viasna on patreon

Патрабуем рэабілітацыі асуджаных удзельнікаў мірных сходаў

2024 2024-01-24T14:45:28+0300 2024-01-25T13:59:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanne_14_viasna12.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

24 студзеня 2024 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Рэспублікі Беларусь, атрымаўшы, сабраўшы і прааналізаваўшы інфармацыю пра крымінальны пераслед уладамі Беларусі грамадзян, якія рэалізавалі свабоду выказвання меркаванняў падчас і пасля правядзення выбараў прэзідэнта Беларусі 2020 года, практыку вынясення і выканання прысудаў у дачыненні да іх, прававое становішча асуджаных паводле так званых "экстрэмісцкіх" артыкулаў Крымінальнага кодэкса, адзначаем наступнае:

  • кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку або мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі па свайму выбару; у сферу ўжывання гэтага пункта ўключана нават такая форма выказвання меркаванняў, якая можа разглядацца як глыбока абразлівая, але пры гэтым яе выкарыстанне можа падпадаць пад абмежаванні:
  • гэтая свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычным грамадстве для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб; для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маральнасці насельніцтва.

Тым не менш, калі дзяржава − удзельніца Пакта ўстанаўлівае абмежаванні на ажыццяўленне права на свабоднае выказвання меркавання, гэтыя абмежаванні не павінны ставіць пад пагрозу сам прынцып гэтага права.

Аднак улады Беларусі адвольна заключалі пад варту, асуджалі ў парушэнне прынцыпу вяршэнства права і цяпер працягваюць пераследаваць у крымінальным і адміністрацыйным парадку за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў па розных артыкулах Крымінальнага кодэкса: за абразу А. Лукашэнкі, суддзяў, службовых асоб, паклёп на А. Лукашэнку і службовых асоб; за здзек з дзяржаўных сімвалаў, хуліганства і вандалізм. Пра факты гэтага палітычна матываванага пераследу часта становіцца вядома толькі напярэдадні або пасля вызвалення чарговай ахвяры рэпрэсій, у сувязі з чым праваабарончая супольнасць не выступала з заявай аб прызнанні іх палітычнымі зняволенымі;

улады не прызнаюць сваёй адказнасці за адвольнае пазбаўленне волі грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем імі правоў і свабод, прадугледжаных абавязковымі для Беларусі міжнароднымі дамовамі, працягваюць адвольна пераследаваць рэпрэсаваных нават пасля іх вызвалення, уціскаючы іх у правах унясеннем у пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці;

праваабарончай супольнасцю за названы перыяд былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі многія з іншадумцаў у той час, калі тыя былі пазбаўленыя волі, і сабраныя звесткі пра асуджаных за гэта да розных відаў пакарання, звязаных і не звязаных з пазбаўленнем волі, у дачыненні да якіх часта абіралася мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту або хатняга арышту;

у адпаведнасці з прынятым праваабарончай супольнасцю Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычны зняволены – асоба, пазбаўленая волі, калі мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

a) пазбаўленне волі было ўжытае выключна праз яго палітычныя, рэлігійныя ці іншых перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання меркаванняў ды інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;

b) пазбаўленне волі было ўжытае выключна праз негвалтоўную дзейнасць, накіраваную на абарону правоў чалавека і асноўных свабод;

с) пазбаўленне волі было ўжытае выключна па прыкмеце полу, расы, колеру скуры, мовы, рэлігіі, нацыянальнага, этнічнага, сацыяльнага або радавога паходжання, нараджэння, грамадзянства, сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці, маёмаснага становішча ці іншых прыкметах альбо зыходзячы з наяўнасці ўстойлівай сувязі з супольнасцямі, аб'яднанымі такімі прыкметамі.

Асуджаныя і зняволеныя пад варту выключна за выказванне меркавання без прыкмет прамых заклікаў да гвалту або несімвалічнага знішчэння маёмасці, не звязанае з несімвалічным знішчэннем і пашкоджаннем маёмасці ў мэтах выказвання меркавання, у поўнай меры і безумоўна адпавядалі названым крытэрам у перыяд пазбаўлення іх волі. Іх вызваленне з-пад варты, хатняга арышту або пасля адбыцця пакарання пакідае нявырашанымі пытанні аб пераглядзе іх прысудаў з мэтай поўнай адмены, іх рэабілітацыі і кампенсацыі ім нанесенай адвольным асуджэннем шкоды.

Нам вядомыя імёны і абставіны справаў наступных людзей, якія ў пакаранне за ажыццяўленне свабоды выказвання меркаванняў былі пазбаўленыя волі: змешчаныя пад варту, хатні арышт, асуджаныя да пазбаўлення або абмежавання волі, арышту, а да цяперашняга часу вызваленыя без рэабілітацыі і кампенсацыі нанесенай шкоды:

Павел Голаў, Захар Яноўскі, Мацвей Бяляй, Дзмітрый Смаляроў, Антон Нагела, Віталь Сірышка, Віктар Рудзько, Аляксандр Федарук, Улад Манюк.

У сваёй заяве ад 22 снежня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць пацвердзіла свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асоб, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў розных злачынствах дыфамацыйнага характару, хуліганстве, вандалізме, закліках да санкцый як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншых грамадска-значных падзей, супрацьпраўных і амаральных дзеянняў службовых асоб і суддзяў.

Прымаючы рашэнне адносна Улада Манюка, абвінавачанага ў нанясенні надпісу на сцяну будынка, мы, не ўхваляючы зместу надпісу, прытрымліваючыся Рабацкага плана дзеянняў па забароне прапаганды нацыянальнай, расавай або рэлігійнай нянавісці, якая ўяўляе сабой падбухторванне да дыскрымінацыі, варожасці або гвалту, улічваючы (1) сацыяльны і палітычны кантэкст, (2) статус таго, хто гаворыць, (3) намер выклікаць варожасць публікі да пэўнай групы, (4) змест і форму прамовы, (5) ступень уздзеяння прамовы і (6) верагоднасць прычынення шкоды, уключна з яе незваротнасцю, прыйшлі да высновы аб адсутнасці факту распальвання нянавісці. Да тае ж высновы, са спасылкай на заключэнні экспертаў, прыйшоў і суд. Разам з тым, на наш погляд, выгляд і памер прызначанага судом пакарання (1 год пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі) з улікам асобы і грамадскай небяспекі зробленага абіральна высокія і таму ўяўляюць сабой непрапарцыйнае абмежаванне свабоды выказвання меркаванняў.

У дачыненні да пералічаных былых палітвязняў мы патрабуем перагляду іх крымінальных спраў з мэтай адмены вынесеных прысудаў, іх поўнай рэабілітацыі з кампенсацыяй усіх відаў шкоды, нанесенай адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі.

У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • адмяніць адвольныя прысуды ў дачыненні да пералічаных у заяве асоб, ажыццявіць іх поўную рэабілітацыю і пакрыць ім шкоду, прычыненую адвольным крымінальным пераследам;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Human Constanta;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Беларускі дом правоў чалавека ім. Б. Звозскава;

Lawtrend.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства