Вячаслаў Сіўчык зноў затрыманы
Сёньня ўвечары ў Курапатах прадстаўнікі дэмакратычнае грамадзкасьці ўсталявалі памятную шыльду над адной з брацкіх магілаў, дзе цяпер знаходзяцца парэшткі 62 чалавек, расстраляных сталінскімі карнікамі ў трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя.
За дзясяткамі людзей, што прыйшлі ва ўрочышча, каб ушанаваць памяць бязьвінна загінулых, пільна сачылі супрацоўнікі міліцыі на чале з намесьнікам начальніка РУУС Менскага раёну Міхаілам Грыбам, а таксама невядомыя ў цывільным.
Як паведаміў архэоляг Мікола Крывальцэвіч, які разам з іншымі калегамі ў ліпені 1988 году праводзіў эксгумацыю парэшткаў пахаваных менавіта ў гэтай магіле, пры эксгумацыі прысутнічалі слынныя беларускія пісьменьнікі Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў. Паводле словаў кандыдата гістарычных навук Ігара Кузьняцова, некаторыя навкоўцы схільныя лічыць, што ў гэтай магіле раней знаходзіліся парэшткі амаль дзьвюхсот чалавек, але з прычыны скрытых ранейшых эксгумацыяў, якія праводзіліся яшчэ за даўнімі савецкімі часамі частка гэтых парэшткаў зьнікла. Да таго ж, як паведаміў навуковец, у магіле былі парэшткі простых людзей, пра што сьведчылі знойдзеныя разам з косткамі рэчы, да таго ж, сярод забітых былі і жанчыны.
Прысутныя ўшанавалі памяць загінулых хвілінаю жалобнага маўчаньня, пасьля чаго прайшлі і ўсклалі кветкі і запалілі сьвечкі ля самай масавай зь вядомых магілаў, дзе знайшлі апошні прытулак каля 400 ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў.
А дзьвюма гадзінамі раней ля мэмарыяльнага крыжу “Пакутнікам Курапатаў” адбылося ўручэньне прызоў пераможцам фотаконкурсу “Мае фота – мае Курапаты”, ладжанага Радыё Свабода да дваццатых угодкаў з дня публікацыі ў тыднёвіку “Літаратура і мастацтва” артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты – дарога сьмерці”. Гэтая публікацыя паведаміла ўсяму сьвету пра трагедыю ў гэтым невялікім лясным масіве пад Менскам.
Пераможцамі конкурсу журы на чале зь Зянонам Пазьняком назвала Андрэя Аляхновіча, Уладзімера Арлова, Юрася Беленькага, Зьмітра Крываноса, Аўгіньню Манцэвіч, Анжаліну Маўсюту, Алеся Чахольскага, а таксама журналістаў Сяргея Абламейку, Алеся Дашчынскага і фотакарэспандэнта Юрыя Дзядзінкіна.
Падчас цырымоніі ўзнагароджваньня адбыўся інцыдэнт: калі адная з жанчынаў разгарнула бел-чырвона-белы сьцяг, да яе кінуліся міліцыянты, якія спрабавалі вырваць нацыянальны сымбаль зь яе рук, але прысутныя не далі праваахоўнікам такой мажлівасьці. Па заканчэньні цырымоніі, калі людзі, прасьпяваўшы нацыянальны гімн “Магутны Божа”, пачалі разыходзіцца, міліцыянты спрабавалі затрымаць намесьніка старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі – БНФ Юрася Беленькага, але яго літаральна вырвалі з рук сілавікоў паплечнікі. Хвілінамі пазьней усё ж быў затрыманы іншы палітык - Вячаслаў Сіўчык…