viasna on patreon

Мужчыну асудзілі да чатырох гадоў калоніі паводле дыфамацыйных і "наркатычнага" артыкулаў

2022 2022-07-04T17:33:22+0300 2022-07-06T17:39:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/komment_socseti.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

4 ліпеня 2022 года ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска вынесены прысуд 35-гадоваму Віктару Уласенку. Яго прызналі вінаватым па двух дыфамацыйных артыкулах — арт. 368 і арт. 369 Крымінальнага кодэкса, — а таксама паводле арт. 328 Крымінальнага кодэкса (пры вобшуку ў яго дома была знойдзеная марыхуана для ўжывання).

Канчатковае пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму прызначанае шляхам частковага складання пакаранняў па трох артыкулах. Паводле арт. 368 Віктара асудзілі да 1,5 гадоў пазбаўлення волі, паводле арт. 369 — да года пазбаўлення волі, паводле арт. 328 — да двух гадоў пазбаўлення волі. Таксама ён мусіць выплаціць штраф у памеры 100 базавых велічынь (3200 рублёў). На момант вынясення прысуда Віктар Уласенка амаль чатыры месяцы знаходзіўся ў СІЗА — з 6 сакавіка 2022 года. Таксама ён мусіць выплаціць судовыя выдаткі — 35 рублёў 20 капеек і 1444 рублі 58 капеек. Таксама яго будуць лячыць ад наркатычнай залежнасці. На ягоную маёмасць накладзены арышт. "Змельчаныя рэчывы расліннага паходжання" — марыхуана — таксама канфіскаваныя ў даход дзяржавы.

Бок дзяржабвінавачання прасіў пакараць яго пяццю гадамі пазбаўлення волі шляхам частковага складання. Паводле арт. 368 — да 1,5 гадоў пазбаўлення волі, паводле арт. 369 — да двух гадоў пазбаўлення волі, паводле арт. 328 — да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі. Таксама пракурор прасіў абавязаць яго выплаціць штраф у памеры 200 базавых велічынь (6400 рублёў).

Прысуд вынесла суддзя Сняжана Кіндзеева. Бок дзяржабвінавачання падтрымаў старшы памочнік пракурора Андрэеў.

С месца працы мужчыны быў дасланы ліст, у якім арганізацыя прасіла суд прызначыць для Уласенкі пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі: у гэтым выпадку яны гарантавалі яму працоўнае месца. Таксама вядома, што раней абвінавачаны быў судзімы.

Вядома, што адным пацярпелым па справе прызнаны намеснік міністра МУС Мікалай Карпянкоў, якому Уласенка выплаціў тысячу рублёў маральнай шкоды. На карысць другога пацярпелага ён выплаціў 2000 рублёў. 300 рублёў былі пералічаныя ў Віцебскі спецыялізаваны дом дзіцяці. Таксама пацярпелай па справе прызнаная Наталля Качанава. У іх бок у 2021 годзе ў суполцы "Беларусь головного мозга" і "Каратели Беларуси" ён пакінуў каментары, якія зневажаюць гонар і годнасць і ўтрымліваюць негатыўную ацэнку прадстаўнікоў улады. Гэта было пацверджана лінгвістычнай экспертызай. 

Ён распавёў, што марыхуану ён ужываў для змяншэння болю, а таксама што каментары былі звязаныя з ягонай слабасцю пасля публікацыі на тэлеграм-каналах інфармацыі, якую ён не праверыў. Уласенка неаднаразова выбачыўся перад пацярпелымі. 

Абаронца не аспрэчваў абвінавачанне, але прасіў прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі, лячэнне ад наркатычнай залежнасці. Таксама ён папрасіў звярнуць увагу, што ягоным падабаронным не было здзейснена ніякіх гвалтоўных дзеянняў. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства