26 новых "экстрэмістаў" і чарговыя затрыманні: хроніка пераследу 17 і 18 лютага
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 17 і 18 лютага лютага збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Праваабаронцу Насту Лойку абвінавачваюць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу
Як паведамляе @humanconstanta, гэта арт. 342 КК РБ («арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у такіх дзеяннях») і арт. 130 КК РБ («распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы»).
Падставай для апошняга абвінавачання стаў нібыта ўдзел Насты ў напісанні справаздачы аб пераследзе анархісцкай супольнасці ў Беларусі за 2018 год. У дакладзе даецца крытычная ацэнка дзейнасьці супрацоўнікаў міліцыі, якую следчыя ў справе Насты кваліфікуюць як «распалваньне варожасці» да прафесійнай групы супрацоўнікаў міліцыі.
Падтрымаць Насту: СІЗА-1. 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Анастасія Юр'еўна Лойка.
У Гродне затрыманы прадпрымальнік Андрэй Аліеў
На «пакаяльным відэа» ён кажа, што пакідаў абразлівыя каментары ў дачыненні да Лукашэнкі, а таксама нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 26 чалавек — цяпер у ім 2442 чалавекі
17 лютага МУС чарговы раз абнавіла «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Акрамя іншых, у спіс дадалі мазыранку Крысціну Чаранкову, кіраўніка ўпраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1 Мікалая Брэдзелева, журналіста Алеся Любенчука, жыхара Гомеля Аляксандра Айнутдзінава.
Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў таксама папоўніўся
Артыкул пра пратэсты ў расійскім часопісе і старонкі Міколы Статкевіча — чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго на гэты раз трапілі:
Сайт і сацсеткі «Народнай Грамады» і Міколы Статкевіча;
Суполка ва «Укантакце» «Беларусь без хамства и беззакония»;
Артыкул пад назвай «Перадумовы Беларускага пратэсту ў 2020 годзе», змешчаны ў штогадовым расійскім часопісе «Моладзевая Галактыка №17 2020 года»;
TikTok-старонкі «expressby» і «litvinby»;
Telegram-канал «Мой город Молодечно Новости Молодечно Типичный Маладзечна Навіны Live».
Таксама суд Ленінскага раёну Берасця ўнёс кліп гурту "Дай Дарогу!" на песьню "Экстремист" у "сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў"
Палітвязня Мікіту Емяльянава зноў змясцілі ў ШІЗА
Актывіста анархічнага руху Мікіту Емяльянава ў сярэдзіне чэрвеня перавялі ў ваўкавыскую калонію. З таго часу яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА і пазбавілі кароткатэрміновага спаткання. З 25 кастрычніка яго змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Але на наступны дзень яго закінулі ў ШІЗА на 10 сутак, пры тым, што тэрмін у ШІЗА не залічваецца ў тэрмін ПКТ.
З 7 лютага Мікіту ў чарговы раз змясцілі ў штрафны ізалятар тэрмінам на 15 сутак. Таксама паведамляецца, што яму блакуюць ліставанне і 8 месяцаў не перадаюць са складу кнігі.
Нагадаем, 11 сакавіка Емяльянава асудзілі на два гады калоніі па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Са жніўня 2021 года Мікіту змяшчалі ў карцар або ШІЗА агулам больш, чым на сем месяцаў.
Інфармацыя дапаўняецца.