viasna on patreon

"Ёсць людзі, сыход якіх проста змяняе навакольны свет".  Да дня памяці праваабаронцы Барыса Звозскава

2022 2022-06-17T09:01:00+0300 2022-06-17T14:48:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zvozskau-001.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дзесяць год таму, 17 чэрвеня 2012, спынілася сэрца вялікага жыццялюба, аднаго з пачынальнікаў праваабарончага руху ў сучаснай Беларусі, стваральніка і арганізатара навучальных курсаў па правах чалавека ў Беларусі Барыса Ігаравіча Звозскава.

Інжынер-электратэхнік Барыс Звозскаў актыўна заняўся праваабарончай дзейнасцю пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. У 1996 годзе ён стаў адным з заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі "Прававая ініцыятыва". Браў удзел у стварэнні аб'яднання “Хельсінкі XXI”. Барыс Ігаравіч быў сярод ініцыятараў і актыўных удзельнікаў стварэння Беларускага Дома правоў чалавека, а 2007 па 2010 гады з'яўляўся яго прэзідэнтам. Улетку 2012 года Дому правоў чалавека прысвоена яго імя. Сёння калегі, паплечнікі і ягоныя навучэнцы дзеляцца сваімі ўспамінамі пра чалавека, якога называюць проста і дакладна – Настаўнікам.

Барыс Звозскаў.
Барыс Звозскаў на пляцоўцы па працы НДА ў АБСЕ. 2003 год.

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст, выпускнік адукацыйнага праекта праграмы Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў у Беларусі» Алег АГЕЕЎ:

– З Барысам Звозскавым я пазнаёміўся ў 2009 годзе, калі прыйшоў вучыцца на курс міжнароднага права BISH. Барыс Ігаравіч быў каардынатарам гэтага праекта.

З тых часоў я лічу яго маім Настаўнікам. Менавіта на яго прыкладзе я зразумеў, што значыць ведаць, шанаваць і жыць па прынцыпах правоў чалавека.

Барыс Ігаравіч сам быў чалавекам, які прысвяціў сябе абароне і прасоўванню правоў людзей. Ён таксама стаў адным з родапачынальнікаў беларускай школы правоў чалавека. Сам курс BISH Барыс Ігаравіч распрацаваў падчас вучобы ў Польшчы на вышэйшым курсе правоў чалавека Хельсінскага фонду па правах чалавека. Гэты праект быў яго выпускной працай, якую ён абараніў. Яго выкладчыкі не верылі, што такую адукацыйную актыўнасць можна рэалізаваць у Беларусі.

Але Барыс Звозскаў змог. Праект быў запушчаны Беларускім Домам правоў чалавека ў 2005 годзе і ўжо выпушчана 5 цыклаў выпускнікоў, большасць з якіх складаюць касцяк праваабарончага сектара грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Сам беларускі ДПЧ пасля смерці Барыса Ігаравіча быў названы ў яго гонар.

Для мяне пасля выпуску з праекта BISH стала вялікім гонарам працаваць разам з Барысам Ігаравічам. Ён узяў мяне ў сабе ў асістэнты ў сам праект BISH.

Яшчэ, дзякуючы Барысу Ігаравічу, я быў запрошаны для правядзення заняткаў у асветніцкі праект «Грамадзянін і следства», які праводзіла і праводзіць «Прававая ініцыятыва». Гэты праект у асноўным быў разлічаны на мэтавую групу "актывісты" ў рэгіёнах Беларусі. Мы з Барысам Ігаравічам аб'ехалі амаль усю краіну з гэтымі заняткамі. Самае цікавае было – гэта стасункі ў дарозе. Менавіта тады я даведаўся, што Барыс Звозскаў чалавек з надзвычай шырокім кругаглядам, адукаваны, прынцыповы і вельмі шануе справядлівасць. Асабістая гісторыя жыцця з яго вуснаў, гэта менавіта тое, што дае мне да гэтага часу арыенцір у працы. У маім імкненні не падвесці майго настаўніка і працягваць яго справу.

Яшчэ я зразумеў, працуючы з Барысам Звозскавым, што значыць быць па сапраўднаму мужным. Увесну 2012 года, калі хвароба Барыса Ігаравіча дастаўляла яму шмат пакуты і болю, ён працягваў працаваць. Працягваў ездзіць з намі праводзіць заняткі па ўсёй Беларусі, каб дапамагчы людзям. 17 чэрвеня 2012 года яго не стала.

Вечная памяць і велізарная падзяка гэта вялікаму чалавеку!

zvozskau-002.jpg
Барыс Звозскаў сярод навучэнцаў Беларускай праваабарончай школы. 2004 год.

Дырэктар Адукацыйнага дома правоў чалавека ў Чарнігаве, сябра праўлення Украінскага Хельсінскага саюза па правах чалавека, праваабаронца Сяргей БУРАЎ:

– Цяжка нешта напісаць па іншаму, чым я пісаў летась, цяжка маральна. Выдатны чалавек. Вельмі светлы і добры, у якім мяккасць ва ўзаемаадносінах з людзьмі гарманічна спалучалася з сілай і прынцыповай пазіцыяй.

Барыс зрабіў вялікі ўнёсак у праваабарончы рух Беларусі. Вельмі шмат людзей і арганізацый змаглі атрымаць абарону і прытулак у Беларускім Доме правоў чалавека, ініцыятарам стварэння якога быў Барыс і ў працу якога ён зрабіў вялікі ўнёсак. Вельмі многія людзі памятаюць Барыса як выкладчыка, навуковага кіраўніка. Разам з калегамі ён арганізаваў навучальны курс па правах чалавека для праваабаронцаў і адвакатаў BISH (Bring International Standards Home/міжнародны стандарты - у нацыянальную практыку). Напэўна ў Камітэце ААН па правах чалавека добра ведаюць пра гэты курс, таму што вельмі шмат індывідуальных зваротаў, звязаных з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі рыхтуюцца яго выпускнікамі.

Гэта барацьба за правы чалавека, якая часам не вельмі прыкметная, але якая дазваляе захоўваць упэўненасць, што ў Беларусь вернуцца міжнародныя стандарты правоў чалавека, а ўчыненыя супраць правоў чалавека злачынствы будуць пакараныя.

Светлая памяць Барыс! Мы памятаем пра цябе, сябар. Мы ўпэўненыя, што гэтая памяць дае цяпер сілы многім беларускім праваабаронцам адстойваць каштоўнасці чалавечай годнасці, свабоды і правоў чалавека ў цяжкай барацьбе.

zvozskau-003.jpg
Барыс Звозскаў і Сяргей Мацкевіч у Беларускім Доме правоў чалавека. 2006 год.

Палітзняволены старшыня Праваабарончага цэнтра “Вясна”, адзін з першапраходцаў беларускага праваабарончага руху Алесь БЯЛЯЦКІ за сваю дзейнасць амаль год знаходзіцца за кратамі. Праваабаронца неаднойчы цёплымі словамі ўзгадваў калегу. Гэтыя ўспаміны былі апублікаваныя да 70 годдзя з дня нараджэння Барыса Звозскава:

– Барыс Звозскаў быў надзейным паплечнікам, неверагодна сціплым і сумленным чалавекам. Ягоная дакладнасць і далікатнасць як у вялікіх, так і ў дробных справах заўсёды дысцыплінавалі і былі прыкладам для мяне. Хаця я часам перапыняў яго, не даваў яму выказацца да канца. Ён, як старэйшы векам і мудрэйшы, ніколі не папракнуў мяне, велікадушна дараваў маю нецярплівасць. Барыс Звозскаў вылучаўся надзвычайнай тактоўнасцю і інтэлігентнасцю. Будучы рускім па выхаванні, ён заўсёды прыхільна ставіўся да беларускай мовы і культуры і, пражыўшы ў Беларусі не адзін дзесятак гадоў, лічыў Беларусь за сваю радзіму. Усе свае інтэлектуальныя здольнасці і намаганні, свой розум і сваю душу ён укладаў у развіццё беларускага грамадства. Моцна хварэючы апошнія тры гады, ён імкнуўся не абцяжарваць сваімі прыватнымі праблемамі сяброў і знаёмых.

Кіраўнік адукацыйных праграм па правах чалавека, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі", праваабаронца Андрэй ПАЛУДА:

– Складана паверыць ў тое, што прайшло 10 год ад смерці Барыса Ігаравіча Звозскава, чалавека які праз сваю апантанасць і нястомную дзейнасць на карысць прасоўвання правоў чалавека і ідэяў выкарыстання міжнародных механізмаў для іх абароны, аказаў моцны і бясспрэчны ўплыў на увесь праваабарончы рух Беларусі. Ен надаў траекторыю прафесійнага і каштоўнаснага развіцця, якая працуе і зараз, нягледзячы на ўсе складанасці і новыя выклікі, якія паўсталі сёння як ў нашым рэгіёне, так і ва ўсім свеце.

Разам з Барысам Ігаравічам мы ладзілі адукацыйныя праграмы ў галіне правоў чалавека для праваабаронцаў, адвакатаў, юрыстаў. Працуючы побач, я і сам  працягваў вучыцца, кожны дзень, бо інакш і быць не магло. Барыс Ігаравіч быў харызматычным і глыбока адукаваным чалавекам, справа якога, заснаваная на прынцыпах універсальнасці, недыскрымінацыйнасці, на ідэях гуманізму і талерантнасці працягвае жыць далей. І будзе жыць, покуль будуць жыць ідэі, якім ён прысвяціў сваё жыццё, і людзі, якія іх падзяляюць.

Палітзняволены сябра Гомельскага аддзялення Праваабарончага цэнтра “Вясна”, у ранейшым – кіраўнік гомельскай філіі "Прававой ініцыятывы", праваабаронца Леанід СУДАЛЕНКА:

– Для мяне Барыс Ігаравіч быў не проста калегам. Ён быў сябра і настаўнік. Сыход з жыцця любога чалавека - цяжкая страта. Але ёсць людзі, сыход якіх проста змяняе навакольны свет. Утвараецца пралом, які не запоўніць. Застаецца добрая памяць пра той час, які падарыў мне сяброўства з такім цудоўным чалавекам.

Чытаць па тэме: 

У вянок памяці Праваабаронцы

Дзесяць гадоў з намі няма праваабаронцы Барыса Звозскава

Паслухаць голас Барыса Звозскава:

"Ёсць людзі, сыход якіх проста змяняе навакольны свет".  Да дня памяці праваабаронцы Барыса Звозскава

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства