viasna on patreon

Палітзняволенага экс-следчага Ягора Вяршыніна пакаралі 2 гадамі калоніі за ўдзел у двух Маршах

2021 2021-10-08T17:45:00+0300 2021-10-11T10:29:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viarshinin_90.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 8 кастрычніка асудзілі па ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу 31-гадовага Ягора Вяршыніна — палітзняволенага былога следчага. Суддзя Дзмітрый Карсюк за дзень разглядзеў справу супраць палітвязня і пакараў яго двума гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Такое пакаранне запатрабаваў пракурор Арцём Цвяткоў. Вяршыніна абвінавацілі ва актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак — ва ўдзеле ў Маршах 23 і 30 жніўня ў Мінску. Галоўнымі доказамі віны Ягора сталі два фотаздымкі з Марша, якія праваахоўным органам з закрытай асабістай старонкі ў фэйсбуку прадаставіў мужчына, супраць якога калісьці вёў справу як следчы Вяршынін. Ягор віну не прызнаў. На судзе ў кайданках дапыталі сябра абвінавачанага Яўгена Юшкевіча, якога абвінавачваюць у тэрарызме. «Вясна» падрабязна распавядае пра суд над палітзняволеным былым следчым. 

Ягор Вяршынін
Ягор Вяршынін

*Ягор Вяршынін больш за шэсць гадоў адпрацаваў у Следчым камітэце, займаўся расследаваннем эканамічных злачынстваў. Звольніўся ў 2019 годзе, займаўся спартыўнай аналітыкай і планаваў ісці ў IT. 11 чэрвеня 2021 году Ягора затрымалі.

У чым абвінавацілі былога следчага? 

Згодна з версіяй абвінавачвання, Ягор Вяршынін прыняў удзел 23 жніўня мінулага года на плошчы Незалежнасці і праспекце Машэрава у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Ён, усведамляючы супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў, публічна выкрыкваў лозунгі, пляскаў рукамі, выкарыстаў БЧБ-сцяг як пратэстных сімвал, знаходзіўся на праезнай частцы, чым перашкаджаў працы грамадскага транспарту, а значыць груба парушыў грамадскі парадак.

Таксама яго абвінавацілі ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 30 жніўня ў раёне Нямігі, на вуліцы Кальварыйскай, праспекце Пераможцаў. Так, з 13:20 да 18:50 Вяршынін на праспектах Незалежнасці, Пераможцаў і Машэрава наўмысна прыняў актыўны ўдзел у дзеяннях, аказваў відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, публічна выкрыкваў лозунгі, размахваючы рукамі і сцягамі, ажыццявіў блакаванне грамадскага транспарту шляхам выхаду на праезную частку і адмаўляўся яе пакінуць.

Галоўнымі доказамі віны палітвязня выступалі дзве фатаграфіі Вяршыніна з Марша: фотаздымак 23 жніўня з БЧБ-сцягом і ўзнятым кулаком уверх і сэлфі 30 жніўня на фоне ачаплення сілавікоў. Іх Ягор размясціў на сваёй закрытай старонцы ў фэйсбуку. Праваахоўным органам іх прадаставіў мужчына, супраць якога калісьці вёў справу як следчы Вяршынін.  

Ягор віну не прызнаў.

"Не разумею, што значыць дэструктыўныя мэты". Што казаў на судзе палітзняволены Вяршынін?

Ягор Вяршынін распавёў, што 23 жніўня мінулага года ён загадзя дамовіўся са сваім сябрам Яўгенам Юшкевічам папіць разам кавы. Сустрэліся яны днём у цэнтры Мінска, але канкрэтнае месца сустрэчы ўзгадаць не змог. Ягор сказаў, што, калі ехаў на сустрэчу, то праспект Незалежнасці на той момант ужо быў перакрыты спецтранспартам: аўтазакамі, рубежамі і іншым транспартам супрацоўнікаў АУС. Грамадскі транспарт ездзіў у аб’езд. Па словах Вяршыніна, дарогі перакрылі, бо ў гэты час у Мінску адбываліся мірныя Маршы. Пасля сустрэчы з Юшкевічам яны назіралі вялікае скопішча людзей са сцягамі. Ён не бачыў, каб людзі выходзілі на праезную частку, была проста пустая дарога.

Пасля 16 гадзін Вяршынін і Юшкевіч апынуліся каля гасцініцы “Планета”, дзе іх сфатаграфавалі, але не памятае хто. На фотаздымку ён з БЧБ-сцягам і ўзнятым уверх кулаком. Па яго словах, гэтым жэстам ён выказваў сваю пазіцыю супраць гвалту над пратэстоўцамі з боку асоб у цывільным адзенні.

“Магчыма, гэта былі супрацоўнікі АУС, можа іншых ведамстваў, а можа гэта наогул хтосьці левы быў”.

Ягор пацверджвае, што яны з сябрам шлі з іншымі ўдзельнікамі пратэсту, але мэтаў ніякіх не прадстаўлялі.

“І я наогул не разумею, што значыць дэструктыўныя мэты, дэструктыўныя заклікі, бо наогул такой дэфініцыі ў заканадаўстве няма”, — сказаў былы следчы за кратамі.

Як растлумачыў на судзе Ягор Вяршынін, Марш быў шматмэтавы, у кожнага ўдзельніка былі свае мэты: хтосьці выйшаў супраць фальсіфікацыі, хтосьці супраць гвалту. Ён выйшаў з мэтай выступіць супраць гвалту. Разышліся з Юшкевічам пасля пяці гадзін вечару.

Вяршынін на судзе заявіў, што лозунгі ён не выкрыкваў, на праезную частку не выходзіў, рукамі не размахваў.

30 жніўня Ягор таксама сустракаўся з Яўгенам Юшкевічам, але падрабязнасцяў ужо не памятае. Мэты наведаць Марш у іх не было.

Па словах Ягора, яны дакладна былі на праспекце Пераможцаў, але рухаліся выключна па тратуарах, сімволікі ў іх не было, лозунгі не выкрыквалі, нікога не заклікалі да ўдзелу ў мерапрыемстве. Як распавядае Вяршынін, яны з сябрам рабілі сэлфі, але ў іх не было мэты фатаграфаваць сілавікоў, якія стаялі ў ачапленні. Гэты фотаздымак ёсць у матэрыялах справы.

Як казаў на судовым допыце Ягор, супрацоўнікі міліцыі не выказвалі ніякіх патрабаванняў, проста стаялі на спецтранспарце, узвышаючыся над калонай.

Таксама, як і 23 жніўня, Ягор і Яўген у той дзень фатаграфаваліся са сцягам, бо “гэта сімвал незалежнасці, пад ім прымалі прысягу раней”. 

“Не бачу нічога такога ў выкарыстанні яго на Маршы”.

Так, па словах Ягора, ён выказваў салідарнасць з іншымі асобамі, якія выйшлі на Марш.

“Як можна перакрыць тое, што ўжо было перакрыта?”

Абаронца Вяршыніна запыталася пра настрой удзельнікаў Маршу. На гэта Ягор распавёў, што людзі ішлі задаволеныя, выказвалі пазітыў, не прычынялі ніякіх пашкоджанняў, «Мир, дружба, жвачка». Пра перакрыццё дарог казаў, што яны ўжо былі перакрыты супрацоўнікамі АУС.

“Як можна перакрыць тое, што ўжо было перакрыта?”

На судзе Ягор Вяршынін заявіў, што прыняў удзел у мірным шэсці, рэалізуючы сваё права, гарантаванае Канстытуцыяй.

“Ён там на розных барыкадах!” Што казалі на судзе сведкі?

На працэсе дапыталі сведку супрацоўніка Алега Астроўскага, які цяпер на пенсіі. Раней ён працаваў намеснікам начальніка ГУБАЗіКу. З яго паказанняў стала вядома, што ён у фэйсбуку знайшоў фотаздымак Вяршыніна з Марша і скінуў яго свайму знаёмаму Чарняўскага, крымінальную справу супраць якога вёў Вяршынін.

“Ён там на розных барыкадах!” — казаў сведка на судзе. 

Як высвятлілася, Астроўскі па працы маніторыў сацыяльныя сеткі і шукаў даўжнікоў. На пенсіі ён працягваў свой занятак, але ўжо незразумела з якой мэтай. Калі знайшоў фотаздымак Вяршыніна на Маршы, то патэлефанаваў Чарняўскаму даведацца, ці працуе той яшчэ ў Следчым камітэце. Астроўскі пераслаў фотаздымкі Чарняўскаму, а той праз сваю падчарыцу перадаў іх праваахоўным органам. Акрамя гэтага, ён убачыў фотаздымак Вяршыніна з невядомай дзяўчынай і сцягам, дзе было напісана, што яны заклікаюць збіраць грошы пацярпелым.

Вяршынін сказаў, што ягоная старонка ў фэйсбуку закрытая, і ён не разумее якім чынам Астроўскі магу ўбачыць інфармацыю адтуль. Але сведка толькі сказаў: «Я не камп'ютаршчык».

На судзе дапыталі і самога Васіля Чарняўскага, супраць якога калісьці вёў крымінальную справу следчы Ягор Вяршынін. Чарняўскі таксама, як і яго знаёмы, ужо на пенсіі.

"Вядома што дадзены следчы прымае ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах", — заявіў на судзе сведка.

У жніўні яго знаёмы Астроўскі папрасіў прыехаць да яго і паказаў фатаграфіі на вайберы.

"Вось тады я ўбачыў твар таварыша Вяршыніна. Цяпер ясна, чаго ён парушаў заканадаўства ў дачыненні да мяне, бо ён супраць дзяржавы", — сказаў сведка.

На судзе дапыталі сяброўку абвінавачанага з юрыдычнага факультэту БДУ Марыну Навумаву. Яна сказала, што не хоча сведчыць супраць сябе, і ёй невядома, каб Ягор прымаў удзел у незаконных мерапрыемствах. Усе яе знаёмыя выпускнікі юрфака былі абураныя падзеямі, якія адбыліся 9 жніўня. Яна станоўча ахарактарызавала Вяршыніна: як  добрага чалавека, заўсёды гатовага прыйсці на дапамогу.

На працэсе быў дапытаны бацька Ягора Андрэй Вяршынін. Ён ахарактарызаваў сына як вельмі працавітага, спартыўнага. Распавёў, што яго не раз узнагароджвалі на працы ў Следчым камітэце. Сказаў, што ў сына былі праблемы са здароўем: была аперацыя на сэрцы ў 2020 годзе.

"Прапусціць такую падзею было б злачынствам". Што казаў на судзе над сябрам зняволены Яўген Юшкевіч? 

Яўген Юшкевіч. Фота:
Яўген Юшкевіч. Фота: "Наша Ніва"

У якасці сведкі на суд у кайданках за спіной асабіста прывялі былога следчага Яўгена Юшкевіча. Яго ўтрымліваюць у СІЗА-1 і вінавацяць у тэрарызме. Падчас допыту па баках у Яўгена стаялі два канваіры, а побач сядзела яго адвакатка. Юшкевіча дапытваюць па гэтай справе, таму што па абвінавачванні, Вяршынін браў удзел у Маршах менавіта з ім — сваім лепшым сябрам.

З паказанняў Яўгена стала вядома, што, акрамя арт. 289 КК, яму прад’явілі абвінавачванне па арт. 342 КК за ўдзел у Маршы 16 жніўня. За ўдзел у масавых мерапрыемствах 23 і 30 жніўня ён праходзіць у якасці сведкі. 

На судзе Юшкевіч распавёў, што 23 жніўня сустрэўся з Вяршыніным, каб абмеркаваць спорт. У астатнім ён паўтарыў, што казаў Ягор. Па яго словах, яны не выкрыквалі ніякіх лозунгаў, не паказвалі знакі, не памятае, каб была нейкая сімволіка з сабой. Кажа, што не было матыву ўдзельнічаць у Маршах, але было цікава паглядзець колькі чалавек будзе. Юшкевіч сказаў, што без Вяршыніна далучайся да Маршу толькі 16 жніўня, а з сябрам толькі 23 і 30 жніўня. Адзначае, што закон добра ведае, і на Маршах удваіх назіралі таксама за парадкам.

Юшкевіч адзначыў, што ісці па перакрытай дарозе законам не забаронена. Кажа, што выглядала ўсё так, што дарогу спецыяльна перакрылі, каб людзі маглі пайсці па дарозе.

"Такія Маршы адбываюцца ў Беларусі ўпершыню і прапусціць такую падзею было б злачынствам".

На разгляд пісьмовых матэрыялаў справы судовы працэс закрылі, бо там вывучаліся матэрыялы з тэлеграм-канала Nexta, які прызнаны ўладамі экстрэмісцкім.

Судовыя спрэчкі

Пракурор Арцём Цвяткоў заявіў падчас спрэчак бакоў, што віна Ягора Вяршыніна па арт. 342 Крымінальнага кодэкса цалкам даказаная і прапанаваў суду пакараць яго двума гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. 

Адвакатка цалкам не пагадзілася з пракурорам. Яна заявіла, што абвінавачванне прад'яўленае менавіта на падставе тых фатаграфій, якія перадалі сведкі, і абвінавачванне не можа на іх будавацца, бо не было даследавана якім чынам яны іх атрымалі. Дадзеныя фотаздымка даюць інфармацыю аб адным канкрэтным моманце, што Юшкевіч і Вяршынін былі там і зрабілі фатаграфію, на гэтым усё. Да таго ж Юшкевіч у сваіх паказаннях адзначыў, што Вяршынін не размахваў рукамі, не выкрыкваў лозунгі. Таксама, як звярнула ўвагу адвакатка, не быў дагледжаны тэлефон і ноўтбук, а значыць нельга казаць, што Вяршынін паддаўся на заклікі. Відэазапісы таксама не могуць служыць доказам, бо няма інфармацыі кім, дзе і калі была зроблена, значыць гэта недапушчальныя доказы.

Супрацоўнікі АУС таксама не былі не дапытаныя на судзе, якія нібыта патрабавалі разыйсціся, грала толькі ваенна-патрыятычная музыка. 

Адвакатка звяртае ўвагу, што ніякай шкоды прычынена не было. Таксама яна не пачула довадаў, чаму дзяржабвінаваўца просіць пакараць яго такім тэрмінам. За ўдзел у Маршах удзельнікаў прыцягвалі па арт. 23.34 КаАП.

Адвакатка прасіла апраўдаць Вяршыніна.

Што казаў у апошнім слове палітвязень?

"2020 год для беларусаў быў досыць складаным і падзяліў людзей на дзве групы, гэта значыць, што адна — гэта тыя, каго ўсё задавальняе, і хто не выказвае ніякіх поглядаў і меркаванняў. І тыя, хто не змог упісацца ў гэтую карціну. Мяркую, што я далучыўся да другой групы, то бок да групы, якая не зусім згодная з тым, што адбывалася. Я канкрэтна маю на ўвазе той гвалт, які адбываўся ў пост-электаральны перыяд, адсутнасць прававой ацэнкі і рэакцыі на гэты гвалт. Гэта тое, што заахвоціла мяне далучыцца да гэтых Маршаў. Заўважу таксама, што інкрымінаванае мне ў якасці злачынства цалкам ўпісваецца ў форму масавых сходаў: шэсця, дэманстрацый і мітынгаў. У той частцы, калі гэтыя формы несанкцыянаваныя адпаведным чынам і органамі выканаўчай улады, як правіла нясуць адміністрацыйную адказнасць. Таксама адзначу, што многія з удзельнікаў падобных масавых сходаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і мітынгаў згодна з заканадаўчай дэфініцыяй могуць ісці як па тратуары, так і па праезнай частцы.

На мой погляд, да прычынаў і ўмоваў можна аднесці электаральную кампанію і пост-электаральныя падзеі, таксама гвалт, які адбываўся ў дачыненні да грамадзянскіх асобаў. Акрамя таго, я хацеў бы заўважыць, што органамі папярэдняга следства дапушчаная памылка, і мне інкрымінаваны актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць парадак, пры парушэнні артыкула 10 закона аб масавых сходах. Варта ўлічыць, што гэты артыкул прадугледжвае правілы арганізацыі, правілы ўдзелу ў масавых сходах для арганізатараў. Я не з'яўляўся арганізатарам масавых сходаў, і мая роля следствам вызначана як актыўны ўдзельнік, зноў жа, не арганізатар.

Для ўдзельнікаў масавых сходаў ёсць адміністрацыйны артыкул. Таму лічу, што ў маіх дзеяннях адсутнічае склад злачынства, прадугледжаны артыкулам 342 Крымінальнага кодэкса. Дадзенага злачынства я не здзяйсняў і лічу, што мой крымінальны пераслед не аб'ектыўны, не ўсебаковы, прадузяты і, магчыма, ён ажыццяўляўся па матывах грамадска-палітычных меркаванняў, для чаго і праводзяцца масавыя сходы. Лічу, што прысуд павінен быць апраўдальным, і не толькі ў дачыненні да мяне, але і іншых асобаў, якія прызнаныя палітычнымі зняволенымі, якія пераследуюцца з гэтай жа мэтай".

Чым усё скончылася?

Судовае следства па крымінальнай справе па арт. 342 Крымінальнага кодэкса супраць Ягора Вяршыніна цягнулася толькі дзень: раніцай суд пачаўся, а ўвечары ўжо абвясцілі прысуд. Суддзя Дзмітрый Карсюк прызнаў Вяршыніна вінаватым і пакараў яго двума гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства