viasna on patreon

У Гродне пенсіянерку асудзілі да двух гадоў "хатняй хіміі" за лайк карыкатуры на Лукашэнку

2022 2022-08-23T16:46:26+0300 2022-08-23T16:46:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sud_like.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 жніўня суд Кастрычніцкага раёна Гродна вынес рашэнне па справе Таццяны Мацяеўскай, якую абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 КК.

Справу разглядаў суддзя Уладзімір Пазняк.

Вядома, што абвінавачаная родам з Абхазіі. Жанчыне 61 год, яна ўжо на пенсіі, але працуе санітаркай у мясцовым доме-інтэрнаце, дзе пра яе добра адгукаюцца і як пра чалавека, і як пра супрацоўніцу.

Таццяну Анатольеўну абвінавацілі ў тым, што 12 жніўня 2020 года і 21 кастрычніка 2021 года яна лайкнула ў "Аднакласніках" карыкатуру на Лукашэнку.

Сваёй віны жанчына на судзе не адмаўляла, пры гэтым бок абвінавачвання настаяў на тым, што гэта яшчэ і "працяглае злачынства". Нібы пасля таго, як жанчына паставіла лайк, гэтая карыкатура пачала паказвацца яшчэ і на ейнай старонцы. Падчас спрэчак гэту характарыстыку пракурор усё ж выключыў, запатрабаваўшы ў якасці пакарання для абвінавачанай 2,5 гады "хатняй хіміі".

17 жніўня суд Кастрычніцкага раёна Гродна прызнаў Таццяну Мацяеўскую вінаватай у здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 368 КК "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", аднак тэрмін пакарання прызначыў меншы за той, што прасіў бок абвінавачвання, — два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства