viasna on patreon

#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"

2023 2023-04-17T13:17:39+0300 2023-04-17T17:08:40+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/freeviasna_banner_3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сабралі навіны пра вясноўцаў, што знаходзяцца за кратамі.

Былая палітзняволеная распавяла пра сустрэчу з Лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім на "Валадарцы"

Гэта адбылося ў лістападзе 2022 года:

"Мы сустрэліся з Алесем Бяляцкім у катакомбах на Валадарскага, калі нас вялі на спатканні пад канвоем. Мы ціхенька размаўлялі: ён спытаў, які ў мяне артыкул, і сказаў з усмешкай: "Крышачку пацярпіце. Хутка ўсё скончыцца. Трэба трошкі пацярпець". Я яго павіншавала з Нобелеўскай прэміяй, а ён засаромеўся і сказаў: "Ну што вы, не трэба"".

Алесь Бяляцкі на судзе
Алесь Бяляцкі на судзе

Пошта Украіны выпусціла канверты і маркі ў гонар беларускіх нобелеўскіх лаўрэатаў

Як паведаміла Беларускае Радыё Рацыя, пошта Украіны на прыватную замову выпусціла канверты і маркі ў гонар беларускіх нобелеўскіх лаўрэатаў – пісьменніцы Святланы Алексіевіч (якая была ўзнагароджаная Нобелеўскай прэміяй у галіне літаратуры ў 2015 годзе) і старшыні ПЦ "Вясна", праваабаронцы і літаратуразнаўцы Алеся Бяляцкага (яго уганаравалі прэміяй міру ў мінулым 2022 годзе).

Выпушчаны блок марак і канверты, на якіх беларускія нобелеўскія лаўрэаты разам і паасобку.

У Швецыі пакажуць сцэнічную адаптацыю паводле твораў Алеся Бяляцкага і Максіма Знака

"Бяляцкі, прасі літасці!" – такую назву мае спектакль-чытка паводле твораў Алеся Бяляцкага і Максіма Знака, што адбудзецца ў Каралеўскім драматычным тэатры ў Стакгольме 20 красавіка. Сцэнічная адаптацыя ладзіцца ў межах праекта DRAMATEN.DOC пад мастацкім кіраўніцтвам беларуска-шведскага пісьменніка і рэжысёра Дзмітрыя Плакса.

У Швецыі пакажуць сцэнічную адаптацыю паводле твораў Алеся Бяляцкага і Максіма Знака

DRAMATEN.DOC – гэта серыя драматычных чытанняў пра сучасныя падзеі ў свеце, мэта якой – даць месца і голас драматургам, пісьменнікам і калегам па тэатры ў раёнах, пацярпелых ад канфліктаў.

У Цюрыху прайшла акцыя салідарнасці з беларускімі палітвязнямі

Сярод узгаданых вязьняў – Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі. На акцыі прысутнічала беларуская дыяспара ў Швейцарыі, мясцовыя праваабаронцы і грамадскія актывісты, кіраўнік швейцарскай філіі Libereco Ларс Бюнгер, былыя палітзняволеныя Наталля Хершэ і Вольга Класкоўская.

Валянцін Стэфановіч даслаў ліст з-за кратаў

Намеснік старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч даслаў ліст, у якім распавёў пра свой настрой, падрыхтоўку да этапу ў калонію і бег часу.

"Я не маю асаблівых ілюзій, ужо не маю. Настройваю сябе на доўгае растанне з вольным светам, з любымі, дарагімі мне людзьмі. Вельмі па дзетках сваіх сумую. Гэта бадай самае цяжкае для мяне тут — расстанне са сваёй сям'ёй. І вось гэты страчаны час мне ўжо ніхто ніколі не верне, ён сыдзе, міне незваротна.

У гэтым ёсць трагізм усёй гэтай сітуацыі. Увязненне падобнае на смерць. Я ўжо пісаў неяк пра гэта. Ты нібыта і не памёр, але надоўга выкрэслены з жыцця, і жыццё, яно ідзе, працягваецца, але без цябе. Але я маю цвёрды намер усё гэта вытрымаць і абавязкова вярнуцца ў гэты свет".

"Маю цвёрды намер усё гэта вытрымаць і абавязкова вярнуцца"

“Заўсёды чакаю лістоў. Вось толькі кнігамі ды лістамі і жыву. Усё астатняе тут адно і тое, нічога цікавага. Звычайнае штодзённае арыштанцкае жыццё. Нехта выязджае, хтосьці заязджае. Новыя людзі, канешне, уносяць нешта цікавае, але не надоўга"

 Ужо 21 месяц у зняволенні ўтрымліваюць трох вясноўцаў

21 месяц у зняволенні ўтрымліваюць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча. 14 ліпеня 2021 года да іх і іншых "вясноўцаў" прыйшлі з ператрусамі. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў "кантрабандзе" і "фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".

3 сакавіка суддзя Марына Запаснік прысудзіла вясноўцам вялікія тэрміны: Уладзю — 7 гадоў калоніі, Валянціну — 9 гадоў калоніі, Алесю — 10 гадоў калоніі. Праваабаронцы не прызналі віну ні па адным артыкуле, які ставіўся ім у віну.

Заклікаем вас паспець падтрымаць праваабаронцаў "Вясны" да апеляцыі, якая адбудзецца 21 красавіка!

  • Даслаць пасылку. Добрай падтрымкай будзе "медыцынская бандэроль", напрыклад, з абязбольнымі, гарачкапаніжальнымі, супрацьзапаленчымі і любымі вітамінамі. Такую бандэроль трэба падпісаць "з медыкаментамі".
  • Зрабіць грашовы перавод. Грошы, якія будуць пералічаныя на яе рахунак у СІЗА, перойдуць з імі ў калонію.
  • Даслаць тэлеграму праз пошту або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога).

Падтрымайце лістамі і паштоўкамі салідарнасці зняволеных вясноўцаў:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу

31 месяц за кратамі знаходзіцца Марфа Рабкова

Каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова была затрымана 17 верасня 2020 года. Пазней праваабаронцу абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў і асудзілі да 15 гадоў зняволення.

Па выніках апеляцыі Марфе скарацілі тэрмін на тры месяцы. Прысуд уступіў у сілу, і Рабкову этапавалі ў гомельскую калонію.

Мастачка Вольга Якубоўская намалявала праваабаронцу Марфу Рабкову

"Жыла-была добрая, разумная, прыгожая, смелая і моцная дзяўчына… звалі яе Марфа Рабкова. Была яна праваабаронцай «Вясны», валанцёркай, дапамагала людзям, вельмі любіла жывёл, ратавала бяздомных катоў… а ўвосень 2020 года прыйшлі да Марфы «злыя ваўкі»…", — піша Вольга.

Зварот у падтрымку Марфы Рабковай

Прыхільнікі нідэрландскага аддзялення Amnesty International заклікаюць падтрымаць каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны" Марфу Рабкову і накіраваць адмысловы зварот міністру замежных спраў Беларусі з патрабаваннем неадкладнага вызвалення праваабаронцы. А да гэтага моманту — забяспечыць доступ Марфе да медыцынскай дапамогі і аказаць лячэнне ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці, мінімальнымі стандартнымі правіламі абыходжання са зняволенымі ААН.

За мінулыя два тыдні не было навінаў пра валанцёра "Вясны" Андрэя Чапюка, асуджанага разам з Марфай.

Абодва ўнесеныя ў "тэрарастычны спіс", таму ім забароненыя грашовыя пераводы ў калоніі.

Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:

Марыі Аляксандраўне Рабковай: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 
Андрэю Сяргеевічу Чапюку: ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20

За мінулыя два тыдні не было навінаў і пра кіраўніка Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленку

Леаніду Судаленко ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да яго ўступіў у сілу.  

Напішыце Леаніду!

ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба

Леаніду Леанідавічу Судаленку

Месяц вясны для “Вясны”. Далучайся да віншаванняў!

26 красавіка “Вясна” адзначае дзень свайго заснавання. Але гэтае свята азмрочанае працяглымі тэрмінамі зняволення 6 сябраў арганізацыі: Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Леаніда Судаленкі, Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка. А большасць праваабаронцаў была вымушаная выехаць з краіны. Але "Вясна" не спыняецца і, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, на працягу 27 гадоў дапамагае беларусам адстойваць свае правы.

Заклікаем далучыцца да віншаванняў і падтрымаць “Вясну” даступным спосабам:

І памятай: наша моц — у салідарнасці!

Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?

1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:

Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.

2. Даслаць пасылку ці бандэроль з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА вызначаны ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.

У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.

Нажаль, Леаніду Судаленку, Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да іх ўступіў у сілу. 

Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і Алеся Бяляцкага можна падтрымаць пасылкамі і бандэролямі да 21 красавіка.

3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna. 

4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!

5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @Viasnainfo, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.

6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы Валянціну Стэфановічу, Уладзіміру Лабковічу і Алесю Бяляцкаму ў следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.

Нажаль, Леаніду Судаленку ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да яго набыў моц. Таксама нельга зрабіць грашовыя пераводы Марфе Рабковай і Андрэю Чапюку.

Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства