Праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся ў пракуратуру наконт утрымання "вясноўцаў" у кайданках падчас суду
16 студзеня 2023 года праваабаронца Павел Левінаў звярнуўся ў Генеральную пракуратуру з нагоды ўтрымання "вясноўцаў" Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча закаванымі ў кайданкі падчас судовага разбіральніцтва па "справе "Вясны".
У судзе Ленінскага раёну Мінска 5 студзеня распачаўся суд "па справе Вясны". Паводле ч. 4 арт. 228 і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса судзяць чатырох праваабаронцаў: старшыню Праваабарончага цэнтра "Вясна" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзіміра Лабковіча, а таксама завочна Змітра Салаўёва, які вымушаны быў пакінуць Беларусь.
60 тамоў з 283 за некалькі дзён. Паскораны рэжым разгляду ў судзе "справы Вясны"
На судзе праваабаронцаў "Вясны" працягваюць утрымліваць у залі суда ў клетцы ў кайданках, хаця яны патрабуюць зняць іх. Таму Павел Левінаў накіраваў у Генеральную пракуратуру зварот наконт дачы прававых ацэнак і аднаўленні правоў грамадзянаў. Ён адзначае, што прызнанне чалавека і ягонай годнасці, роўных і неад'емных правоў замацаваныя ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека, а таксама Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах. Згодна з апошнім, кожны абвінавачаны ў крымінальным злачынстве мае права лічыцца невінаватым, пакуль яго вінаватасць не будзе даказаная згодна з законам. Таксама ў Заўвагах агульнага парадку №32 да артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах адзначана:
"Падчас судовага разбіральніцтва падсудныя па агульнаму правілу не павінныя быць закаваныя ў кайданкі, альбо ўтрымлівацца ў клетках, альбо паўставаць перад судом у абліччы, якое іншым чынам сведчыла б, што яны могуць небяспечнымі злачынцамі".
У звароце Павел Левінаў таксама адзначыў, што суддзя Марына Запаснік адмовіла ў заяўленых абвінавачанымі хадайніцтвы аб зняцці з іх кайданкоў падчас судовага разбіральніцтва. У задавальненні хадайніцтва было адмоўлена, таму што такое рашэнне было прынятае кіраўніком канвойнай групы, якое суд адмяніць не можа.
Таму Павел Левінаў просіць пракуратуру:
- Даць прававую ацэнку кіраўніку канвойным групы, які прыняў рашэнне аб утрыманні грамадзянаў Рэспублікі Беларусь: лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча падчас судовага разбіральніцтву закаванымі ў кайданкі.
- Даць прававую ацэнку бяздзейнасці дзяржаўнага абвінаваўцы Аляксандра Караля ў частцы непрыняцця ім мер па аднаўленні правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь: лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, гарантаваных артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
- Прыняць неадкладныя меры па аднаўленні правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь: лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, гарантаваных артыкулам 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
- Праінфармаваць аб прынятых рашэннях.