Эксперты ААН заклікаюць неадкладна вызваліць Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага і іншых праваабаронцаў у Беларусі
Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека апублікавала заяву з патрабаваннем вызваліць старшыню "Вясны" Алеся Бяляцкага, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, а таксама іншых зняволеных праваабаронцаў.
Жэнева, 10 кастрычніка 2022 года
Пасля сімвалічнага рашэння Нобелеўскага камітэта прысудзіць Нобелеўскую прэмію міру 2022 года Алесю Бяляцкаму за ягоную бясстрашную працу па абароне правоў чалавека ў Беларусі эксперты* ААН паўтараюць свой заклік да яго вызвалення.
У 1996 годзе Алесь Бяляцкі заснаваў беларускі Праваабарончы цэнтр "Вясна". У 2011 годзе Бяляцкага пасадзілі ў турму першы раз, а ў 2021-м яго зноў затрымалі без выстаўлення абвінавачванняў. За кратамі таксама застаюцца яшчэ некалькі калегаў Бяляцкага з "Вясны".
"У прыцягненні да адказнасці за грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі ёсць сур'ёзны прабел, і мы вітаем салідарнасць міжнароднай супольнасці і ўсе заснаваныя на міжнародным праве настойлівыя высілкі ў справе ўстанаўлення справядлівасці", — заявілі эксперты.
Эксперты ААН выказалі занепакоенасць з нагоды адвольнага ўтрымання Бяляцкага пад вартай з 14 ліпеня 2021 года, якое яны назвалі часткай існуючай палітыкі па задушэнні праваабарончай дзейнасці і зачыстцы грамадзянскай прасторы ў Беларусі.
Эксперты нагадалі беларускім уладам пра іх абавязальніцтвы па абароне правоў чалавека і заклікалі да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх праваабаронцаў, затрыманых паводле палітычных матываў.
"Мы ўстурбаваныя працягам адвольнага затрымання Алеся Бяляцкага і новымі абвінавачваннямі, што прадугледжваюць пакаранне да 12 гадоў пазбаўлення волі і высунутыя за законную праваабарончую дзейнасць", — падзяліліся эксперты.
У заяве адзначаецца, што "працяглыя турэмныя тэрміны, вынесеныя праваабаронцам, дэманструюць злоўжыванне сістэмай правасуддзя і беспакаранасць, з якой дзейнічаюць беларускія ўлады".
*Эксперты: Анаіс Марэн, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб палажэнні ў галіне правоў чалавека ў Беларусі; Мэры Лоўлар, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб палажэнні праваабаронцаў; Ірэн Хан, Спецыяльная дакладчыца па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне.
Спецыяльныя дакладчыкі з'яўляюцца часткай так званых Спецыяльных працэдур Савета па правах чалавека. Спецыяльныя працэдуры, найбуйны орган незалежных экспертаў у сістэме ААН па правах чалавека, — гэта агульная назва незалежных механізмаў Савета па вызначэнні фактаў і маніторынгу, якія займаюцца або канкрэтнымі сітуацыямі па краінах, або тэматычнымі пытаннямі ва ўсіх частках свету. Эксперты спецыяльных працэдур працуюць на добраахвотнай аснове; яны не з'яўляюцца супрацоўнікамі ААН і не атрымліваюць заробак за сваю працу. Яны незалежныя ад любога ураду ці арганізацыі і выступаюць у сваёй асабістай якасці.