viasna on patreon

Суд над былым следчым Яўгенам Юшкевічам будзе праходзіць у закрытым рэжыме

2022 2022-11-15T12:17:36+0300 2022-11-15T14:29:22+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/yashkevich_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 15 лістапада распачаўся суд над былым следчым і ініцыятарам праекта ByChange Яўгенам Юшкевічам. Яго абвінавачваюць адразу па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак); ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў); ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі); ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці); арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады); арт. 364 (пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка ўнутраных органаў). Артыкул "акт тэрарызму", па якім яго першапачаткова затрымалі, у справе не фігуруе. Суд першапачаткова быў адкрыты, але амаль адразу суддзя Алена Ананіч закрыла працэс. За кратамі палітвязень знаходзіцца паўтара года — суд сёння адмовіў яму ў хадайніцтве змяніць меру стрымання на незвязаную з пазбаўленнем волі.

Яўген Юшкевіч. Фота:
Яўген Юшкевіч. Фота: "Наша Ніва"

Яўген Юшкевіч — былы следчы СК і ініцыятар праекта bychange.me. У 2017 годзе ён звольніўся з пасады старшага следчага аддзела па расследаванні эканамічных злачынстваў Упраўлення Следчага камітэта па Мінску, а ў 2020-м стаў распрацоўшчыкам і ініцыятарам праекта bychange.me, які дапамагаў у навучанні, перападрыхтоўцы сілавікоў, дзяржслужачых і людзей, якія сышлі з працы па меркаваннях сумлення ці якіх звольнілі.

Першы раз Яўген быў затрыманы ўвечары 24 лістапада 2020 года ў Мінску. Тады Яўгену інкрымінавалі ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Але праз 10 сутак яго вызвалілі са следчага ізалятара № 1. 

Другі раз Яўгена Юшкевіча затрымалі 19 красавіка 2021 года па падазрэнні па арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму). Дома ў яго правялі ператрус, а яго самога змясцілі ў СІЗА КДБ, куды доўгі час не пускалі адваката. За месяц да затрымання ў машыне, якая належыць яго бацьку, невядомыя ўсталёўвалі праслушку  адпаведнае відэа з рэгістратара Яўген апублікаваў у фэйсбуку. 

У Яўгена ўзялі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў справы, каб ён нават сваім сукамернікам не мог распавесці, у чым яго канкрэтна абвінавачваюць. Сам палітвязень расцэньваў у лістах на волю свой пераслед і затрыманне як помсту за выкладзенае відэа з усталёўкай праслушкі ў машыне яго бацькі, на якой ён прыехаў 17 сакавіка на допыт у Следчы камітэт. 

Допыт Юшкевіча ў кайданках на іншым судзе

8 кастрычніка 2021 года Яўгена дапыталі ў якасці сведкі на судзе над іншым былым следчым Ягорам Вяршыніным. Яго прывезлі на суд у кайданках. Падчас допыту па баках у Яўгена стаялі два канваіры, а побач сядзела яго адвакатка. Юшкевіча дапытваюць па гэтай справе, таму што па абвінавачванні, Вяршынін браў удзел у Маршах менавіта з ім — сваім лепшым сябрам.

З паказанняў Яўгена стала вядома, што яму прад’яўлена абвінавачванне па арт. 342 КК за ўдзел у Маршы 16 жніўня. За ўдзел у масавых мерапрыемствах 23 і 30 жніўня ён праходзіць у якасці сведкі.  На судзе Юшкевіч распавёў, што 23 жніўня сустрэўся з Вяршыніным, каб абмеркаваць спорт. У астатнім ён паўтарыў, што казаў Ягор. Па яго словах, яны не выкрыквалі ніякіх лозунгаў, не паказвалі знакі, не памятае, каб была нейкая сімволіка з сабой. Кажа, што не было матыву ўдзельнічаць у Маршах, але было цікава паглядзець колькі чалавек будзе. Юшкевіч сказаў, што без Вяршыніна далучайся да Маршу толькі 16 жніўня, а з сябрам толькі 23 і 30 жніўня. Адзначае, што закон добра ведае, і на Маршах удваіх назіралі таксама за парадкам.

Юшкевіч адзначыў, што ісці па перакрытай дарозе законам не забаронена. Кажа, што выглядала ўсё так, што дарогу спецыяльна перакрылі, каб людзі маглі пайсці па дарозе.

"Такія Маршы адбываюцца ў Беларусі ўпершыню і прапусціць такую падзею было б злачынствам".

 Больш за год у зняволенні

Яўген адразу ўтрымліваўся ў СІЗА КДБ, а потым яго перавялі ў СІЗА-1.Вядома, што ў СІЗА палітвязень перахварэў на COVID-19. Таксама падчас ўсяго зняволення ў яго назіраюцца праблемы з ліставаннем — яму не аддаюць лісты.

"Усякія дробязі зусім па-іншаму тут ацэньваюцца. Першы час слёзы наварочваліся ад кожнай перадачы, цяпер ужо прывык да іх. Але часам, калі глядзіш на нейкую дробязь накшталт двух пачкаў цыгарэт, думаеш: "Гэта ж 7 рублёў, гэта амаль 1/100 зарплаты маёй мамы, ды яшчэ і час выдаткаваны на куплю гэтых пачкаў». Акуратна складваеш і захоўваеш гэтыя 40 цыгарэт, таму што родныя табе іх куплялі", — пісаў ён у лістах да дзяўчыны Валерыі Эйсмант.

4 траўня Юшкевіч быў пазбаўлены звання старшага лейтэнанта юстыцыі запасу.

Падтрымайце Яўгена пасылкамі, грашовымі пераводамі і паштоўкамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Яўген Міхайлавіч Юшкевіч

У экс-следчага Юшкевіча ў СІЗА ўзялі падпіску аб неразгалошванні і прад'явілі яшчэ два абвінавачванні

«Вясна» распавядае, што вядома пра пераслед былога следчага і пра яго цяперашні стан у СІЗА.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства