viasna on patreon

Жыхар Іванава ў сацсетках абвінаваціў Лукашэнку ў тэрарызме і генацыдзе — асудзілі да двух гадоў калоніі

2022 2022-08-03T18:50:00+0300 2022-08-04T09:20:57+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vkontakte.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

1 жніўня суд Іванаўскага раёна разгледзеў справу Юрыя Голіка, якога абвінавацілі ў паклёпе ў дачыненні да Лукашэнкі паводле ч. 2 арт. 367 КК.

Судовае пасяджэнне ўзначаліў Генадзь Кудласевіч. Гэты суддзя неаднаразова выносіў палітычна матываваныя рашэнні па адміністрацыйных і крымінальных справах за ўдзел беларусаў у мірных акцыях пратэсту, далучэнне да стачкамаў і нашэнне пры сабе нацыянальнай сімволікі.

Вядома, што абвінавачанаму 39 гадоў, мужчына родам з Іванава, паводле адукацыі будаўнік. Да затрымання Юрый Голік некалькі гадоў жыў і працаваў у Расіі, у Беларусі бываў у адпачынку.

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што сёлета 25 студзеня ён са свайго мабільнага тэлефона "з мэтай прыніжэння гонару і годнасці кіраўніка дзяржавы, кіруючыся нізіннымі памкненнямі" ў адной з інтэрнэт-суполак напісаў каментар пра Лукашэнку: "Устроил терроризм и геноцид в стране, еще и оккупацией занялись".

Згодна з высновамі лінгвістычнай экспертызы, гэты каментар "мае негатыўную ацэнку дзейнасці кіраўніка дзяржавы, што не адпавядае рэчаіснасці".

Абвінавачаны высунуў хадайніцтва з просьбай адправіць справу на даследаванне, бо, на ягоную думку, сведкі ўвялі следства ў зман. У прыватнасці, мужчына настаяў на правядзенні комплекснай псіхолага-лінгвістычнай экспертызы. Апроч гэтага, Юрый Голік падаў суду медыцынскія даведкі пра тое, што ягоная маці мае сур'ёзныя праблемы са здароўем, праз што мае патрэбу ва ўзмоцненым доглядзе.

Падчас разгляду справы суддзя цікавіўся ў Голіка, ці ўдзельнічаў ён у акцыях пратэсту ў Беларусі, ці хадзіў на мітынгі. Абвінавачаны адказаў адмоўна і растлумачыў, што да палітыкі ў Беларусі ставіцца нейтральна.

Са слоў Юрыя Голіка, у інтэрнэт-суполку, у якой, паводле абвінавачвання, ён пакінуў каментар пад нікам "Георгий Григорич", ён не ўваходзіць. Мужчына растлумачыў суду, што карыстаецца толькі вайберам, а дзе быў у дзень здзяйснення меркаванага злачынства — не памятае. Таксама абвінавачаны настаяў на тым, што тое самае паведамленне, якое зрабілася прадметам судовага разгляду, ён не размяшчаў. Са слоў Юрыя, хтосьці мог узяць ягоны тэлефон і напісаць штосьці ў інтэрнэце.

Суддзя Генадзь Кудласевіч
Суддзя Генадзь Кудласевіч

У якасці сведкі на судовым пасяджэнні выступалі маці, пляменніца і суседка абвінавачанага.

Маці Юрыя пацвердзіла, што да затрымання ён тры гады працаваў ахоўнікам у Расіі, жыў у інтэрнаце, часта стэлефаноўваўся з ёй праз вайбер, усяляк дапамагаў ёй. У студзені 2022 года, калі было здзейснена злачынства, паводле жанчыны, Юрый знаходзіўся ў Расіі. Маці абвінавачанага расказала, што ў вайберы Юрый Голік запісаны, як "Юра", пра палітыку ён з ёй размаўляў толькі ў кантэксце вайны ва Украіне. Казаў, што вельмі шкада загінулых дзяцей. Жанчына запэўнівала, што пра палітыку ў Беларусі яны з сынам не размаўлялі, а ў тое, што ён пакінуў абразу на адрас Лукашэнкі, яна не верыць.

Пляменніца абвінавачанага растлумачыла суду, што з Юрыем яны абменьваліся паведамленнямі і фатаграфіямі ў "ВКонтакте", але спасылак ці здымкаў на палітычную тэму ён ёй не дасылаў. Дзяўчына пацвердзіла, што пад нікам "Георгий Григорич" у інтэрнэце піша ейный дзядзька — Юрый Голік. Яна ж расказала, што сёлета ўзімку ягоная старонка ў "ВКонтакте" была часова замарожаная з невядомых прычын.

Суседка абвінавачанага Таццяна Бошка, якая таксама ўдзельнічала ў судовым пасяджэнні ў якасці сведкі, адзначыла, што ведае абвінавачанага з дзяцінства. Ад імя ўсяго дома жанчына прасіла суд не караць яго строга:

"Юра ніколі не нагрубіў і не нахаміў нікому. Да дзяцей, жывёлаў і старых заўсёды ставіцца ўважліва, ніколі нікога не падманваў, не распачынаў канфліктаў і не быў заўважаны ў дрэнных справах".

Калі жанчыне сказалі, у чым абвінавачваецца Юрый, яна пачала запэўніваць суд, што абвінавачаны на гэта не здольны:

"Ён настолькі нармальны хлопец, што не тое што п'яным, нават нападпітку не быў заўважаны. Гэта ўсё непаразуменне 100%".

Згодна з абвінавачваннем, доказам віны Юрыя Голіка з'яўляецца той факт, што падчас затрымання — гэта адбылося 2 траўня, калі мужчына прыехаў у Беларусь наведаць маці — у яго быў забраны той самы тэлефон, з якога пад нікам "Георгий Григорич" быў напісаны каментар пра Лукашэнку. Пазней следства высветліла, што незадоўга да моманту, калі з гэтага тэлефона быў напісаны той самы каментар, у вайберы з гэтай жа прылады адбылася перапіска з маці Юрыя. Паводле версіі абвінавачвання, гэта з'яўляецца доказам таго, што ў момант здзяйснення злачынства мабільны тэлефон Юрыя быў менавіта ў ягоных руках.

Абарона палічыла, што дастатковых доказаў віны Юрыя Голіка бок абвінавачвання ўсё ж не мае. Адвакат звярнуў увагу на тое, што ўзімку 2022 года старонка Юрыя Голіка, з якой быў напісаны каментар на адрас Лукашэнкі, была замарожана. І гэта значыць, што ёй маглі завалодаць зламыснікі і напісаць каментар з ягонай старонкі ў "ВКонтакте".

Падчас апошняга слова абвінавачаны настаяў на тым, што каментар пра Лукашэнку напісаў не ён.

1 жніўня суд Іванаўскага раёна прызнаў Юрыя Голіка вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч. 2 арт. 367 "Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", прызначыўшы яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму. У тэрмін адбывання пакарання суд пастанавіў залічыць тэрмін знаходжання пад вартай з 2 па 4 траўня, а таксама з 5 траўня да дня, калі прысуд набыў законную моц, пры гэтым 1 дзень знаходжання пад вартай прыраўняць да 1,5 дзён адбывання пакарання ў папраўчай калоніі. Мабільны тэлефон як сродак здзяйснення злачынства суд пастанавіў канфіскаваць у даход дзяржавы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства