#WithoutJustCause: кангрэс па палітзняволеных у Беларусі адбудзецца 23-25 траўня ў Празе
Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі #WithoutJustCause пачне сваю працу ў Празе 23 траўня.
#WithoutJustCause — гэта першае пасля падзей 2020 года буйное экспертна-палітычнае мерапрыемства, прысвечанае крызісу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, а таксама дапамозе тым, хто прайшоў праз рэпрэсіі.
На фоне руху да таталітарызму ў Беларусі расце колькасць выпадкаў парушэння правоў чалавека, а голас ахвяраў рэпрэсій праз краты і жалезную заслону з краіны-турмы не заўсёды чуваць.
Крысціна Шыянок, дырэктарка Офіса дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы:
“Наш абавязак зрабіць усё для вызвалення палітзняволеных і належнай падтрымкі рэпрэсаваных. Я веру, што дзякуючы салідарнасці, скаардынаванасці, экспертызе мы можам вярнуць прынцыпы дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусь”.
На кангрэсе будуць абмеркаваныя такія тэмы, як тэндэнцыі рэпрэсій у Беларусі і новыя выклікі; уразлівыя групы палітзняволеных у беларускіх турмах; праблемы, з якімі сутыкаюцца сваякі палітзняволеных; што могуць рабіць палітыкі для палітзняволеных; эвакуацыя (былых) палітзняволеных з Беларусі, яе прычыны і статыстыка; візавая і іншая інстытуцыйная падтрымка (былых) палітзняволеных; магчымасці рэабілітацыі і рэсацыялізацыі для (былых) палітзняволеных; асвятленне сітуацыі палітзняволеных незалежнымі СМІ.
Кангрэс пройдзе ў Каралінуме, сярэднявечным комплексе будынкаў Карлавага ўніверсітэта ў Празе. У мерапрыемстве возьмуць удзел чальцы вядучых беларускіх праваабарончых арганізацый і гуманітарных ініцыятываў, беларускія эксперты і эксперткі ў галіне права, беларускія і замежныя палітыкі і дыпламаты, а таксама былыя палітзняволеныя і іх сямейнікі, якія могуць сведчыць пра рэальнае становішча тых, хто знаходзіцца ў зняволенні.
Пражскі кангрэс стане платформай для сумеснага аналізу, дыялогу і каардынацыі дзеянняў, якія б дазволілі спыніць гуманітарны крызіс у Беларусі. Удзел на сёння пацвердзіла больш за 70 чалавек.
Кангрэс праводзіць Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэшскай Рэспубліцы пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Чэхіі і пад патранажам рэктаркі Карлавага ўніверсітэта.
Над праграмай мерапрыемства працавалі беларускія правабарончыя арганізацыі, ініцыятывы гуманітарнай дапамогі, а таксама палітычныя прадстаўнікі і прадстаўніцы дэмакратычнай Беларусі.
Кангрэс па палітзняволеных у Беларусі завяршыць сваю працу 25 траўня.
Арганізатары кангрэса звяртаюцца да прадстаўнікоў СМІ і зацікаўленых журналістаў акрэдытавацца на мерапрыемства: czechia.office@tsikhanouskaya.org