viasna on patreon

Затрыманні за колеры на машыне і падпіскі на "экстрэмісцкія" каналы, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 3-4 верасня Дапоўнена

2022 2022-09-04T15:21:59+0300 2022-09-04T17:29:52+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/krycky.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі 3-4 верасня.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

4 верасня

Палітвязня Вячаслава Смірнова збіраюцца змясціць у ШІЗА

Праваабаронцам стала вядома, што Вячаслава Смірнова, які цяпер адбывае тэрмін на «хіміі» ў Мінску, адміністрацыя ПУАТ-55 збіраецца змясціць у штрафны ізалятар тэрмінам на 10 сутак. Прычына спагнання пакуль невядомая.


Дырэктарцы і галоўнай рэдактарцы БелаПАН Ірыне Леўшынай падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай да 28 верасня

Нагадаем, Леўшыну, а таксама былога дырэктара кампаніі Дзмітрыя Наважылава затрымалі 18 жніўня 2021 года.

Яны праходзяць па т.зв. «справе БелаПАН» з былым намеснікам дырэктара кампаніі медыяменеджэрам Андрэем Аляксандравым і Ірынай Злобінай, якіх затрымалі 12 студзеня 2021 года.


10-гадовая дачка затрыманай керамісткі Наталлі Карнеевай да гэтага часу знаходзіцца ў прытулку

Вядома, што на апеку над дзяўчынкай падалі заявы трое блізкіх людзей Наталлі, але ніхто з іх цалкам не адпавядае крытэрам (кроўнае сваяцтва, свая жылплошча і «метры» для дзяўчынкі, даведка аб зарплаце за апошнія 6 месяцаў).

Пакуль Багдана ў «Сацыяльна-педагагічным цэнтры з прытулкам Заводскага раёна Мінска», яе нельга браць на выходныя, толькі наведваць па дазволе ўвечары з 17 да 19. Прыкладна праз 3-4 месяцы, калі не прызначаць апекуна з прадстаўленых варыянтаў, яна трапіць у дзіцячы дом.

Учора паведамлялася, што з-за кратаў выпусцілі мужа Наталлі, аднак на сітуацыю з дзяўчынкай гэтай ніяк не паўплывае, бо Багдана — не ягоная дачка.


Затрыманы жыхар вёскі Быстрыца Кобрынскага раёну Дзмітрый Крыцкі

Паводле праўладных каналаў, мужчына ў 2020 годзе ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, а таксама пакідаў у іх абразлівыя каментары.


У Маларыцкім раёне затрымалі вяскоўца — ён нібыта зарэгістраваўся ў «плане Перамога»

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне галоўнага агранома адной з гаспадарак Маларыцкага раёну Яна Габіса. У «пакаяльным відэа» ён распавядае, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, а таксама нібыта прайшоў рэгістрацыю ў плане «Перамога».

Яну Габісу 34 гады, ён нарадзіўся ў вёсцы Лойкі Гродзенскага раёна.

Мужчына вучыўся ў Ліцэі №1 г. Гродна, а пасля ў Гродзенскім аграрным універсітэце. Апошнім часам ён жыў у Маларыце і працаваў галоўным аграномам на адной з гаспадарак раёна. Паралельна ён займаецца невялікім уласным сеткавым бізнэсам.

У мужчыны ёсць сям'я, двое дзяцей — сямі і чатырох год. Яны пратэстанцкія вернікі.


Затрыманы выкладчык БДМУ Уладзімір Пікірэня

«Міліцыянты затрымалі, не спадабалася рамка нумароў - не тых колераў, едзем у першамайскі РАУС», — напісаў ён у Facebook.

Пазней стала вядома, што Уладзіміра адпусцілі. Таццяну Пячко, якая была затрымана разам, у панядзелак будуць судзіць па адміністрацыйнай справе.


3 верасня

Справу палітвязня Яўгена Батуры перадалі ў пракуратуру. Хутка можа адбыцца суд

Жонка палітзняволенага Яўгена Батуры Дзіяна Серадзюк падзялілася ягонымі навінамі: следства скончанае, а справу перадалі ў пракуратуру для накіравання ў суд. Таму судовы працэс над палітвязнем можа хутка распачацца.


У Мазыры затрымалі праваабаронцу Уладзіміра Целяпуна

Уладзімір Целяпун

Стала вядома, што сёння супрацоўнікі міліцыі затрымалі дома праваабаронцу Уладзіміра Целяпуна. Па папярэдняй інфармацыі, ён затрыманы ў межах адміністрацыйнай справе па арт. 19.11 КаАП за «распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі ў фэйсбуке». Яго павезлі ў мазырскі РАУС.

Вядома, што яго пакінулі за кратамі да панядзелка. 

4 верасня стала вядома, што родныя мужчыны хацелі перадаць яму лекі, аднак супрацоўнікі адмовіліся іх узяць. У выніку, Уладзімір прапусціў час прыёму лекаў ад ціску. Акрамя таго, мужчыне, як і іншым палітычным, не даюць ні матраца, ні коўдры.


Інфармацыя дапаўняецца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства