Ціск на палітвязняў, новыя затрыманні і "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка пераследу 2 лістапада
У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 2 лістапада збірае апошнія факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
За ўдзел у пратэстах затрыманы 24-гадовы мінчук
Праўладныя каналы паведамляюць пра затрыманне жыхара сталіцы Віктара Гурко. На «пакаяльным відэа» хлопец «прызнаецца» ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе і выхадзе на праезную частку.
Палітвязня Мікалая Статкевіча зноў маглі змясціць у ШІЗА
У нядаўнім лісце да жонкі палітвязень напісаў, што яго зноў выклікалі на камісі за чарговыя "парушэнні", таму Марына Адамовіч мяркуе, што ён зноў у штрафным ізалятары.
Таксама Мікалай у лісце на волю павіншаваў старшыню "Вясны" Алеся Бяляцкага з Нобелеўскай прэміяй міру:
"Яшчэ раз мае віншаванні Алесю і Наталлі. Вельмі слушнае рашэнне Нобелеўскага камітэта, якое падкрэслівае адзінства прыярытэту правоў чалавека для розных краін. Безумоўна, нічога не ведаю пра ўкраінскага лаўрэата [...], але сама ідэя ўганаравання вышэй за гэта."
Падтрымайце палітвязня: ПК № 13, 211791, Глыбокае, Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу
Напісаць анлайн
У Гродне сілавікі затрымалі Алега Салу, чыноўніка з абласнога ўпраўлення — у "пакаяльным відэа" ён "прызнаецца" ў тым, што галасаваў за Ціханоўскую
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне ў Гродне дзяржслужачага з Гродзенскага абласнога ўпраўлення. На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў падпісаны на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы, пісаў у чат-ботах, што хадзіў на акцыі пратэсту, а таксама ў 2020 годзе галасаваў за Святлану Ціханоўскую.
Алег Уладзіміравіч Сала — галоўны дзяржаўны інспектар працы аддзела нагляду за выкананнем заканадаўства аб працы Гродзенскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання мінскай настаўніцы
58-гадовая Алена Цымбаліст была затрымана ў панядзелак, але да гэтага часу невядома, дзе яна знаходзіцца.
Жанчына — ужо больш за 7 гадоў з'яўляецца валанцёрка сабачага прытулк. За гэты час яна прыстроіла і выратавала вялікую колькасць жывёлаў.
Падкаст "Эканоміка з Чалым" прызнаны "экстрэмісцкімі матэрыяламі"
Як паведамляе @mediazona_by, падкаст з'явіўся у спісе "экстрэмісцкіх" разам з сайтам Беларускага расследвальніцкага цэнтра.
Паводле папярэдняй інфармацыі, старшыня незалежнага прафсаюза «Нафтан» Вольга Брыцікава затрымана паводле арт. 19.11 КаАП — распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Папярэдне, судовы працэс над Брыцікавай адбудзецца 4 лістапада.
Нагадаем, у траўні гэтага года Вольга выйшла на волю пасля 75 сутак за кратамі.
Гісторыку і гарадзенскаму актывісту Паўлу Мажэйку, імаверна, працягнулі тэрмін утрымання пад вартаю яшчэ на 2 месяцы
Такую здагадку выказала яго жонка Ірына Чарняўка, бо 1 лістапада Мажэйка не выйшаў на волю праз 2 месяцы пасля затрымання, піша @belsat. Паводле Ірыны, лісты ад Паўла сям'і даходзяць. Палітвязню ад сям'і яны таксама даходзяць, але не ўсе.
Мажэйка быў затрыманы напрыканцы жніўня, неўзабаве пасля вяртання ў Беларусь з Польшчы.
Падтрымаць Паўла: Турма № 1. 230023, Гродна, Кірава, 1, Павел Іванавіч Мажэйка
Напісаць анлайн
У Мінску з-за ролікаў "пратэснай скіраванасці" у TikTok затрымалі жанчыну, асуджаную на "хатнюю хімію"
У «пакаяным» відэа мінчанка Кацярына Нікіценка кажа, што размяшчала ў TikTok ролікі «пратэснай скіраванасці» і «ў падтрымку ўкраінскіх нацыяналістаў», была падпісаная на канал «Белсат». і рабіла адтуль рэпосты.
Як паведамляе @mediazona_by, раней Нікіценка была асуджаная на 3 гады хатняй хіміі паводле арт. 342 КК.
На прадпрыемствах Рагачова распаўсюджваецца інфармацыя пра тое, што гурт Tor Band прызнаны "экстрэмісцкім"
Аб гэтым паведаміла @viasnaHomel
Адзначым, што ў Рэспубліканскім Спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў гурта Tor Band няма.
Нагадаем, 28 кастрычніка ў Рагачове затрымалі ўдзельнікаў гурта Tor band (Дзмітрый Галавач, Яўген Бурло і Андрэй Ярэмчык) разам з жонкамі (Ганна Музыка, Юлія Галавач і яшчэ адна жанчына). Вядома, што чатыром затрыманым прызначылі па 15 сутак арышту, Юліі Галавач — 30 базавых штрафу. Лёс жонкі музыкі Яўгена Бурло невядомы.
За ўдзел у пратэстах ГУБАЗіК затрымаў хлопца і дзяўчыну
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне двух сяброў — 25-гадовага Дзяніса Пішчалы і 24-гадовай Ілоны Зайцавай. На «пакаяльным відэа» хлопец кажа, што ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту і выходзіў на праезную частку, быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, а таксама пакідаў абразлівыя каментары. Дзяўчына ж «прызнаецца» ва ўдзеле ў акцыях пратэсту і рэпостах з «экстрэмісцкіх каналаў».
Вядома, што зімой 2021 году Ілону асудзілі паводле арт. 23.34 да 70 базавых штрафу. Дзяўчына працуе медсястрой у Мінскім клінічным цэнтры фтызіяпульманалогіі.
Двух жыхароў Асіповічаў затрымалі за падпіску на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы
На «пакаяльным відэа» жанчына і мужчына кажуць, што падпісаныя на «непажаданыя» і «забароненыя» тэлеграм-каналы, у сувязі з чым і былі затрыманыя сілавікамі.
Сёння ў Беларусі былі затрыманыя тры выкладчыка Еўрапеўскага гуманітарнага ўніверсітэта
Прозвішчы затрыманых пакуль невядомыя. Паведамляюць, што аднаго адпусцілі. Падрабязнасці высвятляюцца.
У Брэсце затрымалі вядомага святара грэка-каталіцкай царквы Ігара Кандрацьева
Перад пачаткам службы прыкладна ў 18.00 у царкву прыехалі сілавікі і затрымалі айца Ігара.
Па інфармацыі @belsat, сілавікі дагэтуль у царкве.
У дні пратэстаў Ігар Кандрацьеў выходзіў на вуліцы, размаўляў з дзяўчатамі і жанчынамі ў ланцугах салідарнасці, суцяшаў іх і маліўся разам з імі.
Аблава ў Акадэміі навук — КДБ затрымаў 44 супрацоўнікі
Пра гэта паведамляе @nashaniva са спасылкай на свае крыніцы.