Затрыманні і новыя экстрэмісцкія матэрыялы: хроніка пераследу 23 і 24 лютага Дапоўнена
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 23 і 24 лютага лютага збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Гродне затрымалі Ірыну Савашынскую
23 лютага ў Гродне затрымалі 36-гадовую маці дваіх непаўнагадовых дзяцей Ірыну Савашынскую. Паведамляецца, што за ёй сачылі і затрымалі каля крамы. Дома ў яе правялі ператрус. Вядома, што яе затрымалі ў межах крымінальнай справы, але падрабязнасці невядомыя. Цяпер яе ўтрымліваюць у ІЧУ Гродна.
У "Спіс экстрэмістаў" дадалі яшчэ 45 чалавек — цяпер у ім 2487 чалавек
24 лютага МУС чарговы раз абнавіла "Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці". Акрамя іншых, у спіс дадалі айцішніцу Кацярыну Сасім, затрыманага за намер паехаць ваяваць ва Украіну Максіма Стасюка, грамадзяніна РФ Іллю Кавалёва, супрацоўніка Гродна-Азот Андрэя Ханевіча, былую настаўніцу Ірыну Абдукерыну, топ-мэнэджара мабільнага аператара life:) Арцёма Воўну.
Паліну Шарэнду-Панасюк працягваюць утрымліваць у ШІЗА
Пра гэта паведаміў муж палітзняволенай Паліны Андрэй Шарэнда:
"Паліна ў ШІЗА з 13 студзеня. На 21 лютага няма звестак, што Паліна адтуль выйшла. Магчыма тэрмін пакраньня карцарам быў прадоўжаны далей. Гэта мінімум 40 содняў безперапынных катаванняў холадам, голадам і адсутнасцю сна. Жанчыны, якія сядзелі раней ў ПК-24, кажуць, што вытрымаць больш дзесяці дзён у мясцовым ШІЗА ўзімку проста немагчыма. У маразы камера цалкам прамярзае і пакрываецца шэранню. Холад і адсутнасць нармальнага харчавання ператварае кожную хвіліну знаходжання там у невыносную пакуту".
Нагадаем, супраць Паліны зноў узбудзілі крымінальную справу паводле арт. 411 КК, па якім яе летась ужо асудзілі: да 2 гадоў далалі зняволення яшчэ адзін год. У кастрычніку Паліну змясцілі на паўгода ў ПКТ, дзе рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА. Суткі там не ўлічваюцца ў тэрмін ПКТ.
Адрас для падтрымкі: ПК № 24, 247526, вул. Вытворчая, 44, г. п. Зарэчча, Рэчыцкі раён, Гомельская вобласць
Сілавікі прыйшлі да евангельскіх вернікаў з Мінску — Віталя і Елізаветы Прынеслік
Прынеслікі з’яўляюцца прыхаджанамі царквы «Слова жыцця». Мужчыне былі прад’яўлены абвінавачванні ва ўдзеле ў пратэстах. Елізавету пакінулі на свабодзе праз малалетняга сына. Аднак жанчыне абмежавалі права на выезд з краіны.
Елізавета з'яўляецца вядомай інстаграм-блогеркай, у яе больш за 50 тысяч падпісантаў, піша "Хрысціянская візія".
«Алкоголики Шумилино» і нумар газеты за 1995 год — чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў патрапілі сайт і сацсеткі «Стоп Пропаганды»; Сацсеткі і лагатып праекту «ОБЫЧНОЕ УТРО»; Суполкі ва «Укантакце» «алкоголики шумилино», «МЧС РБ сливайся», «Naviny – Новости Беларуси»; Нумар 115 газеты «СВАБОДА» за 17 кастрычніка 1997 года, нумар газеты «ZA VOLU» за сакавік-красавік 1995 года; «Улётка фармату А4 без звестак аб выдавецтве, з цытатай Гітлера»; Відэаролік «Палітык Дзмітры Шчыгельскі i ксёндз Барок. Вооруженное сопротивление – план политиков. А божий?»; TikTok-старонка «Катя Пытлева»; YouTube-канал «Страна для жизни»; Telegram-каналы і чаты «Гос. Террор», «Говорит Беларусь, «Беларусь online», «Новая Гута.граница», «Медики и Волонтёры», «The Бульба Chat», «ТЕРЕХОВКА», «ГАИ Радошковичи и область».
У Беларусі яшчэ чацвярых адвакатаў пазбавілі ліцэнзіі
Па выніках атэстацыі камісія прыйшла да высновы, што Таццяна Кавалевіч не можа выконваць абавязкі адвакаткі з-за недастатковай кваліфікацыі, а Ігар Дз'ячкоў не поўнасцю адпавядае патрабаванням заканадаўства — для яго прадугледжана адтэрміноўка атэстацыі на шэсць месяцаў, калі ён выканае рэкамендацыі камісіі.
Кваліфікацыйная камісія таксама прыняла рашэнні аб магчымасці спынення ліцэнзій на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці ў дачыненні да Аксаны Белай, Наталлі Волкавай, Вольгі Дзямідчык і Сяргея Дзем'янчука «ў сувязі з немагчымасцю выканання адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі, пацверджанай рашэннем Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакат Беларусь».
Аксана Белая — абаронца галоўнай рэдактаркі TUT.BY Марыны Золатавай, суд над якой працягваецца з 9 студзеня.
Беларуску затрымалі пасля вяртання з-за мяжы
Як паведамляе @Grodno_grab, на наступны дзень пасля вяртання ў Беларусь з-за мяжы была затрымана Аляксандра Каско. 10 лютага ў судзе Ваўкавыскага раёна Мікалай Талашка арыштаваў яе на 10 сутак паводле ч.2 арт.19.11 КаАП РБ (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). 20 лютага Аляксандра на волю не выйшла.