viasna on patreon

"Такі лёс выпаў Валянціну, як і Алесю, які ўжо другі юбілей адзначыў за кратамі", — Аліна Стэфановіч

2022 2022-10-14T09:02:12+0300 2022-10-14T10:27:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mirnye_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 14 кастрычніка, палітзняволены намеснік старшыні "Вясны" і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч адзначае ў турме свой юбілей 50 гадоў. Ён са старшынёй Праваабарончага цэнтра Алесем Бяляцкім і каардынатарам кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімірам Лабковічам утрымліваюцца за кратамі ўжо пятнаццаць месяцаў з 14 ліпеня 2021 года. За гэты час сям'я Валянціна вымушана пакінула Беларусь, ён сам цяжка перахварэў на пнеўманію ў СІЗА і яму нядаўна ўзмацнілі абвінавачванні. "Вясна" паразмаўляла з жонкай Валянціна Алінай пра другі Дзень народзінаў мужа за кратамі, апошнія навіны пра вясноўца і пра існуючыя магчымасці павіншаваць праваабаронцу. 

Праваабаронца
Праваабаронца "Вясны" Валянцін Стэфановіч

"У мяне было разуменне, што гэта ўжо надоўга"

Да Валянціна, як і да іншых вясноўцаў, сілавікі прыйшлі раніцай 14 ліпеня 2021 года. Правялі ператрус і канфіскавалі ўсю тэхніку, а самога праваабаронцу павезлі на допыт, пасля чаго змясцілі пад варту. Аліна прызнаецца, што ў яе першапачаткова не было спадзяванняў, што затрыманы муж хутка апынецца на волі:

"Калі яго арыштоўвалі і выводзілі з хаты, то адзін з супрацоўнікаў кінуў нешта накшталт: "Што ж вы так развітваецеся — ён увечары будзе дома". Але тады ў мяне было разуменне, што гэта няпраўда і гэта ўжо надоўга. Адпаведна, у мяне не было адчування, што ўсё хутка можа скончыцца. Думаю, што Валянцін таксама разумеў, што справа досыць сур'ёзная і ўсё можа зацягнуцца надоўга. Ён усведамляў гэта і да свайго арышту, і ўлічваў гэта ў рызыках да свайго затрымання".

"Гэта справа яго жыцця"

З апошніх навінаў пра Валянціна — узмацненне абвінавачванняў. Больш за год Валянціна, Алеся Бяляцкага і Уладзіміра Лабковіча трымалі пад вартай паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нявыплата падаткаў), але нядаўна праваабаронцам змянілі абвінавачванні на больш жорсткія. Цяпер ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення паводле ч. 4 арт. 228 (кантрабанда) і ч. 2 арт. 342 (фінансаванне групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса.

"У сваіх лістах Валянцін выказаў сваё стаўленне да новых абвінавачванняў. Ён кажа, што яму няма чаго саромецца. Сапраўды, гэта справа яго жыцця. Канешне, гэта рэч непрыемная, але, відаць, ён яе разглядае як мажлівую частку жыцця праваабаронцы. Ён заўсёды паўтараў, што дзяржава не любіць праваабаронцаў і таму яны часта сядзяць у турмах".

Аліна Стэфановіч з дзецьмі на акцыі салідарнасці ў Грузіі ў 2021 годзе
Аліна Стэфановіч з дзецьмі на акцыі салідарнасці ў Грузіі ў 2021 годзе

У адным з апошніх лістоў на волю Валянцін выказаў сваё стаўленне да высунутых абвінавачванняў паводле арт. 228 Крымінальнага кодэкса ("Кантрабанда"):

"Я закладнік, я палонны, і ўсё будзе вырашацца зусім па-іншаму. Таму мне не важна, што яны там мне ставяць у віну і малююць у гэтай справе. Вінавацяць мяне ў тым, што я дапамагаў людзям. Ну хай пасадзяць мяне за гэта, за такое сядзець ганарова, мне — праваабаронцу.Я ганаруся гэтым! Гэта для іх я кантрабандыст, а для людзей я той, хто дапамагаў ім усе гэтыя гады. Так, гэта я! Я той, хто быў на сваім месцы, быў да канца".

"Такі лёс выпаў Валянціну, як і Алесю, які ўжо другі юбілей адзначыў за кратамі"

Паводле Аліны, на здароўе Валянцін цяпер не скардзіцца. Нагадаем, узімку праваабаронца перахварэў на пнеўманію ў засценках СІЗА.

"Захаваць здароўе — гэта асноўнае, што цяпер патрабуецца ад Валянціна. Астатняе можна прыдбаць, а вось здароўе — вычарпальны рэсурс".

Аліна распавядае, што плануе на Дзень народзінаў Валянціна сабрацца на сямейную вячэру з дзецьмі, каб адзначыць гэты дзень.

"Канешне, хочацца адзначаць такія дні дома са сваякамі і сябрамі, але такі лёс выпаў Валянціну, як і Алесю, які ўжо другі юбілей адзначыў за кратамі. Але я спадзяюся, што рана ці позна гэта ўсё скончыцца. Хацелася бы, каб рана. Таксама патэлефануем ягоным бацькам і сястры.

Дзеці рэгулярна нешта малююць для бацькі і я адпраўляю, нават фота дзяцей, на якіх яны трымаюць свае малюнкі. Хацелася бы нешта адмысловае адправіць у турму для Валянціна, але ж гэта немагчыма".

"Проста паказаць Валянціну, што на яго не забыліся" 

stefanovich_semja.png
Валянцін Стэфановіч з сям'ёй

Жонка вясноўца адзначае, што павіншаваць Валянціна можна тэлеграмамі і грашовымі пераводамі — так больш шанцаў, што віншаванні дабяруцца да яго.

"Спадзяюся, што людзі ў Беларусі змогуць адправіць тэлеграмы літаральна хаця бы з аднаго слова, ці грашовыя пераводы ў адзін-два рублі, каб проста паказаць Валянціну, што на яго не забыліся — і гэта будзе найлепшы падарунак. Яму будзе вельмі важна ўбачыць гэтыя імёны людзей, якія пра яго падумалі".

Таксама Валянціна можна павіншаваць і падтрымаць пасылкай з прыемнасцямі — гэта можа зрабіць любы чалавек. А вось усе перадачы абавязкова трэба ўзгадняць з роднымі палітвязняў. Акрамя гэтага Аліна прапаноўвае пакінуць віншавальныя словы пад адмысловым пастом у фэйсбуку — яна будзе перасылаць іх Валянціну.

Павіншаваць Валянціна: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Валянцін Канстанцінавіч Стэфановіч

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства