viasna on patreon

Затрыманні ў Смаргоні і Віцебску, новыя "экстрэмісты": хроніка пераследу 15 чэрвеня Дапоўнена

2022 2022-06-15T08:46:00+0300 2022-06-16T07:50:37+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/shulzicki-11.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15 чэрвеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Смаргоні затрыманы мясцовы актывіст

Уладзімір Шульжыцкі

Раніцай 15 чэрвеня ў Смаргоні супрацоўнікі міліцыі затрымалі вядомага мясцовага актывіста Уладзіміра Шульжыцкага. Пакуль невядомыя ні прычына затрымання, ні месца, дзе яго ўтрымліваюць.

Пазней стала вядома, што Уладзіміра дапытвалі па справе іншага смаргонца, які ўжо адбывае пакаранне. Зараз Шульжыцкі на волі.


За кіраўніцтва экстрэмісцкім чатам затрыманы 25-гадовы віцебчук

Чат, які ставяць у віну хлопцу, быў створаны яшчэ ў 2020-м, калі ў краіне праходзілі масавыя пратэстныя акцыі. Затрыманы – Максім Собалеў, яму 25 гадоў і родам ён з Віцебска. Не так даўно ён скончыў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Машэрава, паведамляе "Віцебская вясна".

Сілавікі сцвярджаюць, што Максім некалі быў адміністратарам чата, які пасля прызналі экстрэмісцкім. Згодна з іх паведамленнем, на Максіма заведзеная крымінальная справа ў рамках якой вядуцца следчыя дзеянні.


На Берасцейшчыне яшчэ тры тэлеграм-рэсурсы прызналі экстрэмісцкімі

У якасці заяўніка ў Баранавічах на судзе выступіла Упраўленне ваеннай контрвыведкі КДБ Рэспублікі Беларусь, а ў якасці зацікаўленай асобы – Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Суддзя Жанна Капачэўская прызнала экстрэмісцкім тэлеграм-канал „HARBACEVIČ”. Таксама ў Лунінцы суддзя Кацярына Клеўжыц прызнала экстрэмісцкімі тэлеграм-рэсурс „Мікашэвічы_97”, на судзе канал названы быў тэлеграм-чатам і „Мікашэвічы_чат”, што з’яўляецца звязаным з папярэдняй пляцоўкай чатам, піша Беларускае Радыё Рацыя.


ТАА "ТУТ БАЙ медыя" прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй

Таварыства з абмежаванай адказнасцю "ТУТ БАЙ медыя" прызнана экстрэмісцкай арганізацыяй, паведамляецца ў тэлеграм-канале Вярхоўнага суда Беларусі.

"14 чэрвеня 2022 года рашэннем эканамічнага суда горада Мінска таварыства з абмежаванай адказнасцю" ТУТ БАЙ медыя " прызнана экстрэмісцкай арганізацыяй. Дзейнасць ТАА на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забараняецца, яго пастаноўлена ліквідаваць, а выкарыстанне сімволікі і атрыбутыкі "ТУТ БАЙ меды "- забараніць", - гаворыцца ў паведамленні.


Палітвязня з Чачэрска чакае новы суд

Палітзняволенага Юрыя Кавалёва з Чачэрска, які адбывае пакаранне ў калоніі № 11 у г. Ваўкавыску Гродзенскай вобласці, будуць судзіць зноў – на гэты раз за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі», піша "Гомельская Вясна". 

Юрый Кавалёў. Фота з асабістага архіва

Аб тым, што 49-гадоваму Юрыю Кавалёву пагражае яшчэ адна крымінальная справа, паведамлялася ў красавіку. У пачатку красавіка яго часова перавялі ў следчы ізалятар № 1 у Мінску, адкуль вазілі на псіхалагічную экспертызу ў Рэспубліканскую клінічную псіхіятрычную бальніцу (у мікрараёне Навінкі). У траўні  вернулі ў калонію ў Ваўкавыск.


Пінскага палітвязня Алега Рубца пераводзяць на строгі рэжым

Па інфармацыі "Берасцейскай "Вясны", 10 чэрвеня ў судзе г. Наваполацка была разгледжана справа аб узмацненні рэжыму ўтрымання пінчуку Алегу Рубцу.

Пракурор патрабаваў, каб палітвязень правеў астатнія 3 гады пазбаўлення волі не ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а строгага. Суддзя Вольга Баліка вынесла менавіта такое рашэнне.

Алег — жыхар Пінска, асуджаны да 5.5 гадоў калоніі з-за акцыі пратэсту, якая прайшла 9 жніўня 2020 году ў Пінску. Адбываў пакаранне ў наваполацкай калоніі, дзе на яго аказвалі ціск: шмат разоў ўмяшчалі ў ШІЗА, апасля адправілі ў ПКТ. Хлопца пазбівілі перадач, званкоў і спатканняў.


Мужа і жонку затрымалі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне Дзяніса і Святланы Шарамецьевых.

Ім абодвум інкрымінаваны артыкул 342 Крымінальнага кодэкса (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства