не зробіць, сапраўды зьвярнуся ў пракуратуру. Скарга ужо напісаная» , — паведаміла Вера Страмкоўская Радыё "Свабода".
Ілжывыя зьвесткі пра тое, нібыта Вера Страмкоўская атрымала грошы ў амэрыканскай амбасадзе прагучалі 1-га чэрвеня ў праграме «Панарама тыдня зь Юр’ем Пракопавым». Таксама сярод грантаатрымальнікаў былі названы дачка экс-кандыдата на прэзыдэнта Юлія Казуліна, былы дэпутат Людміла Гразнова, рэдактар «Народнай волі» Ёсіф Сярэдзіч.
«Ніякіх грошай ад амэрыканскай амбасады сям’я Казуліна, а тым больш я асабіста, не атрымлівала. Я ўвогуле зараз далёкая ад палітыкі, у мяне на першым месцы вучоба. З гэтым паклёпам будзем вызначацца, не выключаю, што пададзім ў суд», — пракамэнтавала праграму Юр’я Пракопава Юлія Казуліна.