Затрыманні, папаўненні ў спісах "экстрэмісцкіх" матэрыялаў: хроніка пераследу 27 кастрычніка Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27 кастрычніка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Аблава ў Карэлічах: АМАП затрымліваў людзей у мясцовай паліклініцы, доме культуры і райвыканкаме
27 кастрычніка ў Карэлічах прадстаўнікі АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама затрымалі некалькі чалавек.
Так, вядома, што раніцай у Карэліцкай цэнтральнай раённай паліклініцы было затрымана некалькі лекараў і стаматолаг. З астатнім персаналам праводзілі «прафілактычныя гутаркі» аб недапушчальнасці «падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы».
Акрамя таго, два чалавекі былі затрыманыя ў Карэліцкім раённым выканкаме, таксама былі затрыманыя некаторыя супрацоўнікі «Карэліцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці».
На ААТ «Лідскае піва» адбыліся затрыманні
Сёння каля 10:00 адбыўся «хапун» на прадпрыемстве ААТ «Лідскае піва». Паведамляюць, што затрымана не менш за 6 чалавек.
На «Паліміры» у Наваполацку — таксама затрыманні
Стала вядома, што 24 кастрычніка было затрымана чацвёра супрацоўнікаў цэха №201 завода «Палімір».
Затрыманне адбылося пасля размовы з правакатарам Юрыем Комарам у чат-рулетцы. Падчас дыялогу, які пачаўся як звычайная гутарка, абмеркаванне ператварылася ў палітычную дыскусію, у якой адзін з супрацоўнікаў «Паліміра» выказаў свае палітычныя погляды.
Telegram-канал бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане прызнаны «экстрэмісцкім»
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Лідскага раёну 23 кастрычніка. «Экстрэмісцкім» таксама прызнаны і лагатып telegram-каналу.
Таксама ў другі раз «экстрэмісцкім» быў прызнаны тэлеграм-канал «Вясна | Брэст» — 24 кастрычніка судом у Баранавічах. У мінулым годзе гэта ўжо зрабіў суд Чыгуначнага раёну Гомеля.
Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:
- Telegram-каналы і чаты «Экспозиция революционного анархизма (Э.Р.А)», «NSDAP», «UANTIFA ????????????161»;
- Instagram старонка «binklby»;
- Відэа «Эля i Сяргей. Самая пратэсная пара Маладзечна»;
- Cтаронкі ў сацсетках і лагатып «NADZEYA INFO Belarus in UK»;
- Сайт «Информ-Прогулка»;
- Telegram-канал «Квят-агляд» і ягоны лагатып;
- Суполка ва «Укантакце» «ПРАСТОРА КХ»;
- TikTok-старонкі «Моладзевы Блок», «Franak Viacorka», «ЗБС», «Belsat TV», «Politzek.mе», «minano», «Илья Соленков».
Затрыманні ў Ваўкавыску
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне двух жыхароў Ваўкавыску.
Адзін з іх — супрацоўнік Ваўкавыскай ЦРБ Аляксандр Скіруха, затрыманы за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП РБ). Другі затрыманы — супрацоўнік «Белтэлекама» Ігар Палікша. На «пакаяльным відэа» ён кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у мітынгах і таксама затрыманы за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.