#FreeViasna: Агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"
Сабралі навіны пра "вясноўцаў", што знаходзяцца за кратамі.
Эксперты ААН заклікалі неадкладна вызваліць Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага і іншых праваабаронцаў у Беларусі
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека апублікавала заяву з патрабаваннем вызваліць старшыню "Вясны" Алеся Бяляцкага, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, а таксама іншых зняволеных праваабаронцаў.
"У прыцягненні да адказнасці за грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі ёсць сур'ёзны прабел, і мы вітаем салідарнасць міжнароднай супольнасці і ўсе заснаваныя на міжнародным праве настойлівыя высілкі ў справе ўстанаўлення справядлівасці".
Камісарка Савета Еўропы па правах чалавека Дуня Міятавіч заклікала краіны-сябры Савета Еўропы аказваць больш падтрымкі расійскім і беларускім праваабаронцам.
"Нядаўняе прысуджэнне Нобелеўскай прэміі міру і прэміі Вацлава Гавела праваабаронцам з Расіі, Беларусі і Украіны з'яўляецца дадатковым прызнаннем міжнароднай супольнасцю той надзвычай важнай ролі, якую праваабаронцы выконваюць у прасоўванні і абароне правоў чалавека для ўсіх, асабліва падчас вайны і крызісу, падобных цяперашняму", — адзначыла Міятавіч.
Яна звярнула ўвагу на тое, што праваабаронцы ў цяперашні момант "маюць патрэбу ў больш рашучай падтрымцы з боку дзяржаў-сябраў Савета Еўропы".
"Ён бачыць лепшыя перспектывы, што б ні было". Жонка Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага расказвае пра мужа
Libereco збірае подпісы за вызваленне Алеся Бяляцкага і беларускіх палітвязняў
Нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco — Partnership for Human Rights за тыдзень сабрала ўжо больш за 5 000 подпісаў пад петыцыяй з патрабаваннем вызваліць Алеся Бяляцкага і ўсіх іншых беларускіх палітычных зняволеных.
Libereco у знак салідарнасці з Беларуссю яшчэ ў ліпені 2020 года распачала кампанію #WeStandBYyou, у рамках якой сябры Еўрапейскіх парламентаў агітуюць за вызваленне беларускіх палітвязняў. На сёння больш за 300 парламентарыяў ад больш як дзясятка еўрапейскіх краін ужо сталі сімвалічнымі "хроснымі" палітычных зняволеных Беларусі.
Пасля збору подпісаў зварот будзе дасланы амбасадару Беларусі ў Германіі Дзянісу Сідарэнку і ганаровым консулам Беларусі ў Германіі Марціну Шродэру і Фрэнку Косіку.
Падпісаць петыцыю
"Вясна прыйдзе!" Мастачка Вольга Якубоўская прысвяціла працу Алесю Бяляцкаму
"Гэтую працу я прысвячаю Алесю Бяляцкаму — беларускаму праваабаронцу, старшыні праваабарончага цэнтра "Вясна", палітвязню, "вязню сумлення", лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру 2022 года.
"Загляне сонца і ў наша ваконца!" Свабоду ўсім палітвязням!" — напісала мастачка.
Дасылайце лісты падтрымкі Алесю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму |
Валянцін Стэфановіч пераабраны віцэ-прэзідэнтам FIDH
У Парыжы з 23 па 27 кастрычніка праходзіў 41-ы Кангрэс Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), прысвечаны 100-годдзю з дня заснавання арганізацыі. У дзень адкрыцця мерапрыемства ў першым шэрагу крэсел былі выстаўленыя партрэты зняволеных праваабаронцаў, у тым ліку прадстаўнікоў "Вясны".
Кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Ілля Нузаў зачытаў зварот Валянціна з-за кратаў:
"Хачу павіншаваць Федэрацыю з Днём народзінаў. Гэта вельмі значная дата для ўсяго сусветнага праваабарончага руху. Федэрацыя — унікальная, бо аб'ядноўвае праваабарончыя арганізацыі з усяго свету. У яе шэрагах людзі розных культур, розных нацыянальнасцяў і рас, але ўсе яны аб'яднаны ідэямі і каштоўнасцямі правоў чалавека. І гэта яскрава дэманструе ўніверсальнасць правоў чалавека".
Валянцін Стэфановіч на сесіі FIDH: "Праваабарончая салідарнасць — магутная сіла"
А ў апошні дзень Кангрэсу адбыліся выбары віцэ-прэзідэнтаў FIDH. Беларускі праваабаронца-палітвязень Валянцін Стэфановіч быў пераабраны на другі тэрмін на сваёй пасадзе. Нагадаем, ён з'яўляецца віцэ-прэзідэнтам FIDH з 2019 года.
Дэлегаты Кангрэсу Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека сабраліся перад парыжскай мэрыяй, каб запатрабаваць вызвалення зняволеных праваабаронцаў па ўсім свеце. У руках некаторых з іх былі партрэты зняволеных праваабаронцаў "Вясны".
Эмануэль Макрон атрымаў цішотку з Алесем Бяляцкім
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон сустрэўся з дэлегатамі Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека. На сустрэчы, сярод іншых, былі праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка, старшыня FIDH Эліс Магвэ і Аляксандра Матвійчук, кіраўніца ўкраінскага "Цэнтра грамадзянскіх свабод", якому сёлета разам з Алесем Бяляцкім і расійскім "Мемарыялам" прысудзілі Нобелеўскую прэмію міру.
Павел Сапелка падарыў прэзідэнту Францыі цішотку з выявай зняволенага кіраўніка "Вясны" Алеся Бяляцкага.
"Дзякуй Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, якая вось ужо 100 год удзельнічае ва ўсіх бітвах. Сёння яна змагаецца, дзякуючы дзеянням гэтых жанчын і мужчын, якія дзейнічаюць супраць беспакаранасці з рызыкай для жыцця. Яны ведаюць, што могуць разлічваць на нашу падтрымку", — напісаў пасля сустрэчы Макрон.
"Вясна" і Беларускі ПЭН трапілі ў шорт-ліст нідэрландскай прэміі "Цюльпан правоў чалавека"
Міністэрства замежных спраў Нідэрландаў абвясціла шорт-ліст прэміі "Цюльпан за правы чалавека" 2022. Прэмія штогод прысуджаецца праваабаронцам ці праваабарончым арганізацыям для падтрымкі іх важнай працы.
У гэтым годзе на прэмію намінаваліся 80 кандыдатаў з усяго свету, 10 з іх патрапілі ў шорт-ліст Прэміі.
ПЦ “Вясна” быў высока ацэнены за маніторынг сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і павышэнне дасведчанасці аб дэмакратыі і правах чалавека, а таксама за абарону правоў асобы, асабліва правоў палітычных зняволеных. У мінулым годзе "Вясна" таксама патрапіла ў шорт-ліст прэміі.
Валянцін Стэфановіч адзначыў сваё 50-годдзе за кратамі
14 кастрычніка палітзняволены праваабаронца Валянцін Стэфановіч сустрэў сваё 50-годдзе ў СІЗА.
Жонка Валянціна Аліна Стэфановіч распавяла "Вясне" пра другі Дзень народзінаў мужа за кратамі і апошнія навіны пра вясноўца.
"У сваіх лістах Валянцін выказаў сваё стаўленне да новых абвінавачванняў. Ён кажа, што яму няма чаго саромецца. Сапраўды, гэта справа яго жыцця. Канешне, гэта рэч непрыемная, але, відаць, ён яе разглядае як мажлівую частку жыцця праваабаронцы. Ён заўсёды паўтараў, што дзяржава не любіць праваабаронцаў і таму яны часта сядзяць у турмах".
Паводле Аліны, на здароўе Валянцін цяпер не скардзіцца. Нагадаем, узімку праваабаронца перахварэў на пнеўманію ў засценках СІЗА.
"Захаваць здароўе — гэта асноўнае, што цяпер патрабуецца ад Валянціна. Астатняе можна прыдбаць, а вось здароўе — вычарпальны рэсурс".
Аліна распавядае, што плануе на Дзень народзінаў Валянціна сабрацца на сямейную вячэру з дзецьмі, каб адзначыць гэты дзень.
"Канешне, хочацца адзначаць такія дні дома са сваякамі і сябрамі, але такі лёс выпаў Валянціну, як і Алесю, які ўжо другі юбілей адзначыў за кратамі. Але я спадзяюся, што рана ці позна гэта ўсё скончыцца. Хацелася бы, каб рана. Таксама патэлефануем ягоным бацькам і сястры.
Дзеці рэгулярна нешта малююць для бацькі і я адпраўляю, нават фота дзяцей, на якіх яны трымаюць свае малюнкі. Хацелася бы нешта адмысловае адправіць у турму для Валянціна, але ж гэта немагчыма".
Прафесійнае і чалавечае. Валянцін Стэфановіч — у маналогу Сашы Кулаевай
Таксама вядома, што Валянцін атрымаў віншаванні ад калегаў, але далёка не ўсе. У адным з лістоў на волю ён распавёў як рухаецца крымінальная справа ў дачыненні да яго, Алеся Бяляцкага і Уладзіміра Лабковіча. Вядома, што следства скончылася, цяпер зняволеныя праваабаронцы знаёмяцца з матэрыяламі справы – “кожны дзень хаджу чытаць тамы з паперкамі”. Стэфановіч прагназуе, што хутка пачнецца суд:
"Мабыць у студзені, хаця можа і ў снежні. Думаю, што гэта будзе Мінгарсуд, і ён будзе закрыты. Я трымаюся, за мяне не хвалюйцеся, я веру ў лепшае, хаця думаю, што ўваляць нам шмат і дэманстратыўна жорстка".
Валянцін Стэфановіч з-за кратаў: "Уваляць нам шмат і дэманстратыўна жорстка"
Адрас для лістоў, пасылак і грашовых пераводаў:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 |
Уладзімір Лабковіч сустрэў своё Дзень народзінаў у СІЗА-1
22 кастрычніка палітзняволенаму каардынатару кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзю Лабковічу споўнілася 44 гады — гэта ўжо другі Дзень народзінаў, які вясновец вымушаны сустракаць за кратамі. "Вясна" паразмаўляла з жонкай праваабаронцы Нінай пра яго стан і ўмовы ўтрымання, пра тое, як сям'я перажывае разрыў з ім.
"Уладзь казаў, што не хоча адзначаць другі Дзень народзінаў у такіх умовах", — Ніна Лабковіч
Ва Уладзя Лабковіча за кратамі вельмі псуецца здароўе: пастаянныя галаўныя болі і псуецца зрок. Ён пра гэта піша ў лістах.
"Нягледзячы на тое, што мы імкнемся забяспечыць Уладзя лекамі і вітамінамі, у яго вельмі пагаршаецца здароўе. Ён вельмі мала дыхае свежым паветрам, не бачыць святла, няма рухаў. Яны там шпацыруюць у гэтых каменных мяхах [гаворка ідзе пра прагулачны дворык]. Ва Уладзя вельмі пагаршаецца зрок, і ён вельмі нервуецца праз гэта. Мы яму два разы мянялі акуляры, каб ён мог чытаць і пісаць.
І хваляванні за нас яшчэ... Калі ты адказны толькі за сябе — гэта адзін стан, а калі ёсць крук у выглядзе жонкі, якую трымаюць на кароткім ланцужку, — гэта вельмі моцна ўплывае на псіхалагічны стан чалавека. Таксама ва Уладзя вельмі моцныя галаўныя болі — мігрэні. Да зняволення ў яго такога не было", — распавядае Ніна.
Уладзімір Лабковіч: “Вясна” – гэта унутраны свет, які ёсць у кожнага з нас"
Сам Уладзімір Лабковіч у лісце на волю піша:
"Толькі што атрымаў цудоўную пасылачку ад вас з такімі чароўнымі паштоўкамі, і адразу вырашыў напісаць ліст. Вельмі кепска прыходзяць лісты. Балюча гэта, вядома. Бо лісты — гэта самае радаснае тут. Я пражываю дзень за днём у чаканні лістоў. Зрок псуецца, але я кожны дзень пішу лісты Ніне і дзеткам. Толькі б яны не губляліся. Я вельмі спадзяюся, а раптам мае лісты да вас даходзяць.
Здароўе маё, вядома, вельмі моцна псуецца з кожным днём, але ўсё па волі Бога. Як будзе — так і будзе. Я больш не хачу нават звяртаць увагу на сваё здароўе".
Дасылайце лісты падтрымкі Уладзю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 |
Марфа Рабкова падала апеляцыю на прысуд. Падтрымайце яе і Андрэя Чапюка!
Каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова падала апеляцыйную скаргу на прысуд.
Пра гэта яна распавяла ў вестачцы на волю:
"У мяне ўсё ў парадку, займаю сябе рознымі клопатамі, таму час бяжыць адносна хутка. Пачала вывучаць ангельскую мову і апынулася, што ўсё ў мяне не так уж і дрэнна. Падала апеляцыю, напісала адно дапаўненне да яе і на днях збіраюся пісаць другое. Пасля азнаямлення з аўдыёверсіяй пасяджэння буду пісаць трэцяе дапаўненне".
Таксама Марфа піша, што са здароўем у яе усё нядрэнна. Перадае ўсім прывітанні.
Марфу Рабкову і валанцёра Андрэя Чапюка, асуджаных на 15 і 6 гадоў пазбаўлення волі адпаведна, ужо больш за два гады ўтрымліваюць у СІЗА-1. Прыкладана 3-4 месяцы яны будуць чакаць разгляду апеляцыйнай скаргі на прысуд. У гэты час кожны і кожная можа падтрымаць іх грашовымі пераводамі, а таксама пасылкамі з рознымі смачняшкамі і прыемнымі дробязямі, або праз збор на сайце BySol.
Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 Марыі Аляксандраўне Рабковай |
За апошні час не было навінаў ад кіраўніка Гомельскага аддзялення "Вясны" Леаніда Судаленкі.
Падтрымайце Леаніда лістамі і паштоўкамі:ПК-3. 211322, Віцебская вобласць, г.п. Віцьба Леаніду Леанідавічу Судаленку |
Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?
1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:
Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.
2. Даслаць пасылку ці бандэроль з рознымі прыемнымі дробязямі. Гэта вялікая дапамога сем’ям вязняў і добрая падтрымка саміх зняволеных, асабліва ў святы. Калі ласка, не трэба адносіць палітвязням перадачы без узгаднення са сваякамі, бо ў СІЗА ўстаноўлены ліміт на перадачы па вазе – 30 кг на месяц. Пры гэтым пасылкі маюць абмежаванні толькі ад пошты – ў адной пасылцы можна адсылаць рэчаў да 50 кг за раз.
У бандэроль ці пасылку можна пакласці гарэхі, курагу, фінікі, цукаты, цукеркі, зефір, мармелад, пасцілу, халву, шакалад, печыва, сухары, апельсіны, мандарыны, грушы, яблыкі, лімоны, каву любую, чай ліставы, суп, бульбу і макароны, вяленае мяса, каўбасу (сыравяленая, сыравэнджаная), салёнае сала, салёную рыбу, сыр, цыбулю рэпчатую, свежую зеляніну, часнык, агуркі, памідоры, перац, канверты, маркі, аркушы паперы, асадкі, фламастары, алоўкі, сшыткі, цыгарэты, запалкі ды іншае.
Нажаль, Леаніду Судаленку ўжо нельга дасылаць пасылкі і бандэролі, бо прысуд у дачыненні да яго ўступіў у сілу.
3. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna.
4. Падпішыце петыцыю за вызваленне “вясноўцаў” і ўсіх палітвязняў Беларусі!
5. Напішы адкрыты ліст вясноўцам і адпраў яго на пошту freeviasna@gmail.com альбо ў тэлеграм @spring96info, і мы перададзім яго праваабаронцам, а некаторыя – апублікуем на сайце і ў сацсетках.
6. Можаце зрабіць грашовыя пераводы нашым калегам і каляжанкам у следчыя ізалятары, каб яны змаглі сабе набыць, напрыклад, маркі, канверты і паштоўкі, каб адказаць на лісты салідарнасці і таксама павіншаваць сваіх блізкіх са святамі.
Нажаль, Леаніду Судаленку ўжо нельга зрабіць грашовы перавод, бо прысуд у дачыненні да яго ўступіў у сілу.
Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org