За лістапад суды ў крымінальным парадку рэпрэсавалі не менш за 89 чалавек
Праваабарончы цэнтр "Вясна" на працягу лістапада фіксаваў тэндэнцыю крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзян па палітычных матывах. ПЦ "Вясна" вядома пра не менш чым 89 асуджаных у лістападзе грамадзян, з якіх 23 складаюць жанчыны і – 66 мужчыны.
Праваабаронцы зафіксавалі, што ў лістападзе судовая сістэма ў пераважнай большасці выпадкаў працягвала ўжываць да рэпрэсаваных пакарання, звязаныя з пазбаўленнем і абмежаваннем волі. Сумарна, за лістапад, па вядомых ПЦ «Вясна» справах, суды вынеслі:
213 гадоў і 3 месяцы пазбаўлення волі ў дачыненні да 62 чалавек;
6 месяцаў пазбаўлення волі з умоўным непрымяненнем пакарання для 1 чалавека;
6 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (»хімія") у дачыненні да 3 чалавек;
56 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (»хатняя хімія") у дачыненні да 23 чалавек;
1 200 базавых велічынь штрафу на суму 38 400 рублёў у якасці дадатковага пакарання для 9 чалавек разам з пазбаўленнем (для 8 асуджаных) і абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (для аднаго чалавека);
5 гадоў пазбаўлення права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі ў дачыненні да аднаго чалавека ў якасці дадатковага пакарання разам з пазбаўленнем волі.
Паводле вядомых праваабаронцаў прысудаў у лістападзе суды ўжывалі пакаранне, звязаныя з пазбаўленнем волі ў 69.7% выпадкаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ («хімія») суды выкарыстоўвалі ў якасці пакарання ў 3.4% выпадкаў. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ (»хатняя хімія") ужывалася ў 25.8% выпадках асуджэння грамадзян. Пазбаўленне волі з умоўным непрымяненнем пакарання ўжывалася, як мінімум у 1 выпадку, што складае 1.1%.
Такім чынам, у лістападзе пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе «хіміі» і «хатняй хіміі» суды ўжывалі ў 98.9% выпадках асуджэння фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў.