Чарнобыльскі Шлях пачнецца каля Акадэміі навук у 14 гадзін
https://spring96.org/be/news/21292
2008
2008-04-03T15:17:56+0300
2008-04-03T15:17:56+0300
1970-01-01T03:00:00+0300
be
https://spring96.org/files/images/sources/charnobyl_shliah.jpg
3 красавіка на сядзібе Партыі БНФ адбылося другое паседжаньне Аргкамітэту АДС правядзеньня Чарнобыльскага Шляху. Сябры Аргкамітэту абмеркавалі варыянт заяўкі, якая будзе пададзеная ў Менгарвыканкам да 10 красавіка. Было вырашана, што акцыя пачнецца 26 красавіка а 14:00 на пляцоўцы каля Акадэміі навук. Далей мяркуецца прайсьці шэсьцем да пляцу Незалежнасьці.
На паседжаньні грунтоўна абмеркавалі зьмест патрабаваньняў, якія будуць агучвацца падчас акцыі.
"Добра, што Аргкамітэт прыслухаўся да фронтаўскіх прапановаў наконт зьмету сёлетняга Чарнобыльскага Шляху, - кажа сябра Аргкамітэту, першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, - Мы прапанавалі найперш узмацніць традыцыйныя чарнобыльскія патрабаваньні - ратаваць людзей ад фізычнага зьнішчэньня, якое адбываецца ў атмасфэры сакрэтнасьці пра наступствы Чарнобыльскай катастрофы. Зараз людзі працягваюць жыць на забруджанай тэрыторыі, у дзяржавы няма ні аб'ектызнай стратэгіі, ні эфэктыўнай мэдыцыны для барацьбы з захворваньнямі. Таксама падчас акцыі будзем гаварыць пра стан мэжыцыны ў цэлым, пра сацыяльную бяду пасьля адмены сацыяльных ільготаў, а па сутнасьці, сацыяльных гарантыяў, якія мелі ў тым ліку і чарнобыльцы. Ключавы лёзунг гэтага Чарнобыльскага Шляху - Дзяржава мусіць ня толькі гаварыць праўду, але і вярнуць народу права вырашаць пытаньні пра сваю незалежнасьць, ахову здароўя, сацыяльныя гарантыі".