viasna on patreon

Украінца і двух беларусаў будуць судзіць у Гомелі за "агентурную дзейнасць" і "здраду дзяржаве"

2024 2024-10-04T13:17:19+0300 2024-10-04T13:56:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/barodii_1.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 У Гомельскім абласным судзе 15 кастрычніка пачнуць судзіць грамадзяніна Украіны Вячаслава Бародзія, а таксама беларусаў Мікалая Ласоўскага і Валянціну Полаз. Падрабязнасці пераследу ўкраінскага егера сталі вядома з прапагандысцкага фільма год таму, у якім Вячаслава на следчых дзеяннях вадзілі на ланцугу. Агулам трох чалавек абвінавачваюць адразу паводле шасці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку "здрада дзяржаве" і "агентурная дзейнасць". Суд адразу будзе адбывацца ў закрытым рэжыме. Працэс будзе весці Яўген Шаршнёў.

Вячаслаў Бародзій на следчым дзеянні
Вячаслаў Бародзій на следчым дзеянні

Мінулай восенню Камітэт дзяржбяспекі паведаміў, што затрымаў у Беларусі шэсць чалавек па абвінавачванні ў супрацоўніцтве з "Службай бяспекі Украіны" і "падрыхтоўцы тэрактаў". Пра гэта стала вядома з фільма 11 верасня 2023 года, які паказалі адразу на ўсіх дзяржаўных каналах. На відэа некаторыя з іх выглядаюць збітымі, некаторых на следчых дзеяннях водзяць на ланцугах, аднаго з затрыманых знялі ў СІЗА КДБ.

Украінскага егера Вячаслава Бародзія, якога будуць судзіць з двума беларусамі, затрымалі 1 верасня 2023 года ў Ельскім раёне Беларусі, які мяжуе з Жытомірскай вобласцю Украіны. Вядома, што Вячаслаў нарадзіўся ў Жытомірскай вобласці, некаторы час жыў у Мазыры, а потым вярнуўся ва Украіну і працаваў егерам, выхоўвае трох дзяцей. У фільме распавялі, што Бародзій пасля пачатку поўнамаштабнай вайны нібыта прайшоў падрыхтоўку ў навучальным цэнтры Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны і што "з сакавіка 2023 года, акрамя ГУР Мінабароны, ён стаў супрацоўнічаць яшчэ і са Службай бяспекі Украіны". У фільме кажуць:

"Пры затрыманні ён заявіў, што прыйшоў у нашу краіну "забраць хлопца і вярнуцца назад". Пра склады са зброяй Бародзій нібыта нічога не ведаў і наогул перасек мяжу з нашай краінай упершыню. Навошта ў яго пры сабе быў пісталет SIG Sauer з глушыцелем і дзвюма абоймамі, Бародзій патлумачыць не змог. Зрэшты, гэта зразумела і так. Пры сутыкненні з нашымі памежнікамі ў Мангуста была б магчымасць адстрэльвацца ад іх". 

Меркавана, хлопец, пра якога кажа Бародзій у сюжэце, гэта Мікалай Ласоўскі, якога зараз будуць судзіць з іншымі. Пра жанчыну Валянціну Полаз нічога невядома.

Вячаслаў Бародзій
Вячаслаў Бародзій на следчых дзеяннях восенню 2023 года

Вячаслава Бародзія, Мікалая Ласоўскага і Валянціну Полаз у залежнасці ад ролі кожнага абвінавачваюць паводле наступных крымінальных артыкулаў:

  • ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве);
  • ч. 2 арт. 371-1 (арганізацыя незаконнай міграцыі);
  • ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў);
  • арт. 358-1 (агентурная дзейнасць);
  • ч. 3 арт. 333-1 (незаконнае перамяшчэнне праз дзяржаўную мяжу Беларусі агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, а таксама іншых відаў узбраення і ваеннай тэхнікі);
  • ч. 3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь).
Вячаслаў Бародзій
Вячаслаў Бародзій у СІЗА КДБ

Па артыкуле за "здраду дзяржаве" прадугледжваецца да 15 гадоў зняволення, а за "агентурную дзейнасць" — да сямі гадоў калоніі.

22 кастрычніка пачнуць судзіць яшчэ трох чалавек — украінца Івана Ліхалата і беларусаў Барыса Пухальскага і Івана Бародзіча, паказаных у тым сюжэце 11 верасня 2023 года.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства