viasna on patreon

Заява аб прызнанні пяці фігурантаў "справы АГСБ" палітычнымі зняволенымі

2023 2023-06-07T14:50:01+0300 2023-06-07T15:26:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/agsb_kastrych.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

7 чэрвеня 2023 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем, што ўлады злоўжываюць магчымасцямі крымінальнага заканадаўства і прымяняюць да пратэстоўцаў празмерна жорсткія меры адказнасці, звязаныя з пазбаўленнем волі на працяглы тэрмін за здзяйсненне дзеянняў, якія не пацягнулі цяжкіх наступстваў. У прыватнасці, кваліфікацыя дзеянняў як тэрарызму заведама не адпавядае таму, што, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, павінна ўкладвацца ў гэта паняцце.

Пад тэрарызмам у міжнародным праве звычайна разумеюцца акты гвалту, якія здзяйсняюцца ў адносінах да грамадзянскага насельніцтва ў палітычных ці ідэалагічных мэтах.

У Дэкларацыі аб мерах па ліквідацыі міжнароднага тэрарызму, сфармуляванай у рэзалюцыі 49/60, Генеральная Асамблея заявіла, што тэрарызм уяўляе сабою "злачынныя акты, накіраваныя ці разлічаныя на стварэнне абстаноўкі тэрору сярод шырокай грамадскасці, групы асоб ці пэўных асоб у палітычных мэтах".

У адпаведнасці з рэзалюцыяй 1566 (2004)2004 Савета Бяспекі, дзеянні, якія павінны прадухіляцца і карацца незалежна ад таго, ці апраўдваюцца яны меркаваннямі палітычнага, філасофскага, ідэалагічнага, расавага, этнічнага, рэлігійнага ці іншага падобнага характару, маюць наступныя тры характарыстыкі:

  • здзяйсняюцца, у тым ліку, супраць грамадзянскіх асоб, з намерам прычыніць смерць ці сур'ёзную шкоду здароўю ці захапіць закладнікаў;
  • здзяйсняюцца з мэтай выклікаць стан страху ў шырокай грамадскасці, ці групы людзей, ці асобных асоб, запалохаць насельніцтва або прымусіць урад ці міжнародную арганізацыю здзейсніць якое-небудзь дзеянне ці ўстрымацца ад яго здзяйснення;
  • уяўляюць сабой злачынствы па сэнсе міжнародных канвенцый і пратаколаў, якія тычацца тэрарызму.

У адсутнасць гэтых прыкмет супрацьпраўныя дзеянні не маюць сапраўды тэрарыстычнага характару і павінны кваліфікавацца як злачынствы супраць парадку кіравання (пагроза ўжывання гвалту супраць службовых асоб) ці супраць уласнасці (напрыклад, наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці) з ужываннем санкцый, якія адпавядаюць цяжкасці і грамадскай небяспецы здзейсненага.

Нам вядома пра асуджэнне:

  1. Наталлі Мацвеевай да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 400 базавых велічынь (12 800 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289 (падрыхтоўка да акта тэрарызму), ч. 2 арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за справакаваную спецслужбамі Беларусі падрыхтоўку да падпалу лесанарыхтоўчых аўтамабіляў;
  2. Вадзіма Гулевіча да 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 600 базавых велічынь (19 200 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі),  ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму), ч. 1 арт. 290-2 (садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 1 арт. 13 і арт. 290-3 (падрыхтоўванне да праходжання навучання ці іншай падрыхтоўцы для ўдзелу ў тэрарыстычнай дзейнасці), ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за справакаваную спецслужбамі Беларусі падрыхтоўку да пашкоджання вайсковага аб'екта Расійскай Федэрацыі;
  3. Кірыла Ашурка да 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 400 базавых велічынь (12 800 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі),  ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 289 КК (дапамаганне ў акце тэрарызму) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за справакаваную спецслужбамі Беларусі падрыхтоўку да пашкоджання вайсковага аб'екта Расійскай Федэрацыі;
  4. Аляксея Глотава да 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 700 базавых велічынь (22 400 рублёў) паводле ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі),  ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму), ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 359 (падрыхтоўка да ўдзелу ў акце тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 295, ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за справакаваную спецслужбамі Беларусі падрыхтоўку да пашкоджання вайсковага аб'екта Расійскай Федэрацыі;
  5. Дзмітрыя Сасноўскага да 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 700 базавых велічынь (22 400 рублёў) паводле ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім), ч. 2 арт. 290-4 (удзел у дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі),  ч. 1 арт. 359 (акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча [перакваліфікавана на судовым працэсе з "падрыхтоўкі"]), ч. 6 арт. 16,  ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 295, ч. 1 арт. 14 і ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад), ч. 3 арт. 361 (заклікі да санкцый), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай вражды і варажнечы) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за справакаваную спецслужбамі Беларусі падрыхтоўку да нападу на тэлевядучага-прапагандыста дзяржаўнага каналу.

Судовы разгляд у дачыненні да ўсіх абвінавачаных адбыўся з грубымі парушэннямі прынцыпаў справядлівага суда і працэсуальных правоў абвінавачаных, у адсутнасць незалежнасці і аб'ектыўнасці суда, ва ўмовах ігнаравання судом заяў пра ўжыванне катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, у адсутнасць сапраўднай спаборнасці бакоў і бесстаронняй ацэнкі доказаў.

Гэта пацягнула неправамерна жорсткую кваліфікацыю дзеянняў усіх абвінавачаных і прызначэнне ўсім ім надзвычай суровага пакарання.

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы бачым палітычны матыў пераследу абвінавачаных. Мы лічым, што судовыя рашэнні прынятыя ў парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя.

У чарговы раз падкрэсліваем, што характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і іншых ахвяраў жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона дзеля абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоваў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.

Мы ў чарговы раз нагадваем, што разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым ці фактычна ў закрытым судовым пасяджэнні, у адсутнасць публікі, назіральнікаў і незалежнай прэсы, у створаным уладамі становішчы нецярплівасці да дзеянняў праваабарончых аршанізацый і праваабаронцаў і незалежных журналістаў груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і крытычна дыскрэдытуе ацэнку праўдзівасці, дастатковасці і дапушчальнасці доказаў абвінавачвання.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • d) асоба пазбаўленая волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Наталлі Мацвеевай, Вадзіма Гулевіча, Кірыла Ашурка, Аляксея Глотава, Дзмітрыя Сасноўскага. У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  1. перагледзець вынесеныя ў дачыненні да згаданых палітвязняў прысуды пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзеянняў, від і памер пакарання;
  2. вызваліць згаданых палітвязняў, прымяніўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
  3. неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў, пераглядзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Беларускі ПЭН;

Human Constanta;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Lawtrend;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства