Сустрэчы з людзьмі, асуджанымі да смерці, і агульныя каштоўнасці. Што ўразіла беларускіх праваабаронцаў на Сусветным кангрэсе супраць смяротнага пакарання?
Восьмы Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання завяршыўся ў Берліне. Ён праходзіў з 15 па 18 лістапада , і аб’яднаў каля 1000 удзельнікаў з самых розных краін. На кангрэсе былі і тры беларускія праваабаронцы – з “Вясной” яны падзяліліся сваімі ўражаннямі ад гэтай маштабнай падзеі.
Дар’я Рублеўская: “Натхняе, як еўрапейскія краіны, дзе няма смяротнага пакарання, працуюць з гэтай тэмай”
Для прадстаўніцы кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” і праваабаронца ПЦ “Вясна” Дар’і Рублеўскай Восьмы Сусветны кангрэс стаў першым у яе жыцці.
“Я вельмі ўражана колькасцю людзей з самых розных краінаў, у якіх усё яшчэ ёсць смяротнае пакаранне — альбо на фармальным альбо на рэальным узроўні (гэта я кажу пра тыя краіны, якія фактычна не ўжываюць смяротнае пакаранне, але пры гэтым захоўваюць яго ў заканадаўстве). Вельмі шмат розных краінаў, вельмі шмат розных людзей, актывістаў і актывістак, даследчыкаў і даследчыц, якія па ўсім свеце працуюць з гэтай тэмай.
Таксама вельмі натхняе, як еўрапейскія краіны, якія не маюць смяротнага пакарання, пры гэтым вельмі актыўна ўдзельнічаюць у абаліцыяністкім руху — напрыклад, Францыя, Германія, Іспанія. Яны робяць розныя інтэрнацыянальныя кампаніі і працуюць з краінамі, ў якіх ёсць смяротнае пакаранне, а таксама і засноўваюць арганізацыі ў сваіх краінах, падтрымліваюць мясцовых актывістаў і актывістак”.
Дар’я адзначае, што на кангрэсе было шмат панэльных дыскусій, абмеркаванняў і воркшопаў з прадстаўнікамі і прадстаўніцамі дзяржаваў. Бо працуючы наўпростава з імі, можна дамагчыся многіх зменаў — у гэтым ўпэўненыя арганізатары кангрэса.
"У Еўропе бушуе вайна, у Афганістане і Беларусі дзеецца беззаконне". Стартаваў Сусветны Кангрэс супраць смяротнага пакарання
Андрэй Палуда: прадстаўнікам ад беларускай дзяржавы на кангрэсе сказаць няма чаго
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” і праваабаронца ПЦ “Вясна” Андрэй Палуда заўважае, што прадстаўнікоў ад беларускай дзяржавы на Восьмым кангрэсе не было. Праваабаронца не ведае, ці запрашалі іх арганізатары кангрэса. Але нават калі беларускія чыноўнікі і прыехалі б, то што яны там змаглі б сказаць?
“У мінулыя разы беларускія прадстаўнікі дзяржавы казалі, што яны вывучаюць пытанне адмены смяротнага пакарання — і Беларусь паступова рухаецца да гэтага. А што яны могуць сказаць зараз? Што вясной увялі новыя магчымасці ў заканадаўстве для таго, каб прымяняць смяротнае пакаранне ў больш шырокім фармаце?” — задаецца рытарычным пытаннем Андрэй Палуда.
У межах Восьмага Сусветнага кангрэса праваабаронца Андрэй Палуда быў вылучаны ў шорт-ліст намінантаў прэміі імя Роберта Бадзінтэра (міністра Францыі, які выступіў з заканадаўчай ініцыятывай аб адмене смяротнага пакарання ў сваёй краіне). А на ўрачыстым закрыцці Восьмага кангрэса абвесцілі лаўрэатку — ёй стала Насрын Сатудэ з Ірана. З’яўляючыся адвакаткай, яна паспяхова прадухіліла ў сваёй краіне некалькі смяротных пакаранняў, у тым ліку ў дачыненні да непаўнагадовых. Насрын вядзе працу ў кампаніі LEGAM (“Кампанія за паэтапную адмену смяротнага пакарання”). У 2019 годзе ўлады Ірана звінавацілі Сатудэ ў тым ліку ва ўдзеле ў нелегальным сходзе — у выніку ёй прысудзілі 38 гадоў турмы і 148 удараў пугай.
“І Беларусь, і Іран часта на кангрэсе гучалі ў негатыўным кантэксце, бо ў гэтых краінах вельмі актывізавалася сітуацыя са смяротным пакараннем, — адзначае Андрэй Палуда. — У Беларусі — з-за зменаў у заканадаўстве, у Іране ж — рыторыка аб тым, што зараз да смерці будуць прысуджаць палітычных апанентаў”.
Андрэй Палуда таксама ўражаны ўдзельнікамі кангрэса:
“Усе вельмі адкрытыя і добра ішлі на кантакт. І гэта зразумела, бо не важна, на якой мове яны размаўляюць — па-ангельску, па-французску, па-тайваньску ці па-беларуску — у іх ёсць агульная мова, якую яны разумеюць: гэта мова каштоўнаснага падыхода, на якой і заснаваны рух абаліцыянізму”.
На Сусветным Кангрэсе супраць смяротнага пакарання Беларусь і Іран прагучалі ў негатыўным кантэксце
Павел Левінаў: уражаны ад сустрэчы з людзьмі, асуджанымі да смяротнага прысуду
Удзельнік кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” і праваабаронца Беларускага Хельсінкскага Камітэта Павел Левінаў адчувае захапленне ад таго, як сусветная кампанія прасоўвае права на жыццё. А яшчэ праваабаронца пазнаёміўся ў межах кангрэса з людзьмі, якія раней былі асуджаны да смяротнага пакарання:
“Людзі, якія больш за 20 гадоў прабылі ў турмах, чакаючы смяротнага прысуду — і ўрэшце былі апраўданыя ў сувязі з тым, што з'явіліся новыя метады даследавання доказаў, таму з іх былі знятыя абвінавачванні. Гэта самае магутнае ўражанне: бо па-першае, гэта мужныя людзі. А па-другое, у Беларусі смяротныя прысуды прыводзяцца ў выкананне на працягу года або паўтара гадоў — і ніхто там не разбіраецца.
А ў тых людзей была надзея і вера. Справядлівасць перамагла — і яны апынуліся на волі”.
На пытанне, як выглядаюць людзі, асуджаныя да смяротнага пакарання, Павел Левінаў адказаў:
“У натоўпе іх не адрозніш ад нас. Але гэтыя людзі не забітыя горам, яны жыццярадасныя. Калі яны даведаліся, што я з Беларусі, то пыталіся пра нашу краіну, пра тое, што робіць наш урад для таго, каб увесці мараторый або адмяніць смяротнае пакаранне.
Гэта значыць, гэтых людзей цікавіў не толькі свой цяжкі лёс — яны, пацярпеўшы, узялі цяжар барацьбы за права на жыццё людзей іншых краін. Я за гэта перад імі проста схіляюся”.
Па сканчэнні Восьмага Сусветнага кангрэса супраць смяротнага пакарання ў Берліне прайшоў марш абаліцыяністаў. Удзельнікі скандавалі «Abolition now!», патрабуючы адмяніць смяротнае пакаранне неадкладна.