viasna on patreon

Усім — калонія. У Брэсце за ўдзел у начной акцыі пратэсту ў жніўні 2020 года асудзілі 8 чалавек

2024 2024-05-22T11:45:03+0300 2024-05-22T11:45:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/brest_29.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Маскоўскага раёна Брэста 20 траўня 2024 года вынес прысуд васьмі мясцовым жыхарам за ўдзел у жнівеньскай акцыі пратэсту паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Мікіта Вайцюк, Васіль Аляксеюк, Глеб Клімовіч, Віталь Варфаламееў, Аляксандр Тысевіч, Юлія Шаронава, Мікалай Нікіцюк, Максім Собалеў былі асуджаныя да пазбаўлення волі. Такое рашэнне вынес Яўген Брэган.

Брест 10 августа. Фото: binkl.by
Брэст 10 жніўня 2020 года. Фота: binkl.by

Паводле версіі абвінавачвання, з 10 да 11 жніўня 2020 года, на той момант непаўналетнія Юлія Шаранава, Мікіта Вайцюк, Мікалай Нікіцюк, а таксама Васіль Аляксеюк, Глеб Клімовіч, Віталь Варфаламееў, Аляксандр Тысевіч, Максім Собалеў, знаходзіліся на праезнай частцы праспекта Машэрава, бульвараў Касманаўтаў і Шаўчэнкі, вул. Савецкай у Брэсце, "выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі палотны бела-чырвона-белага колеру, груба парушаючы грамадскі парадак, наўмысна перашкаджалі руху транспартных сродкаў і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў ды арганізацый".

У судовым пасяджэнні ўсе віну прызналі цалкам.

Паведамляецца, што Юлія Шаранава ўдзельнічала ў акцыях пратэсту 16-гадовай, а Мікіту Вайцюку і Мікалаю Нікіцюку было па 17 гадоў. Таксама вядома, што Максім Собалеў, Глеб Клімовіч, Юлія Шаранава асуджаныя ў тым ліку паводле "наркатычных" артыкулаў.

У выніку, Віталь Варфаламееў, Аляксандр Тысевіч, Васіль Аляксеюк і Мікалай Нікіцюк былі асуджаныя да двух гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму кожны. Мікіту Вайцюку прызначаны адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Максіму Собалеву паводле ч. 1 арт. 342 КК было прызначана два гады пазбаўлення волі. Але з нагоды таго, што ён ужо асуджаны паводле "наркатычнага" ч. 4 арт. 328 КК, шляхам частковага складання асноўных пакаранняў і поўнага далучэння дадатковага пакарання, прызначана 12 гадоў калоніі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у суме 3 200 рублёў.

Юлію Шаранаву за ўдзел у жнівеньскай акцыі пратэсту асудзілі на паўтара гады пазбаўлення волі. Але праз тое, што яна была асуджаная паводле ч. 4 арт. 328 КК, ёй у выніку прызначана 13 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму са штрафам у суме 3 700 рублёў.

Глебу Клімовічу прызначана паводле ч. 1 арт. 342 КК два гады пазбаўлення волі, і па сукупнасці злачынстваў шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім, яму канчаткова прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства