viasna on patreon

Журналіста-фрылансера з Пінска асудзілі да шасці гадоў калоніі і вялікага штрафу

2024 2024-04-08T20:22:44+0300 2024-04-08T20:22:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ignaciuk_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Столінскага раёна 5 красавіка асудзілі 53-гадовага журналіста-фрылансера і відэаблогера Аляксандра Ігнацюка. Палітзняволенага прызналі вінаватым ў арганізацыі пратэстаў у Століне і Мінску, паклёпе на Лукашэнку і вымагальніцтве. На судзе Аляксандр часткова прызнаў віну ў першых абвінавачваннях, але не прызнаў віну ў вымагальніцтве. Суддзя Сяргей Насеня прызначыў яму шэсць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 200 базавых велічыняў (8 000 рублёў). Суд цягнуўся з 15 сакавіка і адбываўся ў закрытым рэжыме. 

Аляксандра Ігнацюка затрымалі 18 ліпеня 2023 года. Пра гэта стала вядома выпадкова: ён даўно жыў адзін у аддаленай вёсцы Пінскага раёна, і сябры занепакоіліся пра ягоны лёс пасля таго, як ён цягам некалькіх тыдняў не выходзіў на сувязь. МУС апублікаваў відэа жорсткага затрымання журналіста толькі ў сакавіку 2024 года. 

Журналіста прызналі вінаватым паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 і ч. 2 арт. 208 (вымагальніцтва).

Згодна версіі абвінавачвання, Аляксандр Ігнацюк у жніўні 2020 года, знаходзячыся на тэрыторыі Столінскага і Пінскага раёнаў Брэсцкай вобласці, "арганізоўваючы групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады ў г. Століне і г. Мінску, з мэтай публічнага вядзення дэструктыўнай дзейнасці, размясціў у сацыяльных сетках публікацыі, якія заклікаюць да групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады".

Ён жа, у жніўні 2020 года "наўмысна размясціў у сетцы інтэрнэт інфармацыю абразлівага і паклёпніцкага характару ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, якая змяшчае загадзя ілжывыя, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, ганебныя і зневажаюць гонар, годнасць і аўтарытэт кіраўніка дзяржавы звесткі, злучаныя з абвінавачваннем у здзяйсненні цяжкага і асабліва цяжкага злачынстваў".

Акрамя гэтага, журналіста абвінавацілі ў вымагальніцтве. Так, згодна версіі абвінавачвання, Іганцюк на працягу 2021 і 2022 гадоў "у карыслівых мэтах, жадаючы ўзбагаціцца за кошт іншых грамадзян, пад пагрозамі распаўсюджвання паклёпніцкіх звестак і абвяшчэння іншых звестак, якія пацярпелыя жадалі захаваць у таямніцы, а таксама ганебныя і ганяць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, неаднаразова вымагаў грашовыя сродкі і іншую маёмасць у прадпрымальнікаў Столінскага раёна".

На судзе Аляксандр віну паводле ч.1 арт. 342 і ч. 2 арт. 367 КК, прызнаў часткова, а паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 208 КК – не прызнаў. Пры гэтым, ён прызнаў заяўленыя іскавыя патрабаванні пацярпелага аб спагнанні маёмаснай шкоды ў памеры 1800 рублёў.

У выніку, суд Столінскага раёна прызначыў яму на падставе ч. 1 арт. 342 КК пазбаўленне волі на тэрмін два гады; паводле ч. 2 арт. 367 – тры гады калоніі; паводле ч. 1 арт. 208 КК – адзін год калоніі, на падставе ч. 2 арт. 208 КК – чатыры гады са штрафам у памеры 200 базавых велічынь на суму 8000 рублёў. Шляхам частковага складання асноўных пакаранняў з далучэннем дадатковага пакарання канчаткова журналісту прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін шэсць гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 200 базавых велічынь на суму 8000 рублёў. Таксама пастаноўлена спагнаць з Ігнацюка на карысць пацярпелага маёмасны ўрон у памеры 1800 рублёў.

У журналіста таксама канфіскавалі ноўтбук як "сродак здзяйснення злачынства".

Падтрымайце палітвязня: СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Аляксандр Аляксандравіч Ігнацюк

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства