Лідэра "Маладога Фронту" з Салігорску Івана Шылу выключаюць са школы
Сёньня, перад апошнім выпускным іспытам, спрабуюць выключыць са школы намесьніка старшыні Маладога Фронту Івана Шылу.
У сярэднюю салігорскую школу №4 прыехала камісія з адзьдзелу адукацыі Менвыканкама. Камісія сабрала на раду выкладчыкаў і паставіла перад імі патрабаваньне аб ануляваньні вынікаў іспытаў Івана Шылы на падставе ягонай актыўнай грамадзкай дзейнасьці і шматразовых затрыманьняў за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту.
Аднак настаўнікі адмовіліся выконваць загад менскай камісіі, прыняўшы рашэньне аб мэтазгоднасьці далейшага ўдзелу Івана ў іспытах. У сувязі з гэтым рашэньнем, дырэктар школы Сянькова Вольга Іванаўна напісала заяву аб звальненьні са сваёй пасады па асабістым жаданьні, матываваўшы гэта тым, што ў яе узьнікнуць сур’ёзныя праблемы. Намесьніца дырэктара па выхаваўчай працы Семчанкова Алена Мікалаеўна пісаць заяву адмовілася і была прымусова звольнена менскім кіраўніцтвам.
Таксама камісія паставіла двум намесьнікам дырэктара, якія засталіся на сваёй працы, - гэта Кашталян Валянтыне Міхайлаўне і Янкоўскай Ірыне Вячаславаўне, - ультыматум, паводле якога яны будуць звольнены з працы, калі Іван зьявіцца заўтра на апошні іспыт – на ангельскую мову.
У дадатак да гэтага, намесьнікам дырэктара загадалі скласьці сьпіс усіх настаўнікаў Івана, у якім мусяць быць імёны і месцы працы іхніх супругаў.
“Відавочна, што дзеяньні менскай камісіі накіраваны на запужваньне непакорных настаўнікаў, - гаворыць Іван Шыла. – Але мае настаўнікі зазначылі, што не зьбіраюцца забараняць мне прыходзіць на іспыт. Я ж, канешне, вельмі зьдзіўлены мужнасьцю гэтых людзей і ўдзячны ім за падтрымку”.
Сёньня ўвечары салігорскі адзьдзел адукацыі зьбірае тэрміновае паседжаньне, на якое атрымаў запрашэньне і Іван. Мяркуецца, што на сустрэчы выкладчыкамі будзе прынята канчатковае рашэньне аб лёсе дыплёма аб сярэдняй адукацыі Івана Шылы.
Прэс-служба Маладога Фронту будзе паведамляць пра далейшае разьвіцьцё падзей.