viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч на сесіі FIDH: "Праваабарончая салідарнасць — магутная сіла"

2022 2022-10-24T11:27:19+0300 2022-10-24T12:04:07+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fidh_090.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Парыжы 23 кастрычніка адкрылася 41-ая сесія Кангрэсу Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH). Віцэ-прэзідэнтам па рэгіёне Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі яе з'яўляецца палітзняволены намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін СтэфановічНа гэтую пасаду яго абралі на міжнародным кангрэсе FIDH, які праходзіў на Тайвані ў 2019 годзе. Сёлета Федэрацыя адзначае сваё 100-годдзе. Падчас адкрыцця 41-й сесіі партрэты зняволеных вясноўцаў выставілі ў першым шэрагу, а кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH Ілля Нузаў зачытаў зварот Валянціна з-за кратаў.

fidh_090.jpeg
Адкрыццё 41-й сесіі Кангрэсу Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, Парыж, Францыя, 23 кастрычніка 2022 года

"Хачу павіншаваць Федэрацыю з Днём народзінаў. Гэта вельмі значная дата для ўсяго сусветнага праваабарончага руху. Федэрацыя — унікальная, бо аб'ядноўвае праваабарончыя арганізацыі з усяго свету. У яе шэрагах людзі розных культур, розных нацыянальнасцяў і рас, але ўсе яны аб'яднаны ідэямі і каштоўнасцямі правоў чалавека. І гэта яскрава дэманструе ўніверсальнасць правоў чалавека.

Роля праваабаронцаў у свеце цяпер асабліва важная, калі свет зноў стаіць перад пагрозай ядзернай катастрофы, упершыню пасля заканчэння халоднай вайны. Тады ў пачатку 90-х мы думалі, што ўжо ніколі не сутыкнемся з гэтай пагрозай, што свет будзе жыць у гармоніі разнастайнасці і міру. Калісьці я казаў сваім калегам у Парыжы, што хутка пачнецца вайна, вайна ў нашым неспакойным і поўным супярэчнасцяў рэгіёне (былым СССР). Многія мне не верылі. Казалі, што цяпер гэта немагчыма. Я ж адчуваў гэтую пагрозу вайны скурай. Цяпер мы павінны зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць гэтую катастрофу.

Асобна хацеў бы падзякаваць сваім братам і сёстрам праваабаронцам за іх салідарнасць і падтрымку ўсіх пазбаўленых свабоды праваабаронцаў у свеце, і, канешне, мяне асабіста. Праваабарончая салідарнасць — магутная сіла, і я веру, што хутка змагу далучыцца да вас, каб разам крочыць па гэтым нялёгкім шляху, да сусветнай гармоніі, любові і міру.

З павагай, ваш Валік".

nuzau.jpeg
Ілля Нузаў зачытвае зварот палітзняволенага Валянціна Стэфановіча

Таксама на адкрыцці прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і намеснік мэра Парыжа ўзгадалі Праваабарончы цэнтр "Вясна" і яго заснавальніка палітзняволенага Алеся Бяляцкага, які разам з расійскім праваабарончым цэнтрам "Мемарыял" і ўкраінскім "Цэнтрам грамадзянскіх свабод" стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.

Ілля Нузаў пра Валянціна Стэфановіча: ”Ён больш падобны да такога рокера, чым да праваабаронцы”

Пра тое, чым займаецца FIDH і што азначае для арганізацыі зняволенне аднаго з яе віцэ-прэзідэнтаў, пра працу Валянціна і яго асобу распавядае Ілля Нузаў, кіраўнік аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў FIDH (Парыж, Францыя).

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства