Абвінавачанне запрасіла для журналісткі Ксеніі Луцкіной восем год калоніі
У Мінскім гарадскім судзе 20 верасня працягваецца разгляд крымінальнай справы былой журналісткі Белтэлерадыёкампаніі Ксеніі Луцкіной. Ксенію вінавацяць ў змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу).
Разглядае справу суддзя Таццяна Фалькоўская.
Палітзняволеная Ксенія Луцкіна да жніўня 2020 года працавала ў Белтэлерадыёкампаніі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў далучылася да страйку супрацоўнікаў холдынгу, а затым сышла з пазіцыі карэспандэнта тэлеканала "Беларусь 2" і ўвайшла ў асноўны склад "Каардынацыйнага савета".
Пазней Ксенія казала аб тым, што разам з іншымі журналістамі, якія звольніліся, яны плануюць стварыць "альтэрнатыўнае тэлебачанне" на YouTube. Праект развіваўся ў тым ліку пры ўдзеле Акадэміі Прэс-клуба. Першыя перадачы былі запісаныя, запуск павінен быў адбыцца ў студзені 2021.
Ксенію затрымалі 22 снежня 2020 ў Мінску на бульвары Мулявіна. На працягу чатырох гадзін у яе дома праходзіў ператрус. У журналісткі канфіскавалі камп'ютар, тэлефон, флэшкі і дакументы.
З таго часу журналістка ўтрымлівалася ў СІЗА-1 Мінска.
У судзе сёння адбыліся спрэчкі бакоў. Пракурор запатрабаваў пакараць Ксенію Луцкіну пазбаўленнем волі тэрмінам на 8 год у калоніі агульнага рэжыму.
Заўтра Ксенія павінна выступіць з апошнім словам.
Суд над журналісткай Ксеніяй Луцкіной працягнецца найменей да 24 верасня