viasna on patreon

Затрыманні за пратэсты, каментары і "экстрэмізм": хроніка пераследу 15-16 жніўня Дапоўнена

2024 2024-08-16T12:29:14+0300 2024-08-16T18:01:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rechyca_2024.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15-16 жніўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Па вяртанні з Польшчы быў затрыманы жыхар Брэста

Ён нібыта прымаў удзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў жніўні 2020-га году.

Паводле інфармацыі «Медыязоны», затрыманы ў сацсетках падпісаны як Вадзім Залаты.


Мінчука затрымалі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту

На «пакаяльным відэа» ён кажа, што браў удзел у нядзельных маршах, рабіў фота і відэа з пратэстаў і адпраўляў іх у «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. Таксама ён нібыта ў каментарах абражаў прадстаўнікоў улады.

«Медыязона» знайшла ў сацсетках мужчыну, падобнага на затрыманага. Там ён падпісаны як Сеня Сіўшыцкі.


У Светлагорску перадавіцу вытворчасці і шматдзетную маці судзілі за распаўсюд “экстрэмізму”

Па інфармацыі "Гомельскай Вясны", у судзе Светлагорскага раёна 16 жніўня разгледзелі адміністрацыйную справу супраць Ірыны Субоцінай. Яе абвінавацілі ў "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" паводле арт. 19.11 КаАП. Працэс вяла суддзя Галіна Гулевіч. Вынік суда пакуль невядомы.

Пра жанчыну летась пісала раённая газета "Светлагорскія навіны". Ірына – шматдзетная маці. У 2010 годзе яна была ўзнагароджана Ордэнам Маці за выхоўванне пяцёх дзяцей. Таксама за добрую працу на "Светлагорскім цэлюлозна-кардоным камбінаце" яе ў 2013 годзе ўзнагародзілі ганаровай граматай таварыства, а ў 2021 года яна занесена на Дошку Гонару прадпрыемства за "добрасумленную працу і поспехі ў рабоце.”


Супраць стэндап-коміка Вячаслава Камісаранкі распачалі спецвытворчасць — яго збіраюцца судзіць завочна 

Слава Камісаранка

Яму інкрымінаваныя ч. 1 арт. 130 КК (распальванне варожасці), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і арт. 368 (абраза Лукашэнкі).

Вячаслава запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсці ў Следчы камітэт.


Ігар Аліневіч у чэрвені трымаў галадоўку ў ШІЗА

Ігар Аліневіч

Як стала вядома "Краіне для жыцця", у лякарню ў Калядзічах у чэрвені Ігар трапіў праз падазрэнне на язву страўніка. Абвастрэнне адбылося пасля галадоўкі, якую Ігар трымаў з 13 па 26 чэрвеня ў ШІЗА жодзінскай турмы № 8, дзе палітвязень адбывае тэрмін.

Ігар — актывіст анархічнага руху, якога затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года. Яго абвінавацілі па шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ, дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці. У выніку Ігара асудзілі да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Жодзіна.


«Грамадзянскае аб'яданне "Пагоня"» і «Беларускі полк "Пагоня"» прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі»

Пра гэта паведамляе МУС.

Таксама ведамства пералічыла людзей, якія нібыта маюць дачыненне да «экстрэмісцкага фармавання». Гэта Віталь Гуркоў, Андрэй Краўчанка, Канстанцін Якаўлеў і Сямён Букін.


Сталі вядомыя падрабязнасці пераследу палітзняволенага святара Генрыха Акалатовіча

Дзевяць месяцаў таму быў затрыманы, а затым арыштаваны і змешчаны ў СІЗА КДБ пробашч парафіі Святога Юзафа ў Валожыне ксёндз Генрых Акалатовіч. Інфармацыі пра яго стан няма амаль ніякай, але вядома, што святар трымаецца, не падае духам. Па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве пробашчу пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.

Katolik.life удалося даведацца ад вернікаў, знаёмых з сітуацыяй, некаторыя звесткі. Святара абвінавачваюць у тым, што ён быццам бы перадаў камусьці нейкую сакрэтную інфармацыю.

Паводле звестак, якія дайшлі да вернікаў, шкоду, нібыта нанесеную дзяржаве дзеяннямі святара, ацэньваюць у вельмі буйную суму і патрабуюць яе сплаціць. У размовах называецца сума каля 1 млн еўра ў эквіваленце.

Аднак віну святар па-ранейшаму не прызнае.

У апошні час ад святара не прыходзілі лісты, але вядома, што расследванне справы завяршаецца, і суд можа быць прызначаны ўжо на верасень ці кастрычнік.


Мінінфарм абнавіў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі instagram-старонкі «franakviacorka» і «revivalbelarus», а таксама TikTok-акаўнт «shchyra_kazhuchy» і ягоны лагатып.


Жыхар Брэста затрыманы за ўдзел у паслявыбарчай акцыі пратэсту

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што мужчыну днямі выклікалі ў Следчы камітэт, але ён адмовіўся туды ісці, пасля чаго і быў затрыманы.


Атрымалася высветліць інфармацыю пра жыхара Камянца, якога затрымалі на днях 

Затрыманы — 26-гадовы Ілля Каратышэўскі. На мінулым тыдні хлопец адзначыў свой Дзень Народзінаў.

Нагадаем, праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджалі, што мужчына ўдзельнічаў у паслявыбарчай акцыі пратэсту ў Брэсце 10 жніўня 2020-га году. Крыху раней быў затрыманы ягоны сябар, які таксама нібыта прымаў удзел у пратэстах.


У Рэчыцы затрыманых за «экстрэмізм» адправілі ліквідаваць наступствы ўрагану 

Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі інфармацыю пра тое, што ў ліпені затрымалі дваіх жыхароў Рэчыцы — 21-гадовых Вячаслава Садчанку і Данілу Кузняцова. Іх абодвух абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмізму».

Сілавікі пахваліліся тым, што адправілі затрыманых у нейкае мясцовае сельгаспрадпрыемства, каб яны там ліквідавалі наступствы ўрагану, які ў сярэдзіне ліпеня пранёсся над некаторымі раёнамі Гомельшчыны, у тым ліку Рэчыцкім. Прадстаўнікі ўлады сцвярджаюць, што такім чынам яны «далі шанец загладзіць віну, не патрапіўшы на нары».

Аднак, паводле сцвярджэння ў тэлеграм-канале, хлопцы на прымусовыя працы не выправіліся. Таму зараз ім пагражаюць новым затрыманнем і зняволеннем.


Затрымалі мужчыну, які нібыта напісаў 14 тысяч каментароў

Таксама сцвярджаецца, што затрыманы дасылаў інфармацыю ў чат-бот ініцыятывы «Чорная кніга Беларусі».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства