І "тэрарыст", і "экстрэміст" адначасова: суровы прысуд палітвязню Дзянісу Сальмановічу Дапоўнена
Брэсцкі абласны суд 30 верасня вынес жорсткі прысуд па крымінальнай справе палітзняволенага Дзяніса Сальмановіча. Яго абвінавацілі адразу па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 2 арт. 290-4 – стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй;
- ч. 1 арт. 342 – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;
- ч. 3 арт. 130 – распальванне іншай сацыяльнай варожасці;
- ч. 3 арт. 361-1 – стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім;
- ч. 3 арт. 361 – заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
Судовы працэс, які пачаўся 20 верасня, вёў суддзя Мікалай Лешчанка.
Палітвязня Дзяніса Сальмановіча ўзялі пад варту 4 кастрычніка 2021 года па абвінавачванні ў спрыянні ў тэрарызме і ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі, а таксама ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці. Дзяніса сілавікі называлі нават “галоўным візуальным рэдактарам” ролікаў “Кібер-партызан” і "Супраціву". У дзень затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіКу з тэлефона затрыманага напісалі маці: «Я не магу размаўляць, мне не хапае паветра, я задыхаюся».
Дзянісу зараз 30 гадоў. У дзень затрымання ён быў дома з малодшай сястрой, на той момант яна была непаўналетняй.
«Сілавікі ўварваліся ў дом раніцай, пачалі абражаць дачку рознымі словамі, спрасонку яна нічога не зразумела. Яна чула, як гэтыя нелюдзі ўварваліся ў пакой да Дзяніса, а ён тады хварэў на каронавірус", - распавядала ягоная маці.
У Брэсце пачаўся працэс над Дзянісам Сальмановічам, якому пагражае вялікі тэрмін зняволення
26 чэрвеня 2022 г. КДБ унёс Дзяніса у спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".
У судовым пасяджэнні ўстаноўлена, што Сальмановіч у верасні 2020 года прыняў актыўны ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах у Мінску. Ён жа, не пазней за 2021 год, адгукнуўся на аб'яву ў адным з дэструктыўных Telegram-чатаў, у якім прапаноўвалі ствараць для публікацыі матэрыялы, накіраваныя на дэстабілізацыю грамадскага парадку ў Рэспубліцы Беларусь.
Таксама Сальмановіч з студзеня па кастрычнік 2021 года ўвайшоў у склад экстрэмісцкага фарміравання, а таксама прыняў удзел у дзейнасці арганізацыі, створанай для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці. Гэта выявілася ў стварэнні відэа - і аўдыёматэрыялаў, у якіх утрымліваліся заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, распальванне сацыяльнай варожасці.
Суд прызнаў Дзяніса Сальмановіча вінаватым і па сукупнасці абвінавачанняў прысудзіў яму пазбаўленне волі тэрмінам на 10 год ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 6 400 рублёў, піша Белсат.
Яшчэ наперадзе Сальмановіча чакае разгляд грамадзянскага пазову на суму 33 000 рублёў за нібы перакрыццё дарог.