viasna on patreon

15 гадоў калоніі прызначылі мінчуку за падрыў міліцэйскай машыны каля Цэнтральнага РУУС

2023 2023-03-31T17:53:52+0300 2023-04-01T23:01:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/selezneu_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 30 сакавіка па справе падрыву міліцэйскай машыны асудзілі былога спецзназаўца Максіма Селязнёва. Яго прызналі вінаватым у здзяйсненні "акта тэрарызму ў мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва і дэстабілізацыі грамадскага парадку". Суддзя Дзмітрый Карсюк прызначыў яму 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 200 базавых велічыняў. Таксама па гэтай справе да трох месяцаў арышту за "неданясенне аб злачынстве" асудзілі Дзмітрыя Марцінкевіча. Суд цягнуўся месяц у закрытым рэжыме. 

Здарэнне адбылося ў ноч з 7 на 8 студзеня 2022 году недалёка ад будынка Цэнтральнага РУУС Мінска. Пазней СК паведаміў пра затрыманне 45-гадовага мінчука, які нібыта меў дачыненне да падрыву аўто, а таксама да пашкоджання "Табакеркі" і ўрны для смецця на Старавіленскім тракце. 

У выніку, затрымалі Максіма Селязнёва і асудзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 і ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і ч. 1 і ч. 2 арт. 289 КК (акт тэрарызму). Яго прызналі вінаватым у "незаконных вырабе, набыцці, захоўванні выбуховых рэчываў і выбуховых прылад, а таксама ў незаконным вырабе асноўных частак выбуховых прылад і на падставе ч. 2 арт. 295 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін пяць гадоў са штрафам у даход дзяржавы ў памеры 70 базавых велічыняў. Яго ж прызналі вінаватым па ч. 4 арт. 295 КК, а менавіта "ў незаконных вырабе, захоўванні і нашэнні выбуховых прылад, учыненых паўторна, у мэтах здзяйснення злачынства, прадугледжанага арт. 289 КК", і прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін сем гадоў са штрафам у даход дзяржавы ў памеры 150 базавых велічыняў.

Таксама Максіма Селязнёва прызналі вінаватым у "здзяйсненні выбуху, які стварае небяспеку гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў, у мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва і дэстабілізацыі грамадскага парадку (акце тэрарызму)" і на падставе ч. 1 арт. 289 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін дзевяць гадоў. Ён жа прызнаны вінаватым у здзяйсненні выбуху, які стварае небяспеку гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў, у мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, застрашвання насельніцтва і дэстабілізацыі грамадскага парадку (акце тэрарызму), здзейсненым паўторна, і на падставе ч. 2 арт. 289 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 14 гадоў.

Шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова прызначана  пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 15 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму са штрафам у даход дзяржавы ў памеры 200 базавых велічынь.

Па гэтай справе за "неданясенне аб злачынстве" судзілі Дзмітрыя Марцінкевіча. Ён прызнаны вінаватым у "неданясенні аб пэўна вядомай асобе, якая ўчыніла асабліва цяжкае злачынства, і аб месцы знаходжання такой асобы", і на падставе ч. 1 арт. 406 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе арышту на тэрмін тры месяцы.

Падтрымаць вязня: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Максім Сяргеевіч Селязнёў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства