Кантрабанда і фінансаванне пратэстаў — палітзняволеным праваабаронцам "Вясны" ўзмацнілі абвінавачванні
Ужо год і два месяцы як старшыня Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч утрымліваюцца за кратамі ў СІЗА-1. Увесь гэты час іх трымалі пад вартай паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нявыплата падаткаў), але стала вядома, што праваабаронцам змянілі абвінавачванні на больш жорсткія. Цяпер ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.
Стала вядома, што нядаўна крымінальная справа ў дачыненні Валянціна Стэфановіча, меркавана Алеся Бяляцкага і Уладзіміра Лабковіча, і іншых вясноўцаў паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (нявыплата падаткаў) спыненая. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў тым, што яны "не зарэгістравалі арганізацыю, якой яны кіруюць, ва ўстаноўленым парадку ў якасці юрыдычнай асобы, а таксама ў якасці падаткаплацельшчыка, і не прадставілі адпаведныя звесткі ў падатковыя органы, чым схавалі ад падатковых органаў звесткі аб ажыццяўлёных выплатах, асобаў, якія выплацілі ад імя арганізацыі працы (якія аказалі паслугі) і ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам". Але Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча і Валянціна Стэфановіча не вызвалілі з-пад варты — ім выставілі новыя абвінавачванні. Цяпер іх абвінавачваюць у кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Вядома, што прэтэнзіі дзяржавы застаюцца ўсё да той жа сумы грошай, якая фігуравала ў абвінавачванні за неуплату падаткаў, але цяпер дзеянні праваабаронцаў у адносінах да іх вырашылі кваліфікаваць па-іншаму. Тром палітзняволеным вясноўцам цяпер пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. Іх працягваюць утрымліваць за кратамі.
Юрыст "Вясны" Павел Сапелка каментуе новыя абвінавачванні калегам:
"Рэжым павышае стаўкі, высоўваючы адно за іншым абвінавачванні, — адно больш недарэчна іншага. Спачатку нашых калегаў пратрымалі ў турме больш за год па абвінавачванні, ад якога нават цяпер, падчас глыбокага прававога крызісу, ім давялося адмовіцца. Але на свет з'явілася новае — больш недарэчнае і больш жорсткае абвінавачванне, якім кваліфікавалі парушэнні пры перамяшчэнні праз мяжу грошай на дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій і на падтрымку дзейнасці ПЦ "Вясна". Пакідаючы за дужкамі пытанне аб тым, як і наколькі гэта ўсё адпавядае фактам і пацвярджаецца адпаведнымі доказамі, хочацца атрымаць ад уладаў адказ на даўняе пытанне: якім чынам магла выконваць нейкія фармальнасці арганізацыя, адвольна (па высновах Камітэта па правах чалавека ААН) пазбаўленая рэгістрацыі?"
Нагадаем, раніцай 14 ліпеня да Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Лабковіча, Валянціна Стэфановіча і іншых вясноўцаў з ператрусамі прыйшлі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў. У хуткім часе ім выставілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 243 КК.
"Ухіліліся ад прызнання «Вясны» падатковым агентам": за што чатыры месяцы ўтрымліваюць за кратамі трох вясноўцаў
Падтрымайце палітзняволеных вясноўцаў лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу