viasna on patreon

"Ліст — гэта глыток свежага паветра". 21 траўня — Дзень палітвязняў Беларусі

2023 2023-05-12T21:26:00+0300 2023-05-15T15:36:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vitold_9w.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр "Вясна" вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. У гэты дзень два гады таму ў шклоўскай калоніі №17 памёр палітвязень Вітольд Ашурак. Крымінальная справа па факце яго смерці да гэтага часу не ўзбуджаная, а сітуацыя з палітычнымі зняволенымі за гэты час значна пагоршылася. Летась тэмай Дня палітвязняў была жоўтая бірка — спецыяльная метка ў калоніях, пра якую ўпершыню ў лісце распавёў Вітольд. Сёлета праваабаронцы тэмай Дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі прапануюць ліст і права на ліставанне, якога беларускія ўлады пазбавілі сотні палітычных зняволеных. "Вясна" заклікае 21 траўня выказаць салідарнасць з усімі палітвязнямі, прыцягнуць увагу беларускага і міжнароднага грамадства да іх праблемаў і ў чарговы раз запатрабаваць ад уладаў вызвалення ўсіх палітзняволеных. 

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Чаму 21 траўня важны дзень для Беларусі?

Праваабаронцы абралі дату Дня салідарнасці з палітзняволенымі ў Беларусі невыпадкова. 21 траўня — гадавіна смерці ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка.

Вітольд — вядомы актывіст з Бярозаўкі, якога ў закрытым рэжыме асудзілі да пяці гадоў зняволення за падзеі 2020 года. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію. 21 траўня 2021 года, на 244-ы дзень свайго зняволення, палітвязень Вітольд Ашурак раптоўна памёр у шклоўскай калоніі. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, паводле сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. Крымінальнай справы па факце ягонай смерці да гэтага часу няма. Менавіта Вітольд быў першым, хто ў лісце распавёў пра масавую пазнаку палітвязняў у калоніях жоўтымі біркамі: 

"Палітычных тут [у шклоўскай калоніі] не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк".

У лістах на волю Вітольд Ашурак шмат пісаў пра салідарнасць і падтрымку беларусаў. Вось, што ён напісаў у апошнім лісце да маці ад 14-га красавіка 2021 года:

Вітольд Ашурак, фота з Facebook
Вітольд Ашурак, фота з Facebook

"На шчасьце, у нас цудоўныя людзі, і яны мяне падтрымалі ўсёй душой! А цяпер, калі я часова патрапіў у турму, людзі яшчэ больш падтрымліваюць мяне, дасылаюць лісты і паштоўкі, перадаюць перадачы і перасылаюць грошы, выпісваюць мне газэты і моляцца па ўсёй Беларусі ў цэрквах і касьцёлах!

Лістоў столькі, што я ледзь пасьпяваю адказваць! Я нават пакуль што прыпыніў вывучэньне ангельскай мовы, каб было болей часу на пісаньне адказаў. Пішуць зь Бярозаўкі і Ліды, Горадні і Менску, Берасьця і Віцебску, Магілёва і Гомлю! Пішуць з Брытаніі нашыя беларусы, якія зьехалі за мяжу, але перажываюць за сваю Айчыну! Пішуць беларусы з Бэльгіі, Фінляндыі, ЗША і нават беларусы Бразыліі!

Учора за адзін вечар мне прыйшло 17 лістоў! Ідуць тэлеграмы са словамі падтрымкі! Увесь сьвет ганарыцца і падтрымлівае нас! Мне пішуць беларускія ксяндзы зь Менску і Віцебску, каб павіншаваць зь Вялікаднем і выказаць словы падтрымкі і захапленьня тым, што мы ня мірымся зь няпраўдай!

Мама! Людзі паважаюць мяне! Ты выхавала мяне правільна! Упэўнены, што табе гавораць на вуліцы ў Бярозаўцы часта гэтыя словы!"

Праблема палітзняволеных у Беларусі з часам толькі ўзмацняецца: іх колькасць бесперапынна расце, жанчын і мужчын утрымліваюць у нечалавечых умовах, некаторых з іх катуюць і збіваюць, не аказваюць належную медычную дапамогу. У месцах зняволення на іх аказваецца ціск і парушаюцца правы: абмяжоўваюць у праве на абарону і праве на перапіску, пазбаўляюць перадачаў і спатканняў з роднымі, прыцягваюць да цяжкай працы.

Што можна зрабіць да Дня палітвязняў?

  1. арганізуй ці далучыся да акцыі салідарнасці ў тваім горадзе 21 траўня ў падтрымку беларускіх палітвязняў і акцыю памяці Вітольда Ашурка;
  2. арганізуй мерапрыемства па падпісанні лістоў і паштовак салідарнасці;
  3. начапі 21 траўня на адзенне папяровую птушку з прозвішчам палітзняволенага ці жоўтую бірку, сфатаграфуйся і выкладзі ў сацсеткі з хэштэгам #дзеньпалітвязняў;
  4. зачытай на відэа ліст ад палітвязня і выкладзі ў сацсетках з хэштэгам #дзеньпалітвязняў;
  5. напішы ліст палітвязню, апублікуй яго ў сацсетках з хэштэгам #лістыпалітвязням (даслаць ліст можна анлайн праз Майстэрню паштовак салідарнасці);
  6. падтрымай палітвязняў іншым спосабам: пасылкай, грашовым пераводам, тэлеграмай, падтрымкай сям'і;
  7. прыдумай і рэалізуй іншае дзеянне на знак салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі.

Дзяліся акцыямі салідарнасці ў сацсетках з хэштэгамі #дзеньпалітвязняў #свабодупалітвязням #свободуполитзаключенным #freepoliticalprisoners #FreeThemAll і адзначай “Вясну”.

Сачыць за афішай можна тут:

Дзень палітвязняў у Беларусі. Да якіх мерапрыемстваў можна далучыцца?

Чытанне імёнаў, падпісанні паштовак, літургіі і акцыі ў розных краінах.

"Гэта глыток свежага паветра"

Праваабаронцы "Вясны" абралі тэмай сёлетняга Дня палітвязняў ліст і права на ліставанне, каб прыцягнуць увагу беларускага і міжнароднага грамадства да праблемы блакавання карэспандэнцыі палітзняволеным.

“На сёння ў Беларусі склалася беспрэцэдэнтная сітуацыя, калі ўлады, па сутнасці, пазбавілі сотні палітзняволеных права на ліставанне. Яно ўсё гэтак жа гарантуецца заканадаўствам, але, як і многія іншыя правы, у часы прававога дэфолта нахабна парушаецца. Сітуацыя значна пагоршылася з пачаткам вайны ва Украіне ў 2022 годзе — палітзняволеным масава перасталі аддаваць у следчых ізалятарах, турмах і калоніях лісты салідарнасці не толькі ад неабыякавых людзей і сяброў, але часта і ад родных. Часам супрацоўнікі калоній знішчаюць лісты на вачах палітвязняў.

Ліст — гэта глыток свежага паветра. Улады хочуць пазбавіць яго палітвязняў, але забіраюць паветра і ў тых, хто піша лісты за краты. Атрымліваецца, грамадства без кісларода. Ліст за кратамі — часта адзінае, што прыносіць радасць палітвязням. Ліст з-за кратаў — гэта крыніца інфармацыі і вестачка пра тое, што чалавек жывы і здаровы. Менавіта з ліста Вітольда мы дазналіся пра жоўтыя біркі і запомнілі на ўсё жыццё, што беларус беларусу беларус.

Улады, блакуючы ліставанне палітвязням, хочуць, каб мы забыліся на слова "салідарнасць" і жылі так, нібыта нашыя турмы і калоніі не перапоўненыя палітычнымі зняволенымі, а штодзень не адбываюцца новыя затрыманні.

Але ў нашай краіне сёння беларус беларусу не толькі беларус, але яшчэ і знаёмы палітзняволены ці палітзняволеная. Немагчыма выкрасліць са свайго жыцця і сэрца родных, сяброў і блізкіх, якія пакутуюць у зняволенні. І мы будзем падтрымліваць іх надалей, бо як казаў на судзе Алесь Бяляцкі: "У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе”, тлумачыць праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук.

Праваабаронцы перакананыя, што варта працягваць пісаць палітвязням лісты: нават калі яны не дойдуць да адрасата, то ў месцах зняволення пабачаць, што пра чалавека памятаюць, хвалююцца і чакаюць яго на волі.

"Варта змагацца не толькі за свабоду палітвязняў, але і за кожны ліст да іх". 

“Вясна” нагадвае пра важнасць іншых спосабаў падтрымкі палітзняволеных і іх сямей: пасылкі, грашовыя пераводы, дапамога ў зборы перадач і матэрыяльная падтрымка сем’яў. 

Свабоду палітвязням! 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства