У Беларусі прэзентаваны новы фільм «Вязьні сумленьня»
15 лютага ў Беларускім ПЭН-Цэнтры адбыўся прэм’ерны паказ дакументальнага фільма рэжысёра і прадусара Вольгі Мікалайчык "Вязні сумлення", прысвечанага вядомым дэмакратычным дзеячам, зняволеным па палітычных матывах.
"Сашанька, я цябе люблю, сынок! Ты невінаваты, я гэта ведаю!"
Крыкам адчаю маці былога-кандыдата на прэзідэнта Беларусі Аляксандра Казуліна, асуджанага на пяць з паловаю гадоў пазбаўлення волі, у момант адпраўкі яго “па этапе” пачынаецца гэты фільм. Апроч прафесара Казуліна, героямі стужкі ёсць маладзёвыя актывісты Павал Севярынец, Артур Фінькевіч, Зьміцер Дашкевіч, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета Андрэй Клімаў і самыя блізкія іх сваякі.
Светлыя людзі ідэі
У фільме апавядаецца пра жыццёвы шлях асобаў, прызнаных міжнароднай дэмакратычнай супольнасьцю вязнямі сумлення, пра іх змаганне, пра тое, чым ахвяравалі гэтыя людзі і за што трапілі ў няволю, пра тое, у якіх часам нечалавечых умовах яны ўтрымліваюцца “на зоне” і што ім даводзіцца перажываць за кратамі.
Паводле словаў паэта Генадзя Бураўкіна, героі фільма –
"Гэта людзі ідэі, людзі светлыя, якія не толькі дзеля сябе і дзеля сваёй сям’і, а, калі гучна гаварыць, дзеля народу, дзеля Беларусі гатовыя на ўсё".
Аўтар стужкі Вольга Мікалайчык, добра вядомая як прадусар знакамітага твора Юрыя Хашчавацкага “Звычайны прэзідэнт”, адзначыла, што тэма гэтае стужкі...
"ўзнікла ад пачатку, як у краіне з’явіліся палітвязні. То бок, гэта нельга разглядаць як нейкую асобную ідэю фільма, гэта факт, што трэба было рабіць гэтае кіно, і дзякуючы каналу “Белсат”, з’явілася такая магчымасць".
Бонда для роздуму
Як адзначае Вольга Мікалайчык, гэты фільм – яе маленькая бонда ў справу таго, каб людзі даведаліся пра лёсы сваіх мужных суайчыннікаў.
"Мне, напрыклад, вельмі цяжка ад таго, што я вельмі мала магу зрабіць, таму гэты фільм – мой такі прыватны мэсыдж у сусьвет, таму што прафесійна я магу рабіць толькі гэта".
У фільме выкарыстана шмат дакументальнага матэр’ялу, адзнятага падчас зімовых і веснавых падзеяў 2006 году – году апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Напрыклад, ёсць кадры, прагледзеўшы якія, робіцца зразумелым, чаму ўлады адправілі сваіх апанентаў у вязніцы.
Адзін з іх - выступ у Цэнтравыбаркаме падчас рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнта Аляксандра Казуліна, калі той прадэманстраваў кнігу “Расстрэльная каманда” былога начальніка мінскай следчай турмы Алега Алкаева і патрабаваў прыцягнуць да крымінальнай адказнасці "альбо грамадзяніна Лукашэнку, альбо грамадзяніна Алкаева, які няверна падаў выкладзеныя ў кнізе факты”.
Бяз слёз глядзець нельга
Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка наўпрост спрычынілася да гэтага фільма – яна з’яўляецца аўтарам усіх інтэрв’ю з маці, бацькамі, жонкамі палітзняволеных. Завершаную ж стужку Зінаіда Аляксандраўна ўбачыла ўжо на прэм’ерным паказе.
"Бяз слёз гэта немагчыма глядзець. Гэта вельмі пераканаўча глядзіцца на конт таго, на самой справе, што мы за людзі – беларусы. І гэты фільм пераконвае, што мы не знікнем з мапы Зямлі. Дзякуй Богу, што ў нас такія маладыя людзі, менавіта яны ўзрушылі наша ціхенькае беларускае балотца", - гаворыць Зінаіда Бандарэнка.
Паводле словаў народнай артысткі Беларусі, гутарыць з блізкімі зняволеных было надзіва нескладана.
"Адзінае, што я сама вельмі хвалявалася, і калі яны глядзелі на мяне вочы ў вочы, мы, можна сказаць, проста плакалі".
Люстэрка рэчаіснасці
Надзённасць фільма “Вязні сумлення” адзначае і Генадзь Бураўкін.
"Ён вельмі актуальны не толькі таму, што ў турмах у нас знаходзіліся і знаходзяцца людзі, якія б маглі вельмі многа карысці зрабіць Беларусі, але і таму, што ён напамінае нераўнадушным людзям пра тое, што трэба змагацца, а не проста у душы не згаджацца з несправядлівасцю".
Наконт таго, ці будзе працяг фільма ў святле таго, што палітвязняў пачалі адпускаць на волю, Вольга Мікалайчык адказала:
"Думаю, што, калі пройдзе яшчэ нейкі час і высветліцца, што гэта толькі гульня з Еўропай, з грамадствам, то будзе працяг, і ясна, што будуць з’яўляцца фільмы, пры чым не толькі мае, і да таго ж, яшчэ больш моцныя".