Алена Маслюкова: "Я працавала ў праваабароне і буду далей працягваць сваю працу”
Супраць праваабаронцы “Вясны” Алены Маслюковай Светлагорскі раённы аддзел Следчага камітэта 23 траўня распачаў спецыяльную вытворчасць. Яе спрабуюць абвінаваціць у іншым садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч. 1 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса і ў тым жа дзеянні, здзейсненым паўторна (ч. 2 арт. 361-4 КК).
Каментуючы дзеянні следчых, Алена Маслюкова адзначыла, што інфармацыяй пра сутнасць абвінавачання яна не валодае.
“Сёння я даведалася аб тым, што ў адносінах да мяне распачалі так званую спецыяльную вытворчасць. Скажу, што ніякіх паведамленняў, што ўзбуджаная крымінальная справа я не атрымлівала. Быў ліст, дзе напісалі што была прыпыненае папярэдняе следства, а потым, у красавіку, што следства адноўленае зноў. Ніякай інфармацыі больш не паступала. А сёння вось дведалася пра ўзбуджэнне спецыяльнай вытворчасці.
Ну як на гэта рэагаваць? Калі ў краіне не да законаў, то можна рабіць усё, што заўгодна, але гэта не азначае, што яны мяне зламаюць, ці прымусяць рабіць не тое, чым я займалася. Я працавала ў праваабароне і буду далей працягваць сваю працу”.
У гэтыя дні Алена Маслюкова прымае ўдзел у Кангрэсе па палітзняволеных у Беларусі #WithoutJustCause, які адбываецца ў Празе.