viasna on patreon

Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказвае рашучы пратэст супраць палітычна матываванага перасьледу студэнтаў

2008 2008-02-20T15:43:07+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказвае рашучы пратэст супраць адлічэньня студэнтаў у сувязі з іх грамадзка-палітычнай дзейнасьцю.

 

На працягу апошняга месяца па палітычна матываваных падставах былі адлічаныя: Зьміцер Жалезнічэнка – з 3 курсу матэматычнага факультэту Гомельскага дзяржаўнага універсітэту; Кацярына Салаўёва – з 2 курсу гістарычна-філалагічнага факультэту Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту;Фёдар Чаранкоў - з 1 курса Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Івана Шамякіна, Франак Вячорка – з 3 курсу факультэту журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту; Антон Каліноўскі – з 1 курсу перакладчыцкага факультэту Менскага лінгвістычнага ўніверсітэту.

 

Зьміцер Жалезнічэнка, Кацярына Салаўёва, Франак Вячорка і Антон Каліноўскі зьяўляліся пасьпяховымі студэнтамі, мелі высокі сярэдні бал, таму іх адлічэньне з ВНУ мы расцэнваем як перасьлед у сувязі з актыўнай грамадзка-палітычнай дзейнасьцю і ўдзелам у апазіцыйных палітычных партыях і рухах.

 

Кацярыну Салаўёву адлічалі два разы, прычым пасьля першага адлічэньня яна была ўзноўленая ва ўніверсітэце пад ціскам грамадзкасьці. У адносінах да яе ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 193.1 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай грамадзкай арганізацыі.

Зьміцер Жалезьнічэнка таксама двойчы быў адлічаны з універсітэту; першае адлічэньне суд прызнаў незаконным, а пасьля другога адлічэньня ў тэрміновым парадку прызваны ў войска. Судовае разьбіральніцтва адносна законнасьці рашэньня адміністрацыі ўніверсітэта пакуль не адбылося.

Франак Вячорка і Антон Каліноўскі былі адлічаныя са сваіх ВНУ пасьля адбыцьця адміністратыўных арыштаў пасьля акцыяў пратэсту ў студзені 2008 году. Адбываньне арыштаў падчас сесіі не дазволіла ім своечасова здаць іспыты, што было расцэненае як “акадэмічная непасьпяховасьць”.


Праваабрончы цэнтр “Вясна” расцэньвае адлічэньні Франака Вячоркі, Антона Каліноўскага, Зьміцера Жалезьнічэнкі, Фёдара Чаранкова, Кацярыны Салаўёвай як праяву палітычна матываванага перасьледу і патрабуе ад адміністрацыяў універсітэтаў прыняць неадкладныя меры па аднаўленьні гэтых студэнтаў у ВНУ.


Праваабарончы цэнтр “Вясна” таксама выказвае сваю заклапочанасьць фактамі ціску на грамадзка актыўных студэнтаў з боку КДБ пры садзейнічаньні і згодзе адміністрацыяў вышэйшых навучальных установаў. Мы лічым, што ўдзел у спланаваным палітычным перасьледзе студэнтаў несумяшчальны з паняцьцем акадамічных свабодаў і недапушчальны для дэмакратычных краінаў.

Мы патрабуем спыненьня гэтай ганебнай практыкі і пакідаем за сабой права звароту ў міжнародныя арганізацыі студэнцкага самакіраваньня, еўрапейскія ўніверсітэты з патрабаваньнем спыненьня ўсялякіх кантактаў з ВНУ, адміністрацыі якіх удзельнічаюць ў палітычным цкаваньні студэнтаў.

 

Мінск, 20 лютага 2008 г.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства