viasna on patreon

Павел Сапелка — пра ўказ Лукашэнкі аб "вяртанні" дадому: "Гэта літаральна ўвасабленне татальнага прававога крызісу"

2023 2023-02-08T13:34:56+0300 2023-02-08T13:56:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sapelko_1_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёлета ў студзені ў Беларусі абвясцілі пра стварэнне камісіі, якая будзе разглядаць пытанне вяртання дадому тых, хто з палітычных прычынаў пакінуў Беларусь пасля падзей 2020 года. 6 лютага Лукашэнка падпісаў указ пра стварэнне камісіі для працы з тымі, хто хоча вярнуцца на радзіму, "Аб разглядзе зваротаў грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой, па пытаннях учынення імі правапарушэнняў". Праваабаронца і юрыст "Вясны" Павел Сапелка прааналізаваў новы ўказ з пункту гледжання права і суадносінаў з крымінальным заканадаўствам Беларусі.

Павел Сапелко поруч суда Маскоўскага раёна. Фота: ПЦ "Вясна"
Павел Сапелко поруч суда Маскоўскага раёна. Фота: ПЦ "Вясна"

"Указ Лукашэнкі ад 6 лютага 2023 года — гэта літаральна ўвасабленне татальнага прававога крызісу, гэтакая канстытуцыя той пародыі, у якую ператварылася і без таго слабое і няспелае беларускае правасуддзе за апошнія два гады.

Для пачатку — трошкі пра беларускі крымінальны і крымінальна-працэсуальны закон. Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь акрэслівае, якія грамадска небяспечныя дзеянні з'яўляюцца злачынствамі, замацоўвае падставы і ўмовы крымінальнай адказнасці, вызначае пакаранні і іншыя меры крымінальнай адказнасці, што могуць быць ужытыя да асобаў, якія здзейснілі злачынствы. Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь акрэслівае парадак дзейнасці органаў, якія вядуць крымінальны працэс, а таксама правы і абавязкі ўдзельнікаў крымінальнага працэсу.

"Вызначаны Крымінальна-працэсуальным кодэксам парадак вытворчасці паводле матэрыялаў і крымінальнай справы з'яўляецца адзіным і абавязковым для ўсіх органаў і службовых асоб, якія вядуць крымінальны працэс, а таксама для іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу".

"Крымінальны кодэкс "з'яўляецца адзіным крымінальным законам, які дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь".

Гэтыя дзве цытаты з КПК і КК адказваюць на пытанне, якой будзе каштоўнасць прадпісанняў Указу, які хутка зрабіўся папулярным і актыўна абмяркоўваецца, — гэта не крымінальны закон, прыдатны да ўжывання.

Нават Канстытуцыя, пасля таго як яе прааперавалі ў лютым 2022-га, перастала бачыць ва ўказах прэзідэнта штосьці асаблівае і адвяла ім належную ролю: указы не павінны супярэчыць законам (а кодэксы — гэта від закона). Праўда, да Закона "Аб нарматыўна-прававых актах" рукі заканадаўцаў яшчэ не дайшлі, і там указ усё яшчэ можа быць у прыярытэце перад законам, але пра суадносіны юрыдычнай сілы Канстытуцыі і закона ведаюць не толькі юрысты…

Таму ўнесці ва ўказ штосьці такое, што змяніла б законным чынам парадак вядзення вытворчасці паводле крымінальнай справы не ўявілася магчымым, таму ж паўнамоцтвы камісіі абмежаваліся дэ-юрэ дарадчымі. У яе паўнамоцтвах толькі магчымасць паведаміць пра адсутнасць ці наяўнасць прэтэнзій рэжыму да патэнцыйнага рэпатрыянта і выказацца пра мэтазгоднасць адмены ці замены на мякчэйшую меры стрымання, спыненне адміністрацыйнай справы ці вызваленне грамадзяніна ад крымінальнай адказнасці ў парадку і на ўмовах, прадугледжаных заканадаўствам. Дэ-факта, наяўнасць у складзе ўсіх вядучых кіраўнікоў "праваахоўнага" блока намякае на тое, што рашэнні будуць мець прыстойную адміністрацыйную вагу.

А далей трэба чытаць уважліва тэкст указу: калі па рашэнні камісіі прэтэнзій у рэжыму да таго, хто звярнуўся, няма, або ён варты паслабленняў ці прабачэння, то пра гэта грамадзянін апавяшчаецца камісіяй — і пачынаецца адлік трохмесяцовага тэрміна на вяртанне. А як жа адпаведныя працэсуальныя рашэнні? А іх указ наогул і не абяцае: органы крымінальнага пераследу павінны разгледзець рашэнне камісіі і паведаміць камісіі пра свае працэсуальнае рашэнне, якое мае рэальную вагу, тое, якое вядзе ў СІЗА, калонію ці пакуль у зваротны ад іх бок.

Гэтае рашэнне прымаецца, нагадаю, "у парадку і на ўмовах, прадугледжаных заканадаўствам". Заканадаўствам (КК і КПК) прадугледжаны падставы для адмены і змены меры стрымання і спынення крымінальнага пераследу. І калі ў дачыненні да мер стрымання ўсё досыць проста, следчаму будзе цалкам дастаткова падмацаванага ўхваленнем непасрэднага начальства і часам — адпаведнага пракурора рашэння гэтых годных людзей з камісіі, то для спынення крымінальнай справы КК вызначае нямала перашкод, часам непераадольных. Пра што следчы паведаміць камісіі, а камісія… не абавязана паведамляць суайчынніку, які да іх звярнуўся.

Таму збірацца ў дарогу толькі на падставе абнадзейлівага ліста ад аўтарытэтных людзей з камісіі, мабыць, зарана нават для самых адчайных з тых, хто настальгіруе. Для пэўнасці варта атрымаць нейкія працэсуальныя дакументы, якія могуць быць… адмененыя ці змененыя са згоды самага важнага і справядлівага з пракурораў — Генеральнага, магчымасці якога ў гэтай галіне абмежаваныя толькі магчымым недахопам працоўнага часу, але ніяк не законам і разумным сэнсам, бо з пункту гледжання закона і цяперашняй практыкі яго ўжывання вялікая частка працэсуальных рашэнняў будзе спрэчнымі і крохкімі.

Дарэчы, калі працэсуальнае рашэнне ў дачыненні да рэпатрыянта на момант яго вяртання не будзе прынята, то яно ўсё адно павінна прымацца са згоды генеральнага пракурора. Шкада, што ў КПК пра гэта нічога не напісана. Там, у КПК, згадана шмат пра самастойнасць следчага і ягоны абавязак "ажыццяўляць крымінальны пераслед асобы, у дачыненні да якой сабраныя дастатковыя доказы, якія паказваюць на здзяйсненне ёю злачынства, шляхам прыцягнення яе ў якасці абвінавачанага, выстаўлення абвінавачвання", ужывання ў дачыненні да яе ў адпаведнасці з КПК "меры стрымання, перадачы справы пракурору для накіравання суд".

Варта толькі зірнуць у Крымінальным кодэксе на прынцыпы крымінальнага закона і крымінальнай адказнасці, і робіцца зразумелым, што любыя палёгкі, абяцаныя не Указам, а ягонымі прамоўтарамі, цалкам супярэчаць прынцыпам законнасці, роўнасці грамадзян перад законам, няўхільнасці адказнасці, асабістай вінаватай адказнасці, справядлівасці, адпавядаючы, мабыць, толькі прынцыпу гуманізму.

З пункту гледжання закона, як тыя, хто вырашыў папярэдне пакаяцца перад камісіяй, гэтак і тыя, хто звярнуўся непасрэдна, напрыклад, у Следчы камітэт і здзейсніў з пункту гледжання рэжыму злачынства, "роўныя перад законам і падлягаюць крымінальнай адказнасці незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага і службовага становішча, месцажыхарства, адносінаў да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасці да грамадскіх аб'яднанняў, а таксама іншых акалічнасцяў".

Вось, уласна, і ўсё, што можна сказаць цяпер пра каштоўнасць свежага ўказу. Кожны і кожная, вядома, самастойныя ў планаванні будучыні, аднак пакуль не зробіцца ўстойлівай практыка ўжывання ўказу і ступень лаяльнасці да рашэнняў камісіі следчых, рана наважвацца на складанне і адпраўку на радзіму самаданосаў пра "акалічнасці, у сувязі з якімі, як мяркуе грамадзянін, яго могуць прыцягнуць да адміністрацыйнай і (ці) крымінальнай адказнасці", паведамляць "пра чыстасардэчнае раскаянне ў здзейсненым" і гатовасць кампенсаваць прычыненую шкоду".

Юрыст "Вясны" — пра камісію па вяртанні дадому: "Ні пра якую палітычную амністыю і лібералізацыю гаворкі не ідзе"

Распавядаем, што цяпер вядома пра гэтую камісію, а юрыст "Вясны" каментуе такую прапанову ўладаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства