viasna on patreon

PEN International у Міжнародны дзень роднай мовы заклікае падтрымаць Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага

2023 2023-02-21T17:09:59+0300 2023-02-21T23:06:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ales_bialiacki_pen.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, закліканы садзейнічаць моўнай і культурнай разнастайнасці, а таксама шматмоўю. У гонар гэтага дня ПЭН-клуб заклікае падтрымаць беларускага пісьменніка, праваабаронцу, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру і сябра ПЭН-клуба "Беларусь" Алеся Бяляцкага, затрыманага ў 2021 годзе і які да гэтага часу знаходзіцца ў зняволенні.

"Гэта справа з'яўляецца сімвалам таго, якім пагрозам і нападкам часта падвяргаюцца пісьменнікі і журналісты па ўсім свеце за мірнае ажыццяўленне свайго права на свабоду слова. Яна таксама з'яўляецца прыкладам таго, якому прыгнёту падвяргаюцца пісьменнікі і журналісты, якім не даюць выказаць сябе на іх мове карэннага народа або меншасцяў.

Павага да ўсіх моваў і культураў з'яўляецца асноватворным у працэсе пабудовы і падтрымання дыялогу і міру ва ўсім свеце. Прыміце меры сёння, каб вызваліць Алеся Бяляцкага",адзначаецца на сайце PEN International.

Алесь Бяляцкі — пісьменнік, сябра ПЭН-клуба "Беларусь", лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і заснавальнік Праваабарончага цэнтра "Вясна".

Цяпер Алесь Бяляцкі разам з калегамі — Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам — паўстаў перад судом у Мінску. Яму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі ў сувязі з яго праваабарончай дзейнасцю і крытычнымі выказваннямі ў адрас беларускіх уладаў.

На працягу ўсяго працэсу Бяляцкі неаднаразова прасіў пракурора і суд весці працэс на беларускай мове, але безвынікова. Бяляцкі, у прыватнасці, сказаў:

"Надзвычайна склалася сітуацыя з мовай у судзе: абвінавачванне і суд катэгарычна адмовіліся размаўляць па-беларуску, нягледзячы на тое, што я, як абвінавачаны, з'яўляюся беларускамоўным у жыцці чалавекам. Я размаўляю, пішу, думаю на беларускай мове. Нагадваю, што беларуская мова з'яўляецца дзяржаўнай мовай, і вы, як дзяржаўныя чыноўнікі, павінны ведаць дзве дзяржаўныя мовы, у тым ліку і беларускую, а не пыкаць і бэкаць. Таму вы абавязаны размаўляць адпаведна з беларускамоўнымі грамадзянамі па-беларуску. Напрыклад так, як гэта прадугледжвае Закон "Аб зваротах грамадзян": калі ты пішаш на беларускай, то любое чыноўніцкае ведамства адказвае табе на беларускай мове. Гэтым самым мяне паставілі ў няроўнае становішча з бокам абвінавачвання. Мне не далі магчымасці грунтоўна і падрабязна патлумачыць сваю пазіцыю, аспрэчваць несправядлівае бязглуздае абвінавачванне".

Прысуд у дачыненні да яго будзе абвешчаны 3 сакавіка 2023 года.

PEN International заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Алеся Бяляцкага і зняцця ўсіх абвінавачванняў супраць яго. І прапануе:

1) звярнуцца да беларускіх уладаў, заклікаючы іх:

  • неадкладна і безумоўна вызваліць Алеся Бяляцкага і зняць з яго ўсе абвінавачванні;
  • да яго вызвалення забяспечыць яму рэгулярныя зносіны з сям'ёй, адвакатамі і адэкватнае медыцынскае абслугоўванне;
  • выконваць свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека і адстойваць правы на свабоду слова, асацыяцыі і мірных сходаў для ўсіх.

2) адправіць паведамленні салідарнасці Алесю па адрасе:

Аляксандра Віктаравічу Бяляцкаму

СІЗА-1, вуліца Валадарскага, 2

220030, Мінск, Беларусь

3) публікаваць артыкулы і меркаванні ў нацыянальнай ці мясцовай прэсе, якія асвятляюць справу Алеся Бяляцкага і стан свабоды слова ў Беларусі;

4) дзяліцца інфармацыяй пра Алеся Бяляцкага ў сацыяльных сетках з хэштэгамі #AlesBialiatski і #FreeViasna.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства