Новыя затрыманні, "экстрэмісты" і масавыя ператрусы па ўсёй Беларусі: хроніка пераследу 17 сакавіка
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Палітвязень Аляксандр Плескацэвіч выйшаў на волю, але яго амаль адразу адправілі на "суткі"
Згодна з пастановай суда па адміністрацыйнай справе, Аляксандр 16 лютага выйшаў на волю з ПУАТ-43. Але ўжо 1 сакавіка над ім адбыўся суд паводле арт. 24.23 КаАП. Яго абвінавацілі ў тым, што ён "у нявызначаны час з 16 па 27 лютага нанёс на 7 вокнаў і вугал фасада дома бела-чырвона-белую сімволіку". Віну Аляксандр не прызнаў і сказаў, што не рабіў гэтага і зафарбоўваць гэта не мае намеру.
Вядома, што сімволіка на доме была яшчэ да арышту палітвязня ў 2021 годзе. Паводле рапарта сведкі-міліцыянта, яшчэ на "хіміі" яму сказалі зафарбаваць сімволіку, але 27 лютага, калі мужчыну затрымлівалі, яна яшчэ была. Аднак суд у Ляхавічах прызнаў Плескацэвіча вінаватым і арыштаваў яго на 10 сутак.
Нагадаем, Аляксандра асудзілі да 2 гадоў "хіміі" за тое, што пакінуў надпісы і расфарбоўваў белай і чырвонай фарбамі хаты, слупы і будынкі ў сваёй вёсцы. Адзін з надпісаў — «Света, я вас кахаю».
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 31 прозвішча — цяпер у ім 2562 чалавекі
17 сакавіка МУС чарговы раз абнавіла «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Акрамя іншых, у спіс дадалі журналіста Сяргея Сацука, фігурантаў справы «Буслы ляцяць» Аляксея Іванісава, Аляксея Гамезу, Мікалая Бібліса, Андрэя Будая, Аляксандра Мураўёва, Аляксандра Сідарэнку, пенсіянерку Наталлю Паўловіч, якую асудзілі за «нецярплівае зычанне хуткай смерці» Лукашэнку.
Рэдактару «Інфа-Кур'ера» і яго намесніку прызначылі па 15 сутак арышту за непарадкаванне
Сёння адбыўся суд над галоўным рэдактарам і ўладальнікам слуцкай незалежнай газеты «Інфа-Кур'ер» Сяргеем Станкевічам і яго намеснікам Алегам Рубчэнем.
Як стала вядома @bajby, медыйшчыкам прызначылі па 15 сутак кожнаму за непадпарадканне пры затрыманні.
Віну затрыманыя не прызналі.
У Оршы затрымалі Аляксандра Школьнікава
Аляксандр — актывіст аргкамітэта па стварэнні Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада». Пасля 2020 года яго неаднаразова затрымлівалі. Цяпер Аляксандр ужо два дні знаходзіцца ў ІЧУ.
Як паведаміла orsha.eu, мужчына не паспеў паведаміць аб сваім затрыманні, але па відавочных прыкметах, дома ў яго прайшоў ператрус. Апошнім часам у Аляксандра моцна сапсаваўся зрок — цяпер ён амаль сляпы.
ГУБАЗіК штодня праводзіць да 20 ператрусаў у беларусаў, што прытрымліваюцца "антыдзяржаўных поглядаў" — больш за 100 чалавек прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці
У МУС паведамілі, што «пад пільнай увагай міліцыі» знаходзяцца не толькі ваюючыя ва Украіне добраахвотнікі, але і «іх сваякі і знаёмыя». Да аблаваў падключылі і ўчастковых. Іх задача — «зберагчы людзей ад памылак, якія цягнуць сур'ёзныя наступствы і суровае пакаранне».
Паводле ведамства, за апошні тыдзень да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты каля 100 чалавек, узбуджана больш за 20 крымінальных спраў у дачыненні да асоб, якія ўчынілі «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці».
Па інфармацыі праваабаронцаў, затрыманні адбываюцца па ўсёй краіне. У рэгіёнах людзей часцей судзяць за «пікетаванне» і «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», у Мінску — за «дробнае хуліганства».
Праваабаронцы просяць дасылаць вынікі адміністрацыйных судоў, а таксама аўдыё і тэкставую інфармацыю на: Telegram: @ViasnaSOS, @Viasnainfo, Email: viasna@spring96.org
Інфармацыя дапаўняецца