"Света, я вас кахаю". Жыхара вёскі Куршыновічы асудзілі за чырвона-белыя надпісы і прызнанне ў каханні Святлане Ціханоўскай
6 снежня ў судзе Ляхавічаў вінаватым у здзяйсненні злачынстваў паводле ч.1 і ч.2 арт. 339 КК РБ ("Хуліганства") прызналі 47-гадовага жыхара Ляхавіцкага раёна Аляксандра Плескацэвіча. У СІЗА мужчына знаходзіўся з 18 верасня.
Рабіў адно і тое ж двойчы
Судовае пасяджэнне вяла суддзя Наталля Буднік. Паводле матэрыялаў справы, "з 1 па 28 жніўня 2021 года Аляксандр Плескацэвіч нанёс у вёсцы Куршыновічы Ляхавіцкага раёна надпісы і малюнкі белага і чырвонага колераў на апоры ліній электраперадач, электрычны шчыток і сцяну будынка Куршыновіцкага фельчарска-акушэрскага пункта. Пасля гэтага абвінавачаны, дзейнічаючы з выключным цынізмам, нанёс бел-чырвона-белыя малюнкі на тры драўляныя крыжы, пастаўленыя ля дарогі на ўездзе ў вёску, чым зняважыў хрысціянскія сімвалы".
Таксама мужчыну абвінавацілі ў тым, што "з 8 па 18 верасня 2021 года ў тым жа населеным пункце з хуліганскіх памкненняў падсудны нанёс надпісы і малюнкі фарбай белага і чырвонага колераў яшчэ на 13 апор ліній электраперадач і электрычны шчыток". Таксама бок абвінавачвання паведаміў суду, што нанесеную сваімі дзеяннямі шкоду РУП "Брэстэнерга" падсудны не кампенсаваў.
Такім чынам, Аляксандра Плескацэвіча вінавацяць у тым, што ён двойчы зрабіў адно і тое ж — расфарбоўваў белай і чырвонай фарбай хаты, слупы і будынкі ў сваёй жа вёсцы.
Пра падсуднага вядома, што ён жыве ў вёсцы Куршыновічы ў хаце памерлай мамы, афіцыйна беспрацоўны, але падпрацоўвае ў прыватніка — нарыхтоўвае дровы. Лекаваўся ад алкагольнай залежнасці.
Характарыстыку па месцы жыхарства мужчыну далі пасрэдную: адзначылі, што ён імпульсіўны і запальчывы, што прыдамавая тэрыторыя ў яго не акультураная, у хаце антысанітарыя, а сам ён не бярэ ніякага ўдзелу ў грамадскім жыцці.
На некалькіх пасяджэннях суда, падчас якіх разглядалася справа Аляксандра Плескацэвіча, падсудны сваю віну не прызнаваў:
"Мне сказалі, што я пафарбаваў фарбай слупы. Але я нічога не рабіў, нічога не фарбаваў".
"Вы самі слупы з бела-чырвонай фарбай бачылі?" — удакладніў бок абвінавачвання.
"Я не ўглядаўся. Белы колер бачыў, чырвоны не бачыў".
"Прынеслі гатовы пратакол і сказалі падпісаць"
У матэрыялах справы адзначана, што "асобу Аляксандра Плескацэвіча супрацоўнікам міліцыі ўдалося высветліць падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Апазнаць яго дапамагла тая акалічнасць, што ў сваёй хаце абвінавачваны таксама нанёс бел-чырвона-белую сімволіку на аканіцы вокнаў".
Аднак, паводле падсуднага, у вокны сваёй хаты ён не ўглядаўся і ніякую фарбу таксама не бачыў. Таксама Аляксандр распавёў суду, што, калі да яго прыйшлі з ператрусам, панятых не было. Былі толькі два супрацоўнікі ў форме і два ў цывільным.
"У сувязі з чым да вас прыйшлі?" — спытала суддзя.
"Запытвалі, ці ёсць штосьці забароненае. Я сказаў: "Глядзіце, што хочаце".
"У вас з дома штосьці канфіскавалі?"
"Пры мне нічога не знайшлі і не забралі. Сказалі, што ўсё нармальна. Пасля гэтага затрымалі, а потым дапытвалі з нагоды расфарбаваных слупоў і крыжоў каля дарогі. Але я той дарогай не хадзіў, расфарбаваных крыжоў не бачыў".
"Вы паказанні давалі?"
"Мяне спыталі, чыя гэта праца, — я сказаў, што не мая. Пратакол не падпісваў, таму што не фарбаваў. Навошта мне іх падпісваць?"
Падчас допыту падсуднага высветлілася, што паказанні ў межах следчых мерапрыемстваў Аляксандр даваў чатыры разы.
"Тое, што напісана ў пратаколе, гэта вашы словы?" — запыталася абвінавачанне.
"Не, нічога не казаў. Мне прынеслі гатовы пратакол і сказалі падпісаць. Я не падпісаў", — паўтарыў падсудны.
"Ад вас патрабавалі прызнацца ў злачынстве, ціснулі на вас?"
"Не".
Паводле абвінавачанага, два з чатырох пратаколаў апытання ён нават не чытаў.
Пасля гэтых словаў падсуднага пракурорка зачытала тлумачэнні ад 28 жніўня, якія Аляксандр Плескацэвіч даваў следству. У іх было напісана, што свае тлумачэнні той дае добраахвотна, у сваім розуме і цвёрдай памяці:
"Магу патлумачыць, што тры тыдні назад я нанёс бела-чырвоны малюнак на сваю хату. Прыкладна на наступны дзень нанёс гарызантальныя лініі белага і чырвонага колеру на слуп каля хаты, а потым ізноў на акно, а потым яшчэ на два слупы...На наступны дзень я напісаў на слупе надпіс: "Света, я вас кахаю". Такім чынам я хацеў паказаць, што кандыдатка ў прэзідэнты 2020 года Святлана Ціханоўская мне падабаецца як жанчына. Таму я нанёс гэты надпіс на слуп".
У тым жа тлумачэнні Аляксандр распавёў, што на бэльках у хаце зрабіў надпіс "Жыве Беларусь", а таксама намаляваў бел-чырвона-белы сцяг. Пры гэтым мужчына пацвярджаў, што не браў удзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, дзейсную ўладу больш падтрымлівае, чым не падтрымлівае, і што аднавяскоўцы папярэджвалі яго пра тое, што праз бел-чырвона-белыя надпісы ў яго могуць быць праблемы з законам, бо ягоныя дзеянні могуць успрымацца як пікетаванне. У тым жа сваім тлумачэнні мужчына распавёў, што дзеля прыгажосці размаляваў каталіцкія крыжы і сцены на будынку ФАПа. Белую і чырвоную фарбу набыў у Ганцавічах, каб пафарбаваць вокны. Выбар колеру для рамонту мужчына растлумачыў тым, што яму вельмі падабаецца спалучэнне гэтых колераў, асабліва ў паслядоўнасці белая-чырвоная-белая.
"Пад гэтым тлумачэннем стаіць ваш подпіс, — акцэнтаваў увагу бок абвінавачвання. — Вы пацвярджаеце, што давалі гэтыя тлумачэнні?"
"Не, нічога такога не памятаю, калі шчыра".
"А тое, што паказанні наогул давалі, памятаеце?"
"Троху памятаю. Але не памятаю, што казаў. Не памятаю нават, што адбываў арышт. Праблема з памяццю, забываю словы".
"У момант здзяйснення злачынства цалкам усведамляў характар сваіх дзеянняў"
Адным са сведак, якая, на думку суда, унесла яснасць у справу, была аднавяскоўка Аляксандра Ларыса Каліноўская. Яна распавяла, што гэта яна заўважыла бел-чырвона-белы сцяг на сцяне ФАПа, пасля чаго выклікала міліцыю і распавяла, што падазрае ў гэтым злачынстве менавіта Плескацэвіча, бо ў яго на хаце і побач з ёй вяскоўцы бачылі вельмі падобныя малюнкі такога ж колеру. Яна ж распавяла, што, калі разам з міліцыяй прыйшла да падсуднага, той прызнаўся, што надпісы зрабіў менавіта ён, і нават паказаў фарбу.
Адвакат Аляксандра паведаміў, што ягоны падабаронны мае прыкметы псіхічнага захворвання, таму ў яго ёсць падставы меркаваць, што мужчына не ў стане самастойна ажыццяўляць абарону.
Бок абвінавачвання паведаміў пра вынікі псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы. Паводле ейных высноваў судовы эксперт пацвердзіў, што "падсудны сапраўды хварэў на сіндром залежнасці ад алкаголю, аднак у момант здзяйснення злачынства цалкам усведамляў характар сваіх дзеянняў. Пры гэтым новых дадзеных, якія б пацвярджалі пагаршэнне псіхічнага стану падсуднага, у судовага эксперта няма". Сам Плескацэвіч таксама пацвердзіў, што спіртное ён не ўжывае ўжо некалькі месяцаў.
Бок абвінавачвання высунуў здагадку, што супярэчлівыя паводзіны абвінавачанага падчас судовых пасяджэнняў — не што іншае, як наўмысная спроба пазбегнуць адказнасці, таму падставаў праводзіць дадатковую экспертызу псіхічнага стану здароўя Плескацэвіча яны не бачаць.
Таксама абвінавачванне падкрэсліла, што "вывучэнне крымінальнай справы ў пракуратуры Ляхавіцкага раёна паказала, што расследаванне па справе Плескацэвіча праведзена ўсебакова, поўна і аб'ектыўна, а кваліфікацыя дзеянняў падсуднага паводле ч. 1 і ч. 2 арт.339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь з'яўляецца слушнай".
6 снежня суд Ляхавічаў прызнаў Аляксандра Плескацэвіча вінаватым у здзяйсненні злачынстваў паводле ч. 1 і ч. 2 артыкула 339 КК РБ ("Хуліганства") і асудзіў яго да 2 гадоў "хіміі", пастанавіўшы вярнуць падсуднаму майку, спартовыя штаны і гумавыя боты. Бляшанку фарбы і пэндзлі знішчыць, а працэсуальныя выдаткі і шкоду "Брэстэнерго" ў памеры 78 рублёў і 78 капеек кампенсаваць.