Ціск на сваякоў актывістаў, затрыманні па даносах з чат-рулеткі: хроніка пераследу 9 лютага
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9 лютага 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Да сваякоў актывіста, які знаходзіцца за мяжой, прыходзілі з "камісіі па вяртанні"
Невядомыя з бэйджамі камісіі для працы з жадаючымі вярнуцца ў Беларусь прыйшлі да сваякоў гомельскага актывіста Барыса Анікеева, які пражывае за мяжой, піша @radiosvaboda са спасылкай на BPN.
Паводле слоў актывіста, запытваліся, колькі ён знаходзіцца за мяжой, паводзілі сябе культурна. Пасля заявілі: «На вашага брата абвешчаная амністыя. Ён можа спакойна вяртацца, яму нічога не пагражае. Трэба, каб ён вярнуўся, каб даў прыклад».
Пры гэтым жанчыны не змаглі патлумачыць, якая амністыя была абвешчаная, паколькі Анікееў па палітычных справах асуджаны не быў.
Па даносе правакатара з чат-рулеткі затрымалі праграміста Дзмітрыя Ліцвіненку
На «пакаяльным відэа» 34-гадовы хлопец кажа, што ў размове з правакатарам Ігарам Канюшыкам негатыўна выказваўся пра грамадзян Расіі — за гэта і быў затрыманы ГУБАЗіКам.
У Мінску затрыманы чарговы адвакат
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне 7 лютага адваката Максіма Агеева. Прычыны затрымання і дзе ўтрымліваюць адваката — пакуль невядомыя.
Максім быў адвакатам некаторых палітвязняў.
Інфармацыя дпаўняецца