viasna on patreon

Сайт "Брэсцкай Вясны" і т-г канал "Віцебскай Вясны" папоўнілі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў: хроніка пераследу 9-10 сакавіка Дапоўнена

2023 2023-03-10T08:40:00+0300 2023-03-10T16:43:20+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kabanovl_brest_kruglyistol_100119_tashbulatov_bg.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9-10 сакавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Сайт «Брэсцкай Вясны» і тэлеграм-канал «Віцебская Вясна» — чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў

У яго трапілі: сайт «Берасцейская вясна». Ініцыятыва аб прызнанні сайта “экстрэмісцкім" зыходзіла ад намесніка пракурора Берасцейскай вобласці, а пастанову прымаў суддзя Андрэй Канючка.

Telegram-каналы і чаты «Віцебская Вясна», «STOP LUKA», «БелАЗ для Жизни», «Большевик, ябатьки-3%!», «Вялiкае Сцiклева», «Клецк для жизни!», «Ozercolife_New», «Фаниполь», «Копыль», «Чат Столбцы РАЗАМ», «Ратамка», «Старые Дороги».


Да палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк не пускаюць адваката

З канца снежня ад палітзняволенай няма навін. Як стала вядома берасцейскай „Вясне”, амаль увесь гэты час да яе намагаецца патрапіць адвакат — але ж яго не пускаюць. Таксама не прымаюць пасылкі: маці Паліны атрымала адпіску з калоніі, але ж і пасля яе ні рэчавую, ні прадуктовую перадачку не прынялі.

Акрамя ўсяго гэтага пасля новага года палітзняволеная правяла 50 содняў у ШІЗА.

Нагадаем, супраць Паліны Шарэнды-Панасюк зноў узбудзілі крымінальную справу паводле арт. 411 КК, па якім яе летась ужо асудзілі: да 2 гадоў далалі зняволення яшчэ адзін год. У кастрычніку Паліну змясцілі  на паўгода ў ПКТ, дзе рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА. Суткі там не ўлічваюцца ў тэрмін ПКТ.


Стрыечнаму брату намесніка камандзіра палка Каліноўскага дадалі яшчэ тры артыкулы

Праваабаронцам стала вядома, што справу палітзняволенага жыхара Бабруйска Сяргея Франчука  перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Калі раней Сяргею інкрымінавалі толькі «народны» арт. 342 КК (арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), то цяпер яго абвінавачваюць ажно па чатырох артыкулаў — яму дадалі арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 130 (распальванне варожасці).

Нагадаем, стрыечнага брата намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука затрымалі ў жніўні. Ёсць інфармацыя, што падчас затрымання Сяргея моцна збілі — на «пакаяльным відэа» ён стаіць з залепленым ілбом.


У доме бацькоў былога палітвязня Аляксандра Кабанава адбыўся ператрус

Пра гэта блогер Кабанаў напісаў у сваім Facebook.

Аляксандр Кабанаў

Кабанаў быў асуджаны  на тры гады пазбаўлення волі. 17 снежня Аляксандр выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін — пасля гэтага экс-палітвязень з'ехаў з краіны.


Супраць віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава распачалі крымінальную справу

Вядома, што Левінаў прызнаны падазраваным па ч. 2 арт. 342 КК (Навучанне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства).

Павел Левінаў

Адзначым, што праваабаронца знаходзіцца за мяжой, аднак следчыя просяць яго прыйсці ва УСК для допыту.


У Гродна затрыманы Павел Якубель

У Гродне ГУБАЗіК затрымаў Паўла Якубеля — яго пляменніца Карына Маліноўская пасля збіцця сілавікамі ў 2020-ым годзе страціла дзіця.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне жыхара Гродна Паўла Якубеля. На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што затрыманы за рэгістрацыю ў плане «Перамога» і за тое, што знаходзіцца ў пратэсных чатах у Facebook і Telegram.

На відэа Павел таксама расказаў, што яго пляменніца — актывістка Карына Маліноўская. Дзяўчына распавядала, што пасля збіцця сілавікамі ў 2020-ым годзе страціла дзіця. Пазней яна з'ехала за мяжу. Сілавікі пішуць, што там яна «праходзіла падрыхтоўку ў BYPOL».

Па інфармацыі @Grodno_grab, у лютым затрымалі цётку Карыны — Ірыну Савашынскую.


У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 28 чалавек — цяпер у ім 2531 чалавек

10 сакавіка МУС чарговы раз абнавіла «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».

Акрамя іншых, у спіс дадалі сацыяльную актывісту Анастасію Кухту, 20-гадовага Андрэя Раптуновіча, валанцёра фонду «Страна для жизни» Антона Сташэўскага, рэйкавага партызана Віталя Мельніка, фігурантаў «справы АГСБ» Дзмітрыя Сасноўскага, Аляксея Глотава, Наталлю Мацвееву, Вадзіма Гулевіча, Кірыла Ашурка.


Затрыманы жыхар Ваўкавыска

У тэлеграм-канале дзяржаўнага інфармагенцтва з’явіўся ролік з арыштаваным жыхаром Ваўкавыска. Раней такія відэа з'яўляліся толькі ў тэлеграм-каналах прапагандыстаў і сілавікоў.

Затрыманага завуць Зміцер Марозаў, БелТА ў сваім пасце называе яго актыўным удзельнікам пратэстаў. Паводле канала, мужчына цяпер знаходзіцца пад вартай, яму інкрымінуецца ўхіленне ад сплаты падаткаў і гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органа ўнутраных спраў, піша "Наша Ніва".
Інфармацыя дапаўняецца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства