Умовы ўтрыманьня Аляксандра Крутога ў Жодзінскім СІЗА зьяўляюцца катаваньнямі
Тры тыдні ў Жодзінскім СІЗА пазапраўна знаходзіцца вызвалены судом ад крымінальнай адказнасьыці Аляксандр Круты.
Як стала вядома ПЦ “Вясна”, умовы, створаныя для Аляксандра Крутога ў Жодзіна, зьяўляюцца катаваньнямі над асобай. Увесь гэты час ён утрымліваецца ў камеры-адзіночцы для асобаў, асуджаных пажыцьцёва. Вязьню забараняюць чытаць газеты, карыстацца літаратурай, нават падручнік ангельскай мовы, які прывезьлі сваякі, не дазволілі перадаць у камеру. Скарочаная на поўгадзіны працягласьць штодзённых прагулак. Усе тры тыдні пад час штодзённых аглядаў, да яго не заходзіць ні начальнік СІЗА, ні іншыя адказныя асобы.
Яшчэ 24 студзеня суд Нясвіжскага раёна прызнаў Аляксандра Крутога віноўным у зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства па арт. 368 КК РБ - публічная абраза прэзідэнта краіны. Аднак у сувязі з тым, што дзеяньні асуджанага не нясуць вялікай пагрозы для грамадзтва, Аляксандр Круты быў вызвалены ад пакараньня, а крымінальная справа спыненая. Паколькі падчас сьледства ў дачыненьні да абвінавачанага праводзілася судова-медыцынская экспертыза, якая ўстанавіла, што Аляксандр Круты хворы на паранаідальную шызафрэнію, суд пастанавіў ужыць прымусовыя меры бясьпекі і лячэньня ў псіхіятрычнай бальніцы са звычайным назіраньнем.
Між тым, вызвалены ад крымінальнай адказнасьці Аляксандар Круты знаходзіцца зараз ў следчым ізалятары Жодзіна, у сувязі з тым, што згодна з пастановай суда мера стрыманьня павінна быць адменена толькі па змяшчэньні Крутога ў псіхіятрычную бальніцу. Атрымалася, што вызвалены ад пакараньня па ранейшаму знаходзіцца ў СІЗА.
Нагадаем, што крымінальная справа за публічную абразу прэзідэнта была ўзбуджана супраць Аляксандра Крутога яшчэ ў траўні 2003 года. Некалькі гадоў А.Круты жыў у Менску і быў затрыманы толькі ўвосень 2007 году. Спачатку грамадзкі актывіст утрымліваўся ў Жодзінскім СІЗА, пасьля знаходзіўся ў рэспубліканскім псіхіятрычным шпіталі.